Вясна ў зямлю пасадзіла, лета дожджыкам умыла, а восень шчодра адарыла. Сабраны ўраджай, цёпла ў хаце… А вечары доўгія, сонечныя праменьчыкі — рэдкія. Самы час для селяніна ўздыхнуць пасля напружанай пары ды праводзіць багатую восень да наступнага года.
Зіму нашы продкі сустракалі 14 лістапада, услаўляючы Кузьму і Дзям’яна, заступнікаў сямейнага ачага, рамёстваў, а па-народнаму — «куратнікаў» і «кашнікаў». Не проста на свае вочы ўбачыць, але і актыўны ўдзел у адроджаным свяце прыняць запрасілі жыхароў Полаччыны арганізатары Кузьмінак у Зялёнцы. Сустракала гасцей урачыстая саламяная арка ды руплівыя гаспадынькі, што тут і ссыпкі наладзілі. Каманды з сельсаветаў раёна шчодра звінелі манеткамі ў спецыяльны гарбуз. Згадзіцеся, такога гарбуза атрымаць — вельмі прыемна! (Крыху пазней ён і дастаўся лепшай камандзе).На далейшым шляху ўдзельнікаў суправаджалі музыкі ды высцілалі сцежку лісцем маладыя зялёнкаўцы. Тут ужо прыйшлося гасцям і лепшае падвор’е вызначыць, і паскакаць ад душы, і кемлівасць прадэманстраваць: адшукаць працяг вядомых прыказак ды прымавак. «Работа не воўк, у лес не збяжыць — таму яе, акаянную, рабіць і трэба», — дружна дэкламавалі каманды. Так, напрацаваліся — трэба і падсілкавацца. Кухары Зялёнкаўскай школы з любоўю нагатавалі бутэрбродаў з салам, курнікаў, булёну ды кашы па народных рэцэптах — атрымалася смачна, сытна, па-святочнаму.А з-за столу госці свята трапілі на сапраўдныя Кузьмінскія вячоркі, дзе былі і чароўная яечня, і сапраўдныя цуды. Кузьмінкі — свята дзявочае, таму тэатральныя прадстаўленні самадзейных акцёраў былі пра сям’ю, каханне, вернасць. Можна было і высмяяць тое, што нельга сказаць у вочы. «А чым мы горш за продкаў?» — спыталі сябе артысты Зялёнкаўскага тэатра мініяцюр і прымусілі народ рагатаць да слёз.
Кузьмінкаўскія гульні«Тут свята Зялёнага краю — Кузьмінкі вітаюць сяброў!». Гімн Кузьмінкаўскіх гульняў напісаў Васіль Граноўскі. Пад кампазіцыю ўрачыста ўзнялі адмысловую эмблему, і пачалося самае цікавае.Прадстаўнікі каманд і кур лавілі, і лялек у капусце шукалі ды буслу ў дзюбу клалі, і імправізаваных коней запрагалі, і дровы калолі… І добрым малайцам справа знайшлася, і краса-дзяўчынам, і бабкам непаседлівым, і мужам жанатым. Аж горача стала на ўзгорку, нягледзячы на надвор’е.На Кузьмінкі праходзілі і агледзіны, і знаёмствы, і заляцанні — нездарма Кузьма і Дзям’ян лічацца «вясельнымі кавалямі». Вось і на зялёнкаўскіх Кузьмінках без цалаванняў не абыйшлося. Калі спачатку юнакі і дзяўчаты крыху саромеліся, то потым так адчулі смак, што і не разняць было.А галоўным жаніхом на свяце быў, вядома, Кузьма. Дакладней, ягонае пудзіла. Растрасалі саламяных лялек весела, шумна — ды не проста, а каб потым на гэтай саломе танчыць да ўпаду. Тое, што засталося, спалілі на вялізным вогнішчы разам з усімі бедамі, хваробамі, цяжарамі. І сагрэла полымя лагодным цяплом кожнага госця зялёнкаўскай зямлі.Шчодрую ж восень праводзілі ўсёй вёскай у дальні шлях. Праехала тая на драбінах, падаравала ўсмешку, памахала на развітанне…
Хто на кані? Па добрай кузьмінкаўскай традыцыі самага паспяховага, удачлівага, слаўнага добрага справамі сажалі на каня. З’явілася драўляная жывёла і ля святочнай сцэны. Чым не п’едэстал гонару?І лепшым удалося асядлаць каня. «Кузьмінкаўскіх спраў майстрам» (конкурс на лепшае падвор’е) вызначыўся Ветрынскі сельсавет. А вось выбраць лепшае саламянае чучала журы аказалася не пад сілу — таму «Пігмаліёнам саламянай Галатэі Кузьмінкаўскай» прызнаны ўсе каманды.Самая ўбраная каманда — «Раскошная чацвёрка Кузьмінкаўская» — прыехала з Саланіцкага сельсавета, «Зоркай Кузьмінкаўскай танцпляцоўкі» стала каманда Маласітнянскага сельсавета. А чэмпіёнам Кузьмінкаўскіх гульняў стала каманда Зялёнкаўскага сельсавета. Перамога перамогай, але радасць ад удзелу ў Кузьмінках ва ўсіх удзельнікаў была самай сапраўднай: «Дзякуй вялікі ўсім арганізатарам. Свята сапраўды ўдалося!». Падзякавала калегам, якія прывезлі каманды, не спалохаўшыся дажджу, і старшыня Зялёнкаўскага сельсавета Ала Лапановіч. А свята зладжана і стала незабыўным намаганнямі супрацоўнікаў Зялёнкаўскіх сельскага Дома культуры і сярэдняй школы, што выступілі і аўтарамі сцэнарыя, і рэжысёрамі дзеі, і гасціннымі гаспадарамі. Павіншаваць удзельнікаў спяшаліся лепшыя творчыя ансамблі Полацкага раёна: «Мельніца», «Фярцінка», «Полацкія россыпы».
Запрашаем!— Адмыслова запрасілі на свята загадзя, каб 14 лістапада кожны, каму спадабалася, мог правесці Кузьмінкі ў сябе, — адзначае галоўны рэжысёр падзеі Алена Фурс. Рыхтуючыся да прэзентацыі праекта, зялёнкаўцы вывучылі традыцыі і далучылі сучасныя элементы. Бо для нашых продкаў гэтае свята было раўназначным з Масленіцай, Купаллем, але за апошнім часам падзабылася.Што для старажытных полацкіх сялян значыў Кузьма-Дзям’ян? Што складанасці ў мінулым, што перазімаваць можна бязбедна: і дзеўка замуж пойдзе, і печ застанецца цёплай, і кашы хопіць удосталь. Хай дзякуючы адроджанай у Зялёнцы традыцыі на Полаччыне так і будзе!

Комментарии (0)