25 Апреля, 2024 Четверг

"Залатая восень"

  • 10 октября 2016 Культура Беларуская 0

    Пад хуткімі крокамі навукова-тэхнічнага прагрэсу мяняецца час, мяняюцца і норавы. Нязменнай каштоўнасцю эпох застаецца толькі сам чалавек. І ў кожнага з нас ёсць свой момант жыцця, калі лёс дае шанец паказаць тое, на што ты здольны. Адной з такіх магчымасцяў стаў фестываль-конкурс, арганізаваны раённым Саветам дэпутатаў «Залатая восень».

    Галоўныя мэты дадзенага праекта – падтрымка сацыяльнага статусу сталага чалавека, развіццё і захаванне мастацкай творчасці, маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення на прыкладзе старэйшага і прапаганда культурных традыцый і сямейных каштоўнасцяў. Для зручнага і найбольшага ахопу сам фестываль быў падзелены на тры этапы, кожны з якіх уключаў наступныя намінацыі: «Давайце пазнаёмімся!», «Я – самабытная!», «Я – творчая!» і «Я – народная!» 

    ПЕРШЫ ЭТАП

    Першы этап конкурсу праходзіў у Шырокаўскім сельсавеце. Ён сабраў шмат гасцей, але галоўнымі дзеючымі асобамі былі самі ўдзельніцы. Пазнаёмімся з імі. Мясцовы сельсавет прадставіла Любоў Марчанка, Ліпініцкі – Алена Спасібава, Мікалаеўскі – Ала Ільюшчанка, Рагінскі – Таццяна Рыпінская, а Людміла Ягорава і Таццяна Сталярова – Акцябрскі.

    Што тычыцца самога творчага конкурсу, усё пачалося ў фае Дома культуры, дзе былі прадстаўлены розныя выставы рукадзелля гаспадынь, рамёстваў і хатніх нарыхтовак па народных рэцэптах у рамках намінацыі «Я – народная!» Далей конкурс праходзіў у зале, дзе канкурсанткі распавядалі пра сябе, дэманстравалі старабеларускія касцюмы, спявалі і чыталі вершы.

    Удзельніца з Шырокаўскага сельсавета, напрыклад, прадставіла квашаную капусту, грыбы і розныя салаты. Асаблівую ўвагу прыкоўваў яе імправізаваны вожык, зроблены з кабачка і садавіны. Дарэчы, Любоў Марчанка, акрамя ўсяго іншага, паведаміла пра тое, што любіць кветкі і вышыўку, а свой вольны час траціць на мастацкую самадзейнасць.

    Наступная ўдзельніца – Людміла Ягорава – здзівіла тортам, па-майстэрску ўпрыгожаным крэмавымі ружамі. На яе стале былі як розная выпечка, так і вялікая колькасць дароў, сабраных са свайго агарода. Гэта сведчыць аб тым, што жанчына не толькі любіць сваю зямлю, але і выкарыстоўвае яе з розумам.

    Таццяна Сталярова прадставіла карціны вышыўкі, і ўзровень гэтых работ сапраўды здзіўляў. Вершы, людзі, жывёлы знайшлі сваё адлюстраванне ў працах прадстаўніцы з Акцябрскага сельсавета. Акрамя гэтага, у яе яшчэ ёсць і падсобная гаспадарка.

    Алена Спасібава разыграла са сваёй унучкай імправізаваную сцэнку, ды і не адну. У адной з іх бабуля, адказваючы на пытанні, распавядала пра нацыянальную кухню, прыгатаваную ў той вечар ёю, у другой – аб нацыянальных касцюмах. Каларыту дадавала тое, што ўсе гэтыя міні-нумары былі пастаўлены на роднай мове. Акрамя таго, удзельніца з Ліпініцкага сельсавета атрымала бурныя апладысменты залы пасля выканання старабеларускай песні.

