19 Апреля, 2024 Пятница

Слуцкі пояс на кроснах сучаснасці

  • 29 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    Слуцкі пояс з’явіўся на свет напрыканцы 1750-х гадоў. У Слуцку князь Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька стварыў фабрыку па вытворчасці паясоў – персіярню. На ёй працавалі персы і туркі, аднак пазней работнікаў для персіярні набіралі з жыхароў Слуцка і Слуцкага княства. Асаблівага росквіту фабрыка дасягнула пад кіраўніцтвам вядомага мастака-тэкстыльшчыка Яна Маджарскага (Аванэса Маджаранца). Менавіта ў гэты час быў створаны той тып поясу, які атрымаў назву «Слуцкі пояс».

    Далікатныя колеры, вытанчаныя ўзоры, пералівы ззяючых залатых і сярэбраных нітак… Не аднойчы бачыла старажытны Слуцкі пояс і кожны раз быццам упершыню – захапленне! Ёсць у гэтай прыгажосці штосьці загадкавае, магнетычнае і ў той жа час вельмі роднае, блізкае. Яркі талент, майстэрства старажытных слуцкіх ткачоў вызначаюць Слуцкі пояс – культурны феномен сусветнага ўзроўню, брэнд нацыянальнай культуры. Як жа цудоўна, што ён знайшоў увасабленне ў сённяшнім часе: на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Слуцкія паясы», дзе адроджаны выраб копій Слуцкіх паясоў, выпусцілі іх ужо 120.

    «…Заміж пярсідскага ўзора цвяток радзімы васілька»

    – Случчане, канечне, памятаюць, што ў 2012 – 2013 гадах у выніку маштабнай рэканструкцыі, можна сказаць, другое нараджэнне атрымала наша прадпрыемства, – нагадвае дырэктар РУП «Слуцкія паясы» Ларыса Іванаўна Тарасава. – Рэканструкцыю праводзілі ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Слуцкія паясы» па аднаўленні тэхналогій і традыцый вытворчасці Слуцкіх паясоў і развіцця нацыянальнай сувенірнай прадукцыі (2012 – 2015 гады), якая была ініцыіравана Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Выдатныя вытворчыя і бытавыя памяшканні «Слуцкіх паясоў», цудоўны музей гісторыі Слуцкага пояса, кафэ, памятны знак «Адраджэнне Слуцкага пояса» і скульптура «Ткач»… Гэта далёка не поўны пералік рэальных вынікаў унікальнага праекта. Галоўны з іх – вытворчасць копій Слуцкіх паясоў.

    Копіі Слуцкіх паясоў вырабляюць на эксклюзіўным абсталяванні, у свеце больш няма такога, зробленым на вядомай фірме «Магеба» ў Германіі. Першую копію Слуцкага пояса выткалі ў снежні 2013 года. Яе падарылі Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, наш пояс цяпер захоўваецца ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Канечне, сучасная копія Слуцкага пояса ёсць і ў музеі прадпрыемства, які актыўна наведваюць случчане і госці нашага горада.

    – Памятаеце радкі з верша Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»: «І тчэ, забыўшыся, рука заміж пярсідскага ўзора цвяток радзімы васілька», – гаворыць Ларыса Іванаўна. – Слуцкі пояс – адлюстраванне душы, любві случчан, нашых продкаў да роднага краю, Беларусі. Вельмі важна, што пры вырабе копій Слуцкіх паясоў да тонкасцяў захаваны ўзоры старажытных паясоў, распрацаваны і ўкаранёны 14 малюнкаў, а ўсяго асвоены выпуск каля 50 відаў копій Слуцкіх паясоў. Яны  выкананы ў колерах старажытных узораў: карычневых, бэжавых, зелянцовых, светла-ружовых і іншых. Копіі Слуцкіх паясоў ёсць ужо не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Казахстане, Германіі, іншых краінах.

    У фармаце мадэрнізацыі

    Прыемна адзначыць, што прадпрыемства «Слуцкія паясы» развіваецца, праводзіцца вялікая работа па мадэрнізацыі вытворчасці. У прыватнасці, у рамках праграмы па мадэрнізацыі абноўлена абсталяванне прадзільна-ткацкага цэха: набылі два станкі-аўтаматы бельгійскай вытворчасці «Picanol» – з раміза-пад’ёмнай карэткай і жакардавай машынай. Як адзначыла Ларыса Іванаўна Тарасава,  на гэтыя мэты выкарыстана каля пяці мільярдаў недэнамінаваных рублёў Банка развіцця Рэспублікі Беларусь і Інавацыйнага фонду. На новых станках выпускаюць прыгожыя пакрывалы, пледы, тканыя сталовыя камплекты, іншую прадукцыю. На гэтых станках распрацавалі і асвоілі выраб прадукцыі 150 новых малюнкаў. Мадэрнізацыю абсталявання на прадпрыемстве працягнуць у наступным годзе: плануюць набыць машыну для набіўкі папулярных у пакупнікоў лялек з тканіны, а таксама станок для вырабу набіўкі для падушак.

    Калектыў «Слуцкіх паясоў» слаўны руплівымі, стараннымі работніцамі, таленавітымі майстрыхамі, працуе стабільна, прыбыткова, у прыватнасці, за сем месяцаў гэтага года атрымалі 590 мільёнаў недэнамінаваных рублёў чыстага прыбытку, аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склаў 120,4 працэнта. Як лічыць кіраўнік прадпрыемства, поспех у сучасных эканамічных умовах вызначае  мабільнасць вытворчасці: магчымасць хутка пераарыентавацца на выраб запатрабаванай прадукцыі. Асартымент РУП «Слуцкія паясы» вельмі разнастайны: ручнікі, пледы, пакрывалы, коўдры, сурвэткі і многае іншае. Прынамсі, спецыльна да 900-годдзя Слуцка на прадпрыемстве падрыхтавалі багата разнастайных сувенірных вырабаў. Вельмі прыгожыя!

    Автор: Наталья СЕЛЕЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)