03 Мая, 2024 Пятница

Хлопцы чыталі не кнігі, хлопцы чыталі рэп

  • 05 октября 2016 Культура Беларуская 0

    Пяты  рэгіянальны фестываль сучаснага маладзёжнага мастацтва «ART-HOUSE» прайшоў у маладзечанскім Палацы культуры.

    Асабіста мне было цікава пачуць, як баксёр, удзельнік алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Дзмітрый Асанаў чытае рэп, пазнаёміцца з васьмігадовым мінчанінам Ільёй Жукаўцом, чэмпіёнам Беларусі і Усходняй Еўропы па брэйк-дансе ў сваёй узроставай катэгорыі. А яшчэ пагаварыць з вядомым рэп-выканаўцам, музыкантам Сяргеем Комарам (творчы псеўданім KамаZ), які займаецца прадзюсіраваннем і апрацоўкай музыкі для творчых праектаў Алёны Ланской, Аляксандра Саладухі, Макса Каржа, групы «План Эвакуацыі», а таксама «Фабрыкі зорак».

    На фестывалі Сяргей Комар працаваў у складзе журы. Ён высока ацаніў арганізацыю маладзёжнага фестывалю і саму ініцыятыву Палаца культуры праводзіць такое нефарматнае мерапрыемства.

    — Хіп-хоп культура накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця, далучэнне да спорту, танцаў, музыкі. Для дасягнення сваёй мэты трэба прыкласці нямала намаганняў, адмовіцца ад шкодных звычак. Добрая фізічная падрыхтоўка ідзе толькі на карысць. Гэта вельмі здорава, што прыхільнікі крэатыўнай маладзёжнай творчасці маюць магчымасць знаёміцца, удасканальвацца, рознабакова праяўляць сябе. Я з задавальненнем прыняў прапанову прыехаць у Маладзечна і пацікавіцца, чым захапляецца сучасная моладзь, — адзначыў субяседнік.

    А тым часам Палац літаральна… стаяў на галаве: брэйк данс — самы экстрэмальны від хіп-хопа — быў адным з чатырох конкурсаў. Эмоцыі кіпелі і на пляцоўках, дзе праходзіла барацьба ў намінацыях «рок», «рэп», «бітбокс». Усяго больш за 120 удзельнікаў, прадстаўнікоў лепшых музычных і танцавальных каманд Беларусі, прынялі ўдзел у маладзёжным фестывалі. Акрамя маладзечанцаў свае таленты паказвалі госці са сталіцы і ўсіх абласных гарадоў, а таксама Новаполацка, Кобрына, Смаргоні, Барысава, Пінска, Светлагорска...

    Тое, што «молодость – это секрет и загадка, это бензин, что горит без остатка», гледачы яшчэ раз пераканаліся ў час гала-канцэрта. Ён распачаўся выездам на сцэну на… байках вядучых праграмы Паўла Данілава і Лізаветы Зянько. Раскрыць галоўную інтрыгу конкурснага дня яны запрасілі членаў журы кожнай намінацыі. Прыемна, што лепшым рэперам стаў маладзечанец Антон Грыгор’еў. На яго думку, рэп-культуру трэба як мага больш папулярызаваць, ствараць у горадзе пляцоўкі, ажыццяўляць праекты.

    — Вельмі важна пачуць ад журы аб’ектыўную крытыку і, вядома, жаданыя словы «якія вы крутыя!», — прызнаўся Антон.

    Бітбокс (імітацыя музычных інструментаў) лічыцца адным з элементаў хіп-хоп культуры. Сярод членаў журы былі заснавальнік першага і самага буйнога беларускага бітбокс-таварыства Арсеній Кугейка, адзін з пачынальнікаў гэтага напрамку ў нашай краіне Аляксандр Залескі, а таксама маладзечанец Міхаіл Кляпец, якога называюць майстрам галасавых звязак. Памятны дыплом, кубак пераможцы ў намінацыі «бітбокс» і грашовы прыз паехалі ў Смаргонь. У брэйку мацнейшымі былі мінчане. Спецыяльны прыз за арыгінальнасць і тэхнічнасць дастаўся канкурсанту з Любані. Пераможцу ў рок-намінацыі — групу «Планета ўсіх» з Вілейкі — павіншаваў прадзюсар, заснавальнік фестываляў «Рок-каранацыя» і «Рок па вакацыях» Юрый Цыбін. Ён прыгадаў, што ў свой час менавіта на сцэне Палаца культуры былі каранаваныя лепшыя беларускія рок-выканаўцы.

    Удзел у фестывалі прынялі юныя танцоры харэаграфічнага ансамбля «ВіЗаВі», група NAVI, дыскатэчную праграму вёў папулярны сталічны дыджэй Nevskiy.

    Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.

    Автор: Людміла ЦАР.Маладзечанская газета

Комментарии (0)