03 Мая, 2024 Пятница

Аб’яднаныя сонцам, яркімі колерамі – Індыя ў Івацэвічах

  • 24 октября 2016 Культура Беларуская 0

    21 кастрычніка ў ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” адбылося адкрыццё выстаўкі, прысвечанай Індыі. Не здзіўляе захапленне індыйскай культурай, некалі былі такімі папулярнымі індыйскія фільмы, іх палюбіла не адно пакаленне. Сёння засталіся сапраўдныя аматары індыйскай культуры, некаторыя праз многа год пранеслі захапленне і любоў да гэтай усходняй краіны. 

    Адна такая жанчына, наша суседка з Бярозы, усё жыццё збірае калекцыю рэчаў, якія адносяцца да індыйскай культуры. Менавіта яе прыватная калекцыя і размешчана зараз у музеі. 

    “Намастэ” – так традыцыйна вітаюцца ў Індыі і, склаўшы далоні адна да адной на ўзроўні грудзей, кланяюцца (выраз і перакладаецца як “я кланяюся табе”). Так сустракалі гасцей апранутыя ў індыйскія касцюмы супрацоўнікі музея. А завіталі на прэзентацыю першымі вучні ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Івацэвічы” разам з настаўнікамі. Ім прапанавалі не толькі пазнаёміцца з індыйскай культурай, але і прадэгