19 Апреля, 2024 Пятница

Археолаг Пятро Лысенка — пра сакрэты ўдалых знаходак

  • 18 октября 2016 Культура Беларуская 0

    Гэты чалавек — жывая легенда. Доктар гiстарычных навук, прафесар Пятро ЛЫСЕНКА спрычынiўся да адкрыцця ўнiкальнага археалагiчнага гарадзiшча ў Бярэсцi. Ён даследаваў старажытныя Тураў, Давыд-Гарадок, Слуцк, Пiнск, Клецк. Дзякуючы яго намаганням у Бярэсцi i Тураве адкрыты археалагiчныя павiльёны-музеi — тыя месцы, дзе таямнiцы, што паўсталi з зямлi, можа свабодна ўбачыць наведвальнiк. Нядаўна Пятро Фёдаравiч адзначыў 85-гадовы юбiлей. Карэспандэнты «Звязды» сустрэлiся з iм не толькi, каб павiншаваць, але i распытаць пра знаходкi, што ў свой час сталi сапраўднымi сенсацыямi.

    — Кажуць, што старадаўняе Бярэсце, знойдзенае пры вашым удзеле, — сапраўдная Троя для Беларусi...

    — Спынiцеся. Не для Беларусi. А для ўсяго сусвету! Больш такога няма нiдзе. У Старажытнай Русi, згодна з летапiсамi, было 414 гарадоў. Прыблiзна 95% з iх археолагi ўжо даследавалi. Аднак такой захаванасцi драўляных пабудоў больш нiдзе не выяўлена. Гэта ўнiкальна не толькi для Беларусi. Але i для Польшчы, Германii, Швецыi — тых краiн, дзе падчас археалагiчных раскопак даследавалася дрэва. Наш выпадак — адзiны ў свеце.

    — Дзякуючы чаму дрэва так добра захавалася? Гэта ўдача цi пэўная заканамернасць?

    — Мы даследавалi парэшткi 224 дамоў XI — XIV стагоддзяў. Таму, што яны ацалелi, ёсць пэўнае тлумачэнне. Горад стаяў на заходняй мяжы старажытнарускiх княстваў з Польскiм каралеўствам. Польскiя феадалы былi ахвотнiкамi наязджаць на старажытнарускiя гарады, рабаваць, нешта захоплiваць з сабой. Асноўным багаццем тагачаснага насельнiцтва была свойская жывёла. Яе, вядома, трымалi ў наваколлi горада. Але з-за наездаў польскiх феадалаў-рабаўнiкоў нанач скацiну заганялi ўнутр гарадскiх умацаванняў. Пасля яе, вядома, заставаўся гной. Санiтарнай ачысткi гарадоў у той час не iснавала. Увесь бруд быў на тэрыторыi старажытнага горада. Утваралiся цэлыя слаi гною. Яны не прапускалi атмасферны кiсларод, якi акурат i з'яўляецца вiноўнiкам разлажэння драўнiны. Дрэва, iзаляванае ад паветра, захоўвацца значна лепш. Так атрымалася, што слой гною, пачынаючы з XIII стагоддзя, дасягнуў вялiкiх памераў — дзесьцi 2 — 2,5 метра. Ён нарастаў усё больш, паглынаючы спачатку нiжнiя вянкi драўнiны, затым сярэднiя, а ў некаторых выпадках даходзiў i да верху жылых пабудоў. Такi працэс i стаў прычынай захаванасцi. Драўляныя пабудовы выкарыстоўвалiся для жыцця толькi 30—50 гадоў. За гэты час збiраўся слой, якi паглынаў iх поўнасцю. Калi дамы немагчыма было выкарыстоўваць, паверх iх будавалi новыя. У культурным пласце Бярэсця (дарэчы, правiльна казаць менавiта Бярэсце — такая форма ўжываецца ў летапiсах) налiчваецца 12—13 такiх драўляных ярусаў.

    — Нiдзе ў свеце такога няма?..

    — Давайце прыгадаем старажытны Ноўгарад Вялiкi. Там даследаваннi вядуцца ўжо амаль восем дзесяцiгоддзяў. Раскапана 2000 пабудоў. Аднак асноўная iх колькасць захавалася толькi на адзiн нiжнi вянок. Радзей на два; а на тры — выключны выпадак. Рэшткi пабудоў на два-тры вянкi выяўлены пры раскопках старажытных Менска, Полацка, Вiцебска, Слуцка, Турава, Пiнска. Аднак такога, як у старажытным Бярэсцi, няма нiдзе. Такiх выпадкаў не сустрэнеш у свеце, бо ў Паўднёвай Еўропе будаўнiцтва вялося з каменю. Таму гэта гарадзiшча сапраўды ўнiкальнае.

    — У Бярэсцi вы зрабiлi яшчэ адну сенсацыйную знаходку. Гэта жаночы грабеньчык з накрэсленым на iм алфавiтам...

