26 Апреля, 2024 Пятница

У душы гучыць Шапэн, а перад вачыма – неба з аблокамі-птушкамі…

  • 27 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    Пра цярністы шлях да музыкі і свой любімы адпачынак расказала Ала Груздзева, дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” (на здымку).Сустрэліся мы з прыемнай нагоды – імя Алы Груздзевай, педагога і завуча амаль з 25-гадовым стажам, у гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару, у гэтым жа годзе яна ўзначаліла школу мастацтваў. Калі ведаеш чалавека даўно, не чакаеш ад размовы чагосьці новага, нечаканага, аднак гэтая сустрэча навучыла: ведаць даўно – не значыць ведаць добра. Вельмі цікавай аказалася размова з жанчынай, што ідзе па жыцці з песняй. Нават на самыя асабістыя пытанні я пачула шчырыя адказы, і вялікі, такі ж шчыры дзякуй суразмоўцы за гэта.  

    Галоўны саліст у сямейным ансамблі – дзядуля!

    Дзядуля Алы Аляксандраўны, былы камандзір разведкі партызанскага атрада, і вайну, і мірнае жыццё прайшоў з песняй. І гэта была першая навіна для мяне: дзядуля нашай гераіні – Мікалай Харытонавіч Колтун, камандзір разведкі партызанскага атрада, што размяшчаўся на Хаваншчыне. Бабулю Алы Груз-дзевай, як жонку партызана, расстралялі ў часы вайны, старшая дачка ў сям’і не перажыла трагедыі і хутка памерла. Цудам выратавалі вяскоўцы маленькую Марыю. Дзіця перадалі ў партызан-скі лагер, так і расла дзяўчынка ўсю вайну ў лесе. Памяць гэтую ў сям’і Колтунаў берагуць і шануюць, дзядуля пражыў доўгае жыццё, ён памёр у 95, і сёння ўспамінае Ала Аляксандраўна, як хадзілі яны да дзеда ў госці, каб паспяваць разам. Яго песенны талент перадаўся маці нашай гераіні Марыі Мікалаеўне, добрай спадчынай быў такі талент і для Алы Аляксандраўны. Многа старых песень партызанскіх і не толькі ведаюць дачка і ўнучка. Матыў “чубчыка кучаравага” і сёння ў галаве, і так не хапае ўнучцы цяпер гэтых сямейных спеваў…

    Праз церні да прафесіі жыцця

    – Усё ў жыцці праз выпрабаванні, – так ёмка вызначыла філасофію жыцця свайго мая суразмоўца. Верце ці не верце, а ў жыцці жанчыны гэтай сапраўды шмат супадзенняў і выпрабаванняў. Ёй часта дастаецца 13 месца ў цягніку і тавар у чарзе на ёй заканчваецца, але гэта дробязі ў параўнанні са шляхам да прафесіі. У музыкальную школу яна пайшла сама, сама ж здала экзамены. Выбар інструмента быў вызначаны загадзя, на фартэпіяна іграла старшая сястра Алы Груздзевай. Таму інструмент дома ніколі не пыліўся.  

    – Жылі мы ў шматкватэрным доме, і маё навучанне ў музыкалцы супала акурат з захапленнем суседзямі-юнакамі цяжкім рокам, – успамінае жанчына. – І вось гучыць з майго акна Бах, Шапэн, а з акна наверсе рок, уяўляеце, які мікс? 

    Музыкальную школу тады ўзначальвала Тамара Міхайлаўна Любаева, настаўніца нашай гераіні. А сама школа знаходзілася каля вакзала, у цэнтры горада. З прафесіяй дзяўчына вызначылася хутка і на ўсё жыццё, аднак абодва паступленні спачатку ў музыкальнае вучылішча, а пасля ў музыкальную кансерваторыю (Мінская дзяржаўная акадэмія музыкі) сталі сапраўдным выпрабаваннем на вернасць мары і любоў да музыкі. Перад паступленнем на фартэпіяннае аддзяленне яна “перайграла руку”. Ёсць такое паняцце ў музыкантаў, урачы забаранілі іграць дзяўчыне на некаторы час. Вось гэта сюрпрыз лёсу… Ала ўспамінае дзядулевы песні і рыхтуецца да паступлення на аддзяленне харавога дырыжыравання  (акадэмічны хор). Там спатрэбіўся песенны талент дзяўчыны і ігра на любімым інструменце. Ала паступае і заканчвае вучылішча з чырвоным дыпломам. Далей, канечне, кансерваторыя. І там яшчэ жарт лёсу: упершыню ў гісторыі кансерваторыі на экзамен прыходзіць урач-фаніятар. І ён знахо-дзіць вузлы на звязках у Алы Груздзевай, прапануе прыйсці паступаць на наступны год. Залівалася слязьмі на лаўцы каля навучальнай установы мая суразмоўца. Але яна з тых, каго цяжкасці толькі загартоўваюць. У той жа год з лёгкасцю яна паступае ў педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (сёння імя М. Танка) на музыкальна-педагагічны факультэт. Тут таксама чырвоны дыплом. Свая магія і ў працаўладкаванні ў жанчыны. Так, яшчэ падчас размеркавання ў вучылішчы ёй прапанавалі працаваць у вёсцы Любішчыцы Івацэвіцкага раёна. Ала паступала далей, скончыла інстытут – і зноў туды размеркаванне, але Ала едзе з мужам у Расію. Працуе некаторы час там, але на Ра-дзіму цягнула, прыязджае з мужам расіянінам у Івацэвічы – і няма месца ёй у горадзе. Ёсць вакансія толькі ў Любішчыцах. “Ад лёсу не ўцячэш”, – падумала Ала Аляксандраўна і паехала ў вёску, што так даўно клікала. 

