01 Июня, 2026 Понедельник

Зберагчы спадчыну Палесся

  • 12 октября 2016 Культура Беларуская 0

    У вёсцы Мерчыцы 7 кастрычніка адбылася адметная для нашага раёна падзея – тут адкрыўся Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся». Ён уяўляе сабой сапраўдны музей, дзе сабраны ўнікальныя прадметы побыту і народных рамёстваў палешукоў. Сімвалічна, што новы сацыяльны аб’ект адчынілі ў Год культуры і напярэдадні прафесійнага свята культработнікаў. Адкрыццё Цэнтра стала магчымым дзякуючы падтрымцы Пінскага райвыканкама.

    Ідэя стварэння Цэнтра ўзнікла ўжо даўно. У Пінскім раёне культура прызнаецца адным з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа. Народныя святы і абрады, непаўторны фальклор, самабытныя рамёствы, нацыянальны касцюм, кухня Піншчыны – усю гэту багатую спадчыну неабходна захаваць, адрадзіць і, вядома, запрасіць пазнаёміцца з ёй гасцей. З гэтай мэтай і быў створаны Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту ў вёсцы Мерчыцы, які стаў базай для размяшчэння і захавання прадметаў сялянскага побыту, народных промыслаў продкаў жыхароў рэгіёну.

    Работнікі культуры ўсяго раёна працягам года збіралі прылады працы, прадметы быту, вырабы майстроў і нематэрыяльную спадчыну – абрады, песні, мясцовыя звычаі, гульні, рэцэпты страў і многае іншае. Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту размясціўся ў будынку былой Мерчыцкай школы, які быў капітальна адрамантаваны. На гэтыя мэты было выдаткавана 101392,7 беларускіх рублёў. Рамонтна-будаўнічыя работы праводзілі УСП «СПМК-33», УСП «СПМК-30», УП «СПМК-5», УП «СПМК-11», УСП «СПМК-35», ЧУПТП «Стеклолит» г. Кобрын, ОАО «Трэстстандарт». І вось, нарэшце, пасля аднаўлення будынка сабраны матэрыял быў размешчаны тут, у Мерчыцах.

    Новы культурны аб’ект, як адзначыў намеснік старшыні Пін-скага райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі, атрымаўся цікавым, мнагапрофільным, інтэрактыўным. Ён сабраў усю самабытную культуру нашай любімай Піншчыны, і цяпер сюды можа прыехаць моладзь – не толькі паглядзець, як жылі нашы продкі, але і паўдзельнічаць у рэканструкцыі песень, абрадаў, навучыцца ткацтву і другім рамёствам. Няма сумненняў, што Цэнтр будзе запатрабаваны і ў замежных турыстаў, якія змогуць бліжэй пазнаёміцца з жыццём палешукоў.

     – Над стварэннем Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту працавалі ўсім раёнам, таму выказваю словы падзякі работнікам культуры за збор экспанатаў для музея. Вельмі значную падтрымку нам аказаў Пінскі райвыканкам – атрымаўся цудоўны падарунак жыхарам Піншчыны. Гэта толькі пачатак працы Цэнтра, першыя крокі, ідэй на будучае па захаванні культуры, звычаяў, абрадаў вельмі многа. Тут плануецца арганізацыя выстаў народных умельцаў, фальклорна-гульнявых праграм, народных святаў, семінараў, пленэраў, форумаў з удзелам фальклорных калектываў, – адзначыла кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Людміла Галавач.

    Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку было прадастаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Іосіфу Гузічу, намесніку старшыні Пінскага райвыканкама Дзмітрыю Палхоўскаму і кіраўніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміле Галавач.

    У Цэнтры культуры і побыту «Спадчына Палесся» адчынены шэсць залаў, у якіх размешчаны больш чым 200 экспанатаў. Гэта сплеценыя з лазы вырабы – кошыкі, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, прылады для лоўлі рыбы; прылады з дрэва; зала ткацтва, у якой наведвальнікі пабачаць ткацкія станкі і іншыя прылады для апрацоўкі тканіны, вясельныя, побытавыя, абрадавыя, святочныя рушнікі; зала ганчарных вырабаў; зала нацыянальнага касцюма, у якой размешчаны адзін з унікальных экспанатаў – вясельная сукенка даваеннага часу; экспазіцыя хаты селяніна-палешука.

    Пасля ўрачыстай цырымоніі святочная праграма працягвалася. На адкрытай пляцоўцы работнікі ўстаноў культуры раёна прадставілі праект «Культурная вёска». Каля дваццаці яркіх упрыгожаных тэматычных хат – «Фестывальная», «Гульнёвая», «Жартоўная», «Музычная», «Абрадная», «Фальклорная», «Танцавальная», «Традыцыйная», «Спеўная» і іншыя – запрашалі гледачоў. На кожным падворку была падрыхтавана свая ўнікальная праграма, гасцей чакалі песні, гульні, конкурсы, абрады, танцы і, канешне, смачныя стравы народнай кухні.

    Адбыўся вялікі канцэрт, прысвечаны Дню работнікаў культуры. Са сцэны гучалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, ганаровых гасцей, лепшыя работнікі былі ўзнагароджаны граматамі і пісьмамі падзякі. Гэта кіраўнікі ўстаноў культуры, метадысты, настаўнікі школ мастацтваў, балетмайстры і акампаніятары, мастацкія кіраў-нікі, бібліятэкары, касцюмеры і гукарэжысёры. Сярод узнагароджаных дырэктар раённага Дома рамёстваў Таццяна Вакуліч, дырэктар Красічынскага СДК Уладзімір Карпук, дырэктар Валішчанскага СДК Людміла Сярэдзіч, дырэктар Кашавіцкага СДК Аляксандр Яхнавец, калектыў работнікаў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, педагагічны калектыў Аснежыцкай дзіцячай школы мастацтваў, настаўнік па класу фартэпіяна Пінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Жук, настаўнік па класу баяна Аснежыцкай дзіцячай школы мастацтваў Валянціна Тумко, калектыў работнікаў Лагішынскай гарпасялковай бібліятэкі і многія іншыя.

    Автор: Наталья МилевскаяПолесская правда
    Теги: 

Комментарии (0)