29 Марта, 2024 Пятница

Які сувенір прывезці з сядзібнага дома паноў Ленскіх?

  • 17 октября 2016 Культура Беларуская 0

    Сувеніры мы выбіраем часта: літаральна пры кожным «аб'екце», які мае «лаўку», пераглядаем-перамацваем ледзь не ўсё. А купляем што-небудзь рэдка. Так рэдка, што гліняны кубак са свістулькай-птушкай, якая сядзіць на ручцы, спусціўшы цікаўную дзюбку ў прывідны напой, цэлы тыдзень не мог знайсці сабе месцейка ў хаце: то стаяў на палічцы перад глінянай днушкай з пазнакай «Нясвіж», то з талеркай з Ружан «перамаўляўся», то знаёміўся з дудуткаўскім ветраком… Так бывае з дарагім госцем, якога не ведаеш куды пасадзіць. Далёка не кожнае падарожжа, нават вельмі цікавае, завяршаецца гэткім набыткам. А здавалася б, проста кубак.

    Хоць, калі казаць пра посуд, пачынаць лепш з відэльца. Аздоблены літарамі Е і L (па-нашаму — Эльжбета Ленская), ляжыць ён у кутняй шафе ў адным з пакояў сядзібнага дома Ленскіх, што на рацэ Суле. Гэта, можа, за якія два дзясяткі кіламетраў ад Дзяржынска ў бок Івянца. Як прынята казаць, «у маляўнічым» і чамусьці «кутку» (які куток можа быць у абшару?), паміж вёскамі Рубяжэвічы і Целяшэвічы. Ведаеце, якім адчуваннем суправаджаецца траплянне ў гэтае месца? Наўрад ці змагу перадаць, але паспрабую. Стагоддзе быццам цяперашняе, але як хто перанёс у яго антураж найбольш слаўнай мінуўшчыны і тыя рамантычныя акалічнасці, ад якіх пры чытанні старых раманаў трымціць душа. Прызнайцеся, што і вам часам хочацца, каб было «як тады», але каб не зніклі пры гэтым нікуды сучасныя зручнасці. Тут так і ёсць! І атрымліваецца не вандроўка ў часе і не пагружэнне ў мінулае, а нешта больш жаданае і значнае — быццам захавана ўсё найлепшае ад колішніх эпох. Але ж вернемся да відэльца.

    Ён дэманструецца падчас кожнай экскурсіі, прысвечанай гаспадыні, — і сам відэлец, і кутняя шафа, а яшчэ напаўкруглая камода, самаробны абрус на ёй, старадаўнія падсвечнікі, велічнае распяцце і некалькі іншых прадметаў, што ствараюць цяпер экспазіцыю. Рэчы, спадарства, ператвараюцца ў экспазіцыю, патрэбную людзям, толькі тады, калі праходзяць праз гісторыю. Гэтыя прадметы былі раздадзены Эльжбетай Ленскай жыхарам Рубяжэвіч у якасці ўзнагароды за іх любоў да яе. І вярнуліся да гаспадыні, калі дом яе ператварыўся ў музей. Стандартная, здавалася б, гісторыя. Ды ведаеце, далёка не кожная экспазіцыя пакідае аб сабе такое ўражанне, з якім не расстацца да наступнага дня, і тым больш не кожная вандроўка вяртаецца ў снах. Вандроўка ў сядзібу Ленскіх прысніцца і вам, я ўпэўнена.

    Ці чулі вы, як пры аповедах пра гаспадароў тых сядзіб, што з розных прычын ператвораны ў музеі, голас экскурсавода на піку эмоцый дрыжыць і як быццам зрываецца? Ці бачылі, як на вочы экскурсавода, які, вядома ж, далёка не ўпершыню сваю прамову кажа, набягаюць здрадніцкія кропелькі? Ці шмат вы ведаеце экскурсаводаў, якія ў музейнай прасторы дэманструюць прадметы з уласнага збору? Ці назіралі работу чалавека як найвялікшую асалоду і шчасце? Калі хоць бы на адно пытанне вы адказалі «не», то ў сядзібе Ленскіх вы яшчэ не былі. І значыць, вам туды трэба. Скажам іначай: вам трэба туды, дзе на плечы апусціцца мяккае воблачка, а па скуры пабяжыць цеплыня.

    Мы, спадарства, як я сказала, у музеі, размешчаным у сядзібным доме паноў Ленскіх герба Астоя. Я ўжыла тут «паноў» нездарма. Перад самым домам стаіць камень, на ім шыльда, на шыльдзе літары, у літарах — сэнс, цана і разуменне таго «панства»: маўляў, на гэтым месцы стаяў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя сядзібны дом (партэрны класіцыстычны, у плане чатырохвугольны, крыты чатырохсхільным гладкім гонтавым дахам, калі чытаць Рамана Афтаназы), але ў 1939-м ён быў узарваны «як сімвал прыгнёту працоўных». І вось што важна: «Дадзены знак усталяваны як памяць пра добрыя справы Ленскіх і як настаўленне нашчадкам, каб не дапусцілі паўтору трагічных старонак гісторыі».