    — Асаблiвасць напiсання лiтар можна датаваць прыблiзна XII стагоддзем. Аднак грабеньчык быў не толькi прыладай для расчэсвання валасоў — ён меў значэнне i падручнiка! Гэта буквар старажытнарускага кiрылiчнага алфавiта. Таму ён захоўваўся больш ашчадна i, пэўна ж, перадаваўся ад аднаго пакалення да iншага.

    — Алфавiт, накрэслены на жаночай прыладзе XII стагоддзя, — гэта з'ява яскрава сведчыць пра традыцыi нашай нацыi. Мажлiва, мы насамрэч былi больш дасведчаныя, чым прывыклi думаць пра сябе?

    — Гэты грабеньчык мае вельмi вялiкае значэнне. Па-першае, алфавiт на iм напiсаны кiрылiцай, што сведчыць пра праваслаўныя традыцыi тагачаснага насельнiцтва. Па-другое, тагачасныя жыхары вывучалi граматыку, пiсьменнасць распаўсюджвалася нават сярод нiжэйшых праслоек мясцовага грамадства.

    — Можна быць упэўненымi, што грабеньчык належаў менавiта прасталюдзiнцы, а не князёўне, з-за таго, што знойдзены ён у драўляных пабудовах?

    — Так, князёўна, верагодна, карысталася больш далiкатнымi рэчамi i жыла ў больш шыкоўных умовах. А княскiх харомаў пры нашых раскопках не выяўлена. Ён знойдзены акурат у тых кварталах, дзе жыло звычайнае гарадское насельнiцтва.

    — У Бярэсцi мы можам убачыць цудоўны старажытны археалагiчны павiльён. Аднак i мемарыял Брэсцкай крэпасцi, што размяшчаецца побач, збудаваны на месцы старажытнага горада. Ёсць прыхiльнiкi таго, каб гэта частка была таксама музеефiкавана — як помнiк археалогii. Як вы ставiцеся да такой думкi?

    — Старажытныя гарады заўсёды складалiся з трох частак: дзядзiнец (або крэмль), да яго прымыкаў так званы навакольны горад, а за яго межамi — гарадскi пасад. Дзядзiнец акурат даследаваны i музеефiкаваны (драўляныя дамы. — Аўт.). А цытадэль Брэсцкай крэпасцi знаходзiцца на месцы навакольнага горада — мы даследавалi яго i асаблiвых каштоўнасцяў там не знайшлi. Таму няма патрэбы i абгрунтаванняў яго музеефiкацыi.

    — Вы актыўна даследавалi таксама i старажытны Тураў. Раскажыце, чым ён цiкавы?

    — Тураў, як i Полацк, быў сталiцай асобнага княства: адно ўплывала на паўднёвыя, другое — на паўночныя землi. Тураўскае княства займала ў Старажытнай Русi даволi значнае месца. Напрыклад, у XI стагоддзi iснавала вялiкае Кiеўскае княства, што аб'ядноўвала ўсе ўсходнеславянскiя княствы. Кiеўскi князь меў спадчыннае права, якое iшло ад продкаў. За стагоддзе там змянiлася шэсць князёў, з iх тры — былi тураўскiя. Вiдавочны вялiкi ўплыў гэтай зямлi. Пры падзелах Тураўскае княства давалася аднаму са старэйшых сыноў — гэта таксама пацвярджае, што яно было адным з найбольш важкiх старажытных княстваў. Варта прыгадаць, што менавiта там знойдзена першая беларуская кнiга — Тураўскае Евангелле. Гэтаксама i наш першы пiсьменнiк — Кiрыла Тураўскi — з гэтай зямлi.

    — Ёсць меркаванне, што яскравых сведчанняў пра слаўнае мiнулае Турава захавалася мала. Навука археалогiя проста не паспела даследаваць: многае было схавана пад новабудоўлямi i асфальтам. Цi пагодзiцеся?

    — Справа ў тым, што дзядзiнец у Тураве невялiкi, i ў iм няма напластаванняў, якiя перашкаджалi б пранiкненню кiслароду. Таму драўляныя пабудовы — у дрэнным стане. Аднак там знойдзены iншыя цiкавыя рэчы. Гэта пячатка кiеўскага мiтрапалiта Кiрылы I, кадзiла XII стагоддзя з медальёнам з выявай святога Феадора i iншыя.

    — Што можна ўбачыць у археалагiчным павiльёне ў Тураве?

    — Рабаўнiкi ўжо ўкралi з музейнай экспазiцыi старажытнага Бярэсця крыж XI стагоддзя. Таму ў павiльёне Турава таксама вельмi небяспечна пакiдаць аўтэнтычныя рэчы. Гэта шкляное памяшканне, у якiм няма пастаяннага дзяжурства. Злодзеi пранiкаюць нават у заходнееўрапейскiя музеi, якiя добра ахоўваюцца. У 1995 годзе злачынцы ўжо абрабавалi тураўскi музей. Таму каштоўныя рэчы туды перадаваць проста нельга. Трэба рабiць муляжы i выстаўляць iх. На жаль, з супрацоўнiкамi тураўскага музея я цяпер кантактую нашмат менш, чым гэта было б магчымым i карысным.