    Без малога, на восем гадоў затрымалася наша гераіня ў Любішчыцах. Палюбіла месца, ад якога так уцякала, з часам узначаліла сельскую музычную школу, адкрыла філіялы ў Яглевічах, Стайках і Падстарыні – жыла музыка ў 90-я ў сёлах. І з дзецьмі праблем не было, і грошы былі. Нават не хацела пасля ісці ў горад на пасаду намесніка дырэктара – так цёпла сустрэла яе Любішчыцкая зямля. Ды і вучняў пакі-даць не хацелася. 

    Калі пераехала ўсё ж педагог у Івацэвічы, адна з вучаніц да яе з Любішчыц на заняткі ездзіла. Гэта Вольга Ступак. Бацькі, каб вазіць дачку ў горад, здалі бульбу і машыну купілі.  Не прагадалі – Вольга сёння салістка ансамбля “Бацька Атаман” і з гастролямі нядаўна была ў нашым райцэнтры. Настаўніца слухала вучаніцу ў зале і ганарылася ёй. 

    Дарэчы, ёсць у гераіні асаблівы талент запаліць дзяцей творчасцю, штогод яна рыхтуе да паступлення па некалькі чалавек. Нікога не адгаворвае, бо сама любіць сваю прафесію. Сёння вучацца ў музычным каледжы яе выхаванцы Яна Свірыдава, Марыя Бакавец, Ангеліна Мазалеўская і грыгорый Кот. плануе прысвяціць жыццё музыцы і выпускніца будучага года Ліза Міскевіч, удзельніца музычных конкурсаў. Дарэчы, Ліза Міскевіч, Ганна Рапінчук і Анастасія Ляўчук сёння здзіўляюць сваім талентам міжнароднае журы, а пачыналі “конкурсную” справу з педагогам былыя вучаніцы Яна Свірыдава і Таццяна Швед. Не шкадуе часу і сіл настаўніца для сваіх падапечных.

     – Калі гаварыць  пра работу з дзецьмі, дык яна ва ўсім: ад канцэртнага касцюма і выхаду на сцэну да паклону, – расказвае Ала Аляксандраўна. – А ўвогуле, я ніколі не гляджу выступленні маіх дзяцей у зале. Я заўсёды за кулісамі, без маіх натхняльных слоў і позірку яны не выходзяць на сцэну. Нават на міжнародных конкурсах настаўнік побач.

    Дарэчы, толькі за гэты год у скарбонцы Алы Груздзевай і яе выхаванцаў каля трыццаці дыпломаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў!

    Пытанні-бліц не аб прафесіі, яны асабістыя, і гэта, лічу, важны штрых у партрэце жанчыны, чыё імя сёння сярод лепшых работнікаў у раёне.

    Бліц-апытанне:  

    – Ці спяваеце Вы дома і што слухаеце ў вольны час?

    – Спяваю рэдка, толькі калі рэпецірую. Падпяваць магу тэлевізару або аўдыёпіяніна, на якім запісаны любімыя песні. Увогуле, люблю гук у доме, уключаю музыку, як толькі на парозе з’яўляюся. Сучаснае амаль не слухаю – шукаю памылкі між волі, а іх бывае шмат. Люблю класіку, яна бессмяротная, паважаю Шапэна.

    – Хто чакае Вас дома пасля працоўнага дня?

    – Дома я забываю пра ноты і інструмент, на-дзяваю фартух і балую прысмакамі любімых мужа Андрыяна і сына Ілью, праўда, абодва мае мужчыны зараз далёка. Муж працуе ў Маскве, сын – студэнт. Калі іх дома няма, мая кампанія – гэта сабака і акварыумная рыбка. Дарэчы, сабака прыйшоў у наш двор сам і застаўся жыць. Я яго прыняла, з той пары сябруем.

    – Калі загаварылі пра гатоўку, што асабліва смачнае выходзіць з-пад рук творчай гаспадыні?

    – Муж кажа, любіць усё, што прыгатуе жонка. Ну, таму ёсць тлумачэнне – у Маскве яго не песцяць хатняй ежай. Гатую ўсё, у мяне ж мужчыны, іх трэба добра накарміць. Аднак мой канёк  – гэта тарты. Пяку і сёння на кожны дзень нараджэння сына, і на Новы год яшчэ. Ох, і любяць мае іх! 

    – Калі адпачынак, то які ён?

     – Выхадны ў тыдні адзін, таму гэта для мяне раскоша. І выспацца хочацца, і прыбраць двухпавярховы дом, і ў садзе папрацаваць, і проста паглядзець на неба ўвечары. Вы часта глядзіце на неба? Гэта наш любімы занятак з сястрой. Калі яна прыязджае з Расіі, абавязкова цягне мяне ў двор на арэлі глядзець на неба і аблокі. А яны такія прыгожыя бываюць, як птушкі белыя…

     Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)