    Завяршыла выступленне першага этапу Таццяна Рыпінская. На яе стале красаваліся сала, квашаная капуста, вінаград, яблыкі і іншае. Жыхарка Рагінскага сельсавета заражала ўсіх сваім пазітывам і невычэрпнай энергіяй. Больш таго, яе артыстычнасць разумна спалучалася з добрым пачуццём гумару. А з прэзентацыі аб сабе гледачы даведаліся, што канкурсантка, акрамя любові да спеву, многае надае рукадзеллю.

    Асобна трэба адзначыць намінацыю «Я – самабытная!», у якой кожная з удзельніц вылучалася па-свойму, а прадстаўленыя погляду беларускія касцюмы здзіўлялі. Дзякуючы конкурсу прысутныя пазнаёміліся з найважнейшымі элементамі нацыянальнага адзення, характэрнага для кожнай мясцовасці. А самае цікавае тое, што некаторым рэчам было больш за 100 гадоў, яны перадаюцца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне.

    ДРУГІ ЭТАП

    Восень жыцця – узрост спелых і мудрых людзей. Менавіта з гэтых глыбокіх слоў пачаўся другі этап фестывалю-конкурсу, які праходзіў у Губіцкім сельскім Доме культуры. На гэты раз склад удзельнікаў быў наступным. Ірына Валчкова прадстаўляла Губіцкі сельсавет. Як даведаліся з конкурсу, у яе вялікая і моцная сям’я – трое дзяцей і трое ўнукаў. Больш таго, сама канкурсантка поўная талентаў. Але адным з самых яркіх у яе з’яўляецца вышыванне. Гледзячы на вышытыя ёю ручнікі, разумееш, якая карпатлівая праца стаіць за кожным з іх, бо складанасць узораў і арнаментаў захапляе.

    – Хто любіць зямлю, той галодным не застанецца, – адзначыла наступная ўдзельніца Надзея Салаўёва (Кашалёўскі сельсавет). І па колькасці пачастункаў на яе стале разумееш, што зямля для яе – прыярытэт, бо стол у гэтай жанчыны быў адзін з самых багатых. Чаго толькі там не было: закаткі, грыбы, бліны, гародніна, садавіна і многае іншае. Асабліва здзівілі кавуны, якія, не зважаючы на памеры, вырашчаны не на замежнай зямлі, а на роднай. Мала хто ведае, што Надзея Салаўёва раней жыла ў вялікім горадзе, але жыццё звязала яе з сельскай мясцовасцю. І, як аказалася, нездарма, удзельніца з поспехам спраўляецца са сваім зямельным участкам, а стол – таму пацвярджэнне. Трымае яна немалую падсобную гаспадарку. Да таго ж у гэтым шалёным рытме жыхарка Шарыбаўкі знаходзіць час і для спеваў, што паспяхова яна прадэманстравала глядзельнай зале і журы.

    Пазнаёміўшыся з Зінаідай Пакатылюк (Марозавіцкі сельсавет), адзначаеш: канкурсантка поўная жыццёвай энергіі. На выставе хатніх нарыхтовак у яе былі прадстаўлены як закаткі, так і выпечка, а самае ганаровае месца сярод усяго займаў «вязаны» пірог. Акрамя таго, жанчына падзялілася тым, што вельмі любіць шыць. А доказам таму сталі рэчы, якія яна ахвотна прадэманстравала: хатні халат, вясельная сукенка, лёгкі джэмпер. Дарэчы, выглядалі яны не горш, чым у краме. У намінацыі «Я – творчая!» удзельніца з Марозавіч ашаламіла ўсіх сваім танцам. Ва ўзросце 68 гадоў яна танчыла настолькі бадзёра і энергічна, што маладому пакаленню можна было пазайздросціць.
    Што адметна, у праекце ад Патапаўскага  сельсавета   ўдзельнічаў мужчына – Мікалай Васіленка. Яго выстава была прадстаўлена фатаграфіямі як вядомых людзей нашай краіны, так і простых жыхароў раёна. Паказваючы  дадзеную  экспазіцыю, мужчына распавёў пра тое, як быў  зроблены той ці іншы здымак і што ён для яго значыць. Удзельнік пры ўсёй сваёй неардынарнасці ўмела кантактаваў з залай, а ў адным са сваіх нумароў у міні-віктарыне разыграў салодкі прыз. Пры ўсім гэтым ён паказаў сябе як чалавек творчы, а ў адной з намінацый зачытаў вершы нашага паэта-земляка Барыса Адашкевіча.