    — Раскажыце пра той крыж, што вельмi нагадвае крыж Еўфрасiннi Полацкай.

    — Пры раскопках 1962 года ў руках хлопцаў i дзяўчат, што ўдзельнiчалi ў пошуках, нечакана апынулiся свiнцовыя выявы — спачатку адна, потым другая, трэцяя, чацвёртая. Яны былi знойдзены ў пласце XIII стагоддзя, размяшчалiся побач. Гэта дало падставы думаць, што iх выраблялi для адной рэчы. На гэтых выявах бачныя твары святых. Напрыклад Мацi Божая, у якой рукi працягнуты ўлева. Так звычайна робiцца толькi ў адным выпадку — калi з левага боку выяўляецца Iсус Хрыстос. З другога — павiнен быць Iаан Хрысцiцель i iншыя святыя. Мы параiлiся са святарамi, i яны сказалi, што такiя выявы маглi быць на крыжы, на якiм размешчаны Збаўца. Таму паспрабавалi зрабiць такую рэканструкцыю — за ўзор узялi вядомы крыж Еўфрасiннi Полацкай. Вырабiлi такую ж аснову, а на яе змясцiлi выявы святых. Гэта спроба рэканструкцыi. Калi хтосьцi жадае, можа яе аспрэчыць. Але пакуль ахвотнiкаў не знайшлося.

    — Кажуць, што, перад тым як пачаць раскопкi старажытнага Бярэсця, вы тры днi сядзелi i проста глядзелi — разважалi, дзе, па логiцы, магло размяшчацца гарадзiшча...

    — Так, гэта праўда. Бо ад выбару залежыць вынiк. Можаш пачынаць або на пустым месцы, або выбiрай тое, якое найбольш верагоднае. Каб дабiцца вынiку, варта пасядзець i падумаць. Прынамсi, мне гэта дапамагло. Каб у Бярэсцi мы зрушылiся на 10 метраў, натрапiлi б на перакапаную будаўнiкамi зямлю.

    — Цi перадалi некаму свае веды, тэхналогiю пошуку?

    — Некалькi дзён таму мне тэлефанаваў адзiн з маiх былых аспiрантаў — Леанiд Калядзiнскi, якi працуе на раскопках у Слуцку. Ён сказаў: тое, што ён цяпер робiць, было б немагчымым, каб не школа, якую ён прайшоў у Бярэсцi. Мы працавалi з самага ранку, а ўвечары, адпусцiўшы практыкантаў, заставалiся i апiсвалi тое, што адшукалi. Працавалi да цёмнай ночы, пакуль можна было бачыць аловак. На сённяшнi дзень Калядзiнскi самы моцны i падрыхтаваны навуковец  для работы з найбольш складанымi аб'ектамi археалогii. Яшчэ адзiн дасведчаны чалавек, якi вучыўся ўжо ў Калядзiнскага, а цяпер працуе ў Вiцебскiм унiверсiтэце, — Таццяна Бубенька.

    — Якiя парады вы далi б маладым археолагам i гiсторыкам?

    — У першую чаргу быць больш адказнымi, больш патрабавальнымi i больш падрыхтаванымi тэарэтычна. Археалогiя — гэта не проста пошук рэдкiх або цiкавых знаходак. У ёй трэба метадычна i з максiмальнай вынiковасцю праводзiць маштабныя даследаваннi...

    — Вас часам называюць «асветнiкам». Вы той чалавек, што любiць дзялiцца сваiмi ведамi пра Беларусь. Але многiя археолагi прытрымлiваюцца iншай пазiцыi. Маўляў, няхай каштоўная рэч паляжыць, а калi журналiсты пра яе даведаюцца, могуць напiсаць. Чаму лiчыце важным адразу расказваць пра знойдзенае?

    — Гэта абавязкова! Капаць трэба не для таго, каб у шафу схаваць або каб мышы паелi тваю працу i справаздачу. Мы працуем для людзей. Усяму, што знайшлi, трэба даць навуковую iнтэрпрэтацыю, каб iнфармацыя дайшла да грамадскасцi i ўсе зразумелi, што шукалi археолагi i для чаго яны гэта рабiлi. Таму мы пiшам не толькi навуковыя манаграфii, але i папулярныя кнiгi. Так, мая праца пра старажытнае Бярэсце перавыдавалася некалькi разоў, хутка распрадалася. Яна запатрабаваная i зараз, але я не маю падтрымкi ў тым, каб зноў перавыдаць яе i каб людзi даведалiся пра тое, у чым зацiкаўлены...

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)