26 Апреля, 2024 Пятница

Каларытная прыгажосць

  • 03 октября 2016 Культура Беларуская 0

    Юбілейнае пятае раённае фальклорнае свята «Уваравіцкі кірмаш» атрымала ў Год культуры магчымасць прадэманстраваць прывабнасць Будакашалёўшчыны.

    Яно прыняло гасцей з Гомеля, Гомельскага і Веткаўскага раёнаў. Гэта звязана з тым, што мерапрыемства, якое праходзіць у гарадскім пасёлку, атрымала статус адкрытага. Само свята пачалося ў 12 гадзін, і менавіта да гэтага часу падаспелі большасць прысутных гледачоў. У сувязі з умовамі надвор’я асноўная святочная пляцоўка разгарнулася ў гарадскім Доме культуры, але першае, што сустракала гледачоў, – гандлёвыя аўталаўкі і харчовыя павільёны. Гандляры сельгаспрадпрыемстваў, раённага спажывецкага таварыства, фермерскай гаспадаркі прапаноўвалі шырокі выбар свежых гародніны і садавіны, хлебабулачныя вырабы, гарачыя напоі і многае іншае.

    Прайшоўшы ва ўстанову культуры, можна было трапіць на выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Асаблівай увагі заслугоўвалі яркія ўборы, прычым як прысутных, так і ўдзельнікаў мерапрыемства. А сама экспазіцыя прадстаўленых работ ўключала многае: пачынаючы ад вырабаў з плеценай саломы і заканчваючы хусткамі і ручнікамі. Але і гэта было яшчэ не ўсё, падмацоўвала каларытны дух гасцінная атмасфера. І калі вы туды патрапілі, то вас ужо сапраўды сустракалі як самага ганаровага госця і без усмешкі на твары не адпускалі.

    У зале гарадскога Дома культуры разгарнулася творчае спаборніцтва ў двух намінацыях: беларускія гульні і абрады. Вось тут і пачалося самае цікавае; а менавіта ўдзельнікі разыгралі абрадавыя дзеянні «Вячоркі», «Багач», «Яблачны Спас», «Бабіна каша» і «Троіца». Паміж імі гледачам дэманстравалі традыцыйныя гульні, у якія гулялі нашы продкі – «Косы», «Чыгункі», «У мост», «Вуглы». 

    Разам з тым, усю гэтую каларытную прыгажосць ацэньвалі не толькі гледачы, але і кампетэнтнае журы. Такім чынам, па выніках іх сумеснай працы дыпломам другой ступені ў конкурсе абрадаў узнагароджаны  Камунараўскі Дварэц культуры і Буда-Люшаўскі СДК. У намінацыі «Беларуская цацка» першае месца дасталася Віталю Карпінскаму (Уваравіцкі ГДК), які спецыяльна да фальклорнага свята змайстраваў цацку з няпростым механізмам. Трэцяга месца ў выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўдастоены Ганна Хамянкова (г. Ветка), майстры Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, сям’я Тарасавых (г. Гомель), Таццяна Сталярова (Акцябрскі СДК). Другое месца ў Таццяны Дзегцяровай (г.п. Уваравічы) і Губіцкага сельскага дома рамёстваў. А лепшай у выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці прызнана Людміла Кавалёва (Веткаўскі раён), менавіта дэлегацыі з гэтага раёна падораны пераходны прыз.

    Можна з упэўненасцю сказаць, што падобныя мерапрыемствы не толькі фарміруюць дух нацыі, але і ажыццяўляюць дзейнасць, накіраваную на адраджэнне і развіццё нацыянальнай культурнай спадчыны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкай творчасці. А гэта ў час інфармацыйных тэхналогій вельмі важны кірунак.

    Автор: Раман ВЕЖНАВЕЦАвангард

Комментарии (0)