    Лідзія Брэднева (Чабатовіцкі сельсавет) – удзельніца-ўсмешка, яе стол быў поўны розных закатак: агуркі, таматы, квашаная капуста. Паказваючы іх, жанчына дзялілася рэцэптамі і сакрэтамі іх падрыхтоўкі. А ў творчым конкурсе яна так пранікнёна выканала песню «Пагавары са мною, мама», што многія ў зале не стрымалі слёз. Аднак не толькі гэтым здзівіла ўсіх канкурсантка. У намінацыі «Я – самабытная!» яна прадставіла старабеларускі касцюм чатырох пор года: зіма, вясна, восень, а лета было апранута на ёй.

    ТРЭЦІ ЭТАП

    Завяршальны і выніковы этап фестывалю-конкурсу атрымаўся адным з самых яркіх і маштабных. У кожнай з ужо вядомых намінацый удзельніцы пакарылі сэрцы гледачоў і журы. Розныя пачастункі на любы густ, яркія і каларытныя беларускія касцюмы і ручнікі, звонкія галасы і рытмічныя танцы – усё гэта аб’яднаў апошні дзень праекта «Залатая восень».

    Любоў Максіменка – адна з удзельніц, якая прадстаўляла Гусявіцкі сельсавет, – першай прадэманстравала сваё хобі – вышыванне і вязанне. Ім, дарэчы, яна захапляецца са школьных гадоў. Менавіта на конкурсе жанчына і прадставіла сваю самую першую вышыўку. Таксама ўвагу журы прыцягнула невялікая, але вельмі цікавая елачка, якая, па словах Любові Максіменкі, зроблена яе ўнучкай. Дарэчы, у жанчыны двое дзяцей: сын і дачка. Ёсць і падворак: куры, парасяты і іншая жыўнасць. Напэўна, актыўны вобраз жыцця і дазваляе ёй не старэць душой, так молада выглядаць і быць добрым чалавекам з творчай душой.

    Фестываль-конкурс адкрываў кожную жанчыну з асаблівага боку: хтосьці ўражваў спевамі ці танцамі, а вось Ала Дзегцярова паўстала чароўнай жанчынай і ўмелай гаспадыняй. На яе стале былі закаткі, пірагі, дэкаратыўны карабель з садавіны і кабачка, грыбная паляна і іншае. Больш таго, усё ўпрыгожана ў адпаведнасці з праектам – кляновым лісцем і галінкамі рабіны. А сама канкурсантка паўстала ў вобразе восені, расказаўшы пры гэтым пра свай родны Камунараўскі сельсавет. І нават у выкананай ёю песні былі радкі пра жыццё ў вёсцы.

    Узоўскі сельсавет прадставіла жанчына з глыбокай жыццёвай гісторыяй – Людміла Кірпічова. Яна паведаміла гледачам і журы пра каханне, пра паездку на “Поле цудаў”, пра тое, што яе заўсёды цягнула ў неба. Дарэчы, гэта мілавідная жанчына, хай і не канчаткова, але ажыццявіла мару, скокнуўшы тройчы з парашутам. Пры гэтым яна з’яўляецца сапраўднай гаспадыняй, а да таго ж і траўніцай. Піжма, эхінацея, палын, святаяннік, крываўнік – на яе стале быў прадстаўлены самы шырокі выбар траў. А песня «Ручнікі» замацавала выступленне канкурсанткі.