    Гаспадыня сядзібы, узарванай у якасці сімвала нейкага там прыгнёту, — ціхмяная пані Эльжбета, адзіная сястра сярод братоў, з якіх адзін мастак, другі палкоўнік, трэці трымаў у Мінску гатэль «Гарні», чацвёрты заснаваў крухмала-патачны завод «Сокал», які ператварыўся пасля ў «Крышталь», і меў дачыненне да заснавання шклозавода «Нёман». Пані Эльжбета па мужу Васілеўская, але аўдавела так рана, што і да прозвішча не паспела прывыкнуць. Прынамсі, вядомая ўсім як Ленская, хіба на помніку магільным — Васілеўская. І вось гэтая пані, аўдавеўшы, пасялілася ў доме бацькоў. А калі памянялася ўлада і дом узарвалі, яна пакорліва жыла ў звычайным дамку ў Рубяжэвічах. І такім светлым была чалавекам, што калі ўладам захацелася адправіць яе ў ссылку як «класава чужы элемент», нічога ў іх не атрымалася: вяскоўцы за сваю пані заступіліся, што называецца, як мае быць, бо была яна ім не чужая. Паміраючы, яна раздала ім усе свае рэчы — на памяць за такую адданасць. І вось цяпер мы разглядваем тыя рэчы пад аповед Рамуальды Сабалеўскай, якая сабрала іх і стварыла калекцыю. Ці мала такіх артэфактаў мы перабачылі ў сваіх вандроўках, ці мала яшчэ іх пабачым? Але памыляецца той дылетант, які думае, што пасля пэўнай колькасці пабачаных камодаў і шаф, падсвечнікаў і відэльцаў усе яны робяцца аднастайнымі. Усё якраз наадварот: праз кожную рэч, якая камусьці належала, душой дакранаешся да душы. Мо гэта пафасна для кагосьці прагучыць, але тут ужо не я вінаватая, а той, каму ў прапісной ісціне чуецца нейкі там пафас.

    Сула, спадарства, — месца цудоўнае. Адноўленыя будынкі кузні, канюшні, лядоўні, свірна, калёснай майстэрні, млына, вартавой вежы і дома аканома ствараюць антураж і вяртаюць акалічнасці шчаслівай, упэўненай і беспакутнай мінуўшчыны, дзе ўсё было як мае быць.

    … А я б, ведаеце, хацела ў мясцовай «лаўцы» пры касе (называецца «Рэцэпцыя») набыць сабе (у кампанію да кубка) сувенірны відэльчык з манаграмай той высакароднай добрай пані, сядзібу якой мы не прамінулі наведаць адной слаўнай восеньскай нядзелькай. Падарожжы, спадарства, працягваюцца. Бо які «несезон», калі столькі навокал цікавага?!

    Рамантыкам

    Сядзібны дом Ленскіх, дзе размешчаны музей, знаходзіцца на тэрыторыі так званага парка гісторыі «Каралеўская асамблея Сула». Уваход на тэрыторыю парка па квітку коштам 6 рублёў азначае неабмежаванае на ёй знаходжанне і ўжо аплачаную магчымасць наведаць музей, паслухаць экскурсію, паглядзець экспанаты, праехаць на брычцы, праплысці па рацэ на ладдзі вікінгаў, убачыць пахавальню і кромлех. Тут можна бадзяцца ўвесь дзень, бо ў страўні «Вясёлы Пан» для кожнага, у каго завуркоча ў страўніку, знойдзецца порцыя дранікаў ці свініны з бульбяной скарынкай.

    Паслядоўнікам

    Магілу Эльжбеты Васілеўскай з дому Ленскіх трэба шукаць на Рубяжэвіцкіх могілках, але гэта пакуль. У Ленскіх ёсць капліца-пахавальня, якую двойчы разбуралі і збіраюцца ўзнаўляць з тым, каб прыняла гаспадыню на вечны спакой. Наведайце гэтую раскошную калісьці ратонду, што сёння ў руінах, як-небудзь у цёмны час сутак: гэта не байка пра прывіды, гэта іншае. Там пабачыце...

    Буркатанне сварлівай цётачкі

    Гэтым разам «наеду» на шыльды, каардынаты і навігатары (даруй, Арчыбальд). Хто сказаў, што калі мястэчка мае славутасць у выглядзе помніка гісторыі ці культуры, то ўсе ведаюць, дзе яна ў гэтым мястэчку знаходзіцца? Ну, калі б на ўездзе ў мястэчка ў мозг падарожніка ўсвідроўвалася (праз спадарожнікавую сувязь ці як яшчэ) беспамылковае веданне, куды і калі паварочваць, тады было б добра. Але ж не ўсвідроўваецца. І ніводны знак не пакажа табе напрамак (бо некаму было шкада той знак паставіць), і ты накручваеш кіламетры, каб трапіць у знакаміты палац, а знаходзіш яго выпадкова, бо навігатар твой або зусім ужо… (перагрэўся), або — яшчэ адна праблема — не верыць каардынатам. Чаму так?.. Між іншым, дарогі, што вядуць да сядзібы ў Суле, спрэс пазначаны — не заблукаеш.

    Автор: Святлана ДзянісаваЗвязда

Комментарии (0)