20 Апреля, 2024 Суббота

Неўміручая скарбніца беларускай спадчыны

  • 27 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    У аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў чацвёрты раз прайшоў фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Для такога маштабнага свята ў свой час Ляскавічы былі выбраны не выпадкова, паколькі менавіта Прыпяцкае Палессе да нашых дзён захавала рысы самабытнай культуры палешукоў – народныя святы, абрады, фальклор, рамёствы, прычым у незвычайна багатым выглядзе.

    У свяце прынялі ўдзел захавальнікі палескіх этнічных традыцый міжрэчча Прыпяці, Ствігі і Гарыні, госці з Расіі, Польшчы, Украіны, Малдовы, Літвы, аматарскія і прафесійныя калектывы і салісты, знакамітыя землякі-палешукі. У ліку ганаровых гасцей – старшыні Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў Анатоль Ліс і Уладзімір Дворнік, міністры культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і Лілія Ананіч.

    У праграме фестывалю этнакультурных традыцый былі канцэртныя выступленні творчых калектываў, кірмаш палескіх рамёстваў, конкурсы рэгіянальных падворкаў, кожнае з якіх было прадстаўлена ў вы-глядзе сельскай вуліцы з вызначанай назвай, выставы-прэзентацыі найбольш цікавых сацыяльна-культурных праектаў і многае-многае іншае.

    Не засталася ў баку ад гэтага грандыёзнага мерапрыемства і Піншчына. Багатую культурную спадчыну нашага раёна прадставілі ўдзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Чабатухі» Сташанскага сельскага Дома фальклору, ансамбль народнай музыкі і песні «Суседзі» (вв. Пласкінь, Дабраслаўка), майстры-захавальнікі народных традыцый Баяна Караткова, Наталля Шэмеціла, Святлана Новак, Ала Гаўрусік, Ларыса Быцко, Алёна Багдановіч, Сяргей Сувораў, а таксама вядучыя і выканаўцы Святлана Стасевіч, Таццяна Гетман, Святлана Сінькевіч, Жанна Мухароўская, Сяргей Лабандзіеўскі, Ірына Багдановіч, якія пакарылі гледачоў майстэрствам, запалам і весялосцю.

    Галоўная задумка фестывалю – гэта нацыянальныя тэматычныя падвор’і, дзе творчыя калектывы прадставілі фрагменты старадаўніх летніх і восеньскіх каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў і абрадаў. Была складзена адна палеская вёска з васьмі вуліц, змест якіх адпавядае назве: «Багатая вуліца», «Вуліца Пакроўская», «Вуліца Кірмашовая», «Вуліца Вясельная» і г.д. Пінскія палешукі гасцінна дэманстравалі землякам і гасцям свята свае старадаўнія традыцыі і культуру на «Вуліцы Гасціннай». Як сапраўдныя гасцінныя гаспада-ры, пінчукі сустрэлі ганаровых гасцей свята двума караваямі: для берасцейцаў і гамяльчан. Вуліца Гасцінная цалкам адпавядала сваёй назве: тут можна было пакаштаваць нацыянальныя паляшуцкія стравы: бабку, бліны, сала, прасяную кашу ў чыгуне, традыцыйныя саленні, медавуху і мёд ад пчаляра Мікалая Качаноўскага… Прыцягнулі ўвагу гасцей работы народных умельцаў: ткачоў, бортнікаў, майстроў па пляценні з лазы і саломы, па дрэве, беларускай вышыўцы, вязання пруткамі і кручком ды іншыя. Тут жа працавала танцавальна-забаўляльная пляцоўка і выязны гандаль Пінскага раённага спажывецкага таварыства. Да позняга вечара шматлікія госці свята, мясцовыя жыхары і прыезджыя не пакідалі валоданні вуліцы Гас-ціннай...

    А тым часам урачыстасці праходзілі і на галоўнай фестывальнай сцэне. Двойчы на яе падымаліся нашы «Суседзі», і кожнае іх выступленне гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі і крыкамі «брава!». На гэтай жа сцэне адбылася і цырымонія ўручэння ўзнагарод за ўдзел у фестывалі. Такую ўзнагароду атрымаў і Пінскі раён. Дыплом і карысны падарунак з рук намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Прывалава атрымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Людміла Галавач.

    У рамках фестывалю ўручылі памятныя знакі «Ганаровы паляшук». Гэтае званне ў ліку іншых прысудзілі і старшыні СВК «Фядорскі» Рыгору Дзямко са Століншчыны.        

    Да самай ночы ў Ляскавічах кружыў вір фестывалю. З кожнага кутка фестывальных вуліц даносіліся заліхвацкія песні, працавалі шматлікія гандлёвыя кропкі, танцавальныя пляцоўкі. Усё, што было прадстаўлена гледачам і гасцям свята творчасцю прафесійных і самадзейных артыстаў, народных умельцаў, – яшчэ адна асаблівая і непаўторная, унікальная і памятная старонка гэтага грандыёзнага мерапрыемства, мэта якога – захаваць тое, што засталося ад продкаў – неўміручую скарбніцу беларускай спадчыны.

    Автор: Виолетта ПодлужнаяПолесская правда

Комментарии (0)