    Найвышэйшы ўзровень вышыўкі пацвердзіла ўдзельніца з Уваравіцкага сельсавета Ларыса Якіменка. Яна адзначыла, што рукадзеллем займалася не толькі яе бабуля, але і маці. Сама ж Ларыса спрабавала сябе ў гэтай справе, але па-сапраўднаму ім захапілася каля двух гадоў таму. Дзіўна і неверагодна, што, здавалася б, за такі кароткі тэрмін жанчына змагла зрабіць многае. За яе плячыма не адзін касцюм, у якіх выступаюць прадстаўнікі ўваравіцкай самадзейнасці. Акрамя таго, журы і гасцям яна тлумачыла і пра складанасць дадзенага працэсу, і пра элементы, характэрныя для іх населенага пункта. Гэта ёй добра вядома, бо Ларыса Якіменка, хоць і не нарадзілася ў гарадскім пасёлку, але жыве там ужо 34 гады. За гэты час яе талент не раз знаходзіў адлюстраванне ў дзейнасці населенага пункта. Так, жанчына з’яўляецца ўдзельніцай танцавальнага калектыву бытавога танца «Ойра». І навык яе харэаграфіі не раз быў адзначаны як на раённым, так і на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Пацвердзіла яна гэта рознымі танцамі і ў час конкурсу, за што і атрымала бурныя авацыі прысутных.

    Цікавыя закаткі і ўзвары, ружы з рэдзькі, імправізаваныя лебедзі – гэтым уразіла Валянціна Фёдарава. Прадстаўляла яна Крыўскі сельсавет, і, варта прызнаць, годна. Уменне ўпрыгожыць стол – гэта яе канёк. Больш таго, яна і шые, і выразае для сябе розныя ўборы. Дома ў яе немалая гаспадарка: козы, куры, качаняты і іншае. Таксама жанчына любіць спяваць і танцаваць, складаць вершы, што і пацвердзіла ў сваім нумары.

    Апошняя з удзельніц Лідзія Гудкова таксама прадстаўніца Крыўскага сельсавета. Яе стол быў поўны ўраджаю, сабранага са свайго агарода, толькі грыбочкі жанчына збірала ў мясцовым лесе. Дарэчы, яна заўсёды магла пахваліцца сваёй гароднінай, з якой аб’ездзіла ўвесь Савецкі Саюз. Яшчэ Лідзія Гудкова захапляецца вышыўкай, саломкай, бісерам, свае вырабы прадставіла і ў гэты вечар. У намінацыі «Я – творчая!» жанчына расказала адну з гумарыстычных гісторый свайго жыцця, тым самым пацвердзіўшы, што яна чалавек не толькі актыўны, але і вельмі вясёлы.

    – Тры конкурсныя дні праекта «Залатая восень» у чарговы раз пераканалі ў тым, што самае каштоўнае – гэта самабытны і каларытны чалавек, бо сёння ўдзельнікі пацвердзілі гонар за беларускія касцюмы, за свае майстэрства і рукадзелле, захапленне гаспадарчымі нарыхтоўкамі. Кожны з канкурсантаў быў па-свойму яркі і разнастайны, пры гэтым іх аб’ядноўвалі бляск у вачах і добры настрой, якім яны заразілі ўсіх нас. Менавіта таму вызначыць лепшых было адной з самых складаных задач, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна.

    Аднак пераможцы раённага фестывалю-конкурсу «Залатая восень» усё ж такі былі вызначаны. Так, у намінацыі «Я – самабытная!» перамагла Алена Спасібава (Ліпініцкі сельсавет), у намінацыі «Я – народная!» – Ала Дзегцярова (Камунараўскі сельсавет), а «Я – творчая!» – Ларыса Якіменка (Уваравіцкі сельсавет). Журы адзначыла і цудоўнасць, весялосць, творчасць, самабытную каларытнасць па асобных намінацыях Зінаіды Пакатылюк (Марозавіцкі сельсавет), Алы Ільюшчанкі (Мікалаеўскі сельсавет), Таццяны Рыпінскай (Рагінскі сельсавет), Валянціны Фёдаравай (Крыўскі сельсавет).  

    Разам з тым, прайграўшых у праекце не засталося, бо кожны ўдзельнік атрымаў індывідуальны прыз ад старшынь сельскіх Саветаў, а да таго ж і шквал авацый. І варта прызнаць – па праву, бо старанні, творчасць і настрой гэтых людзей заслугоўваюць самых высокіх слоў падзякі, павагі і прызнання.

    Автор: Раман ВежнавецАвангард

Комментарии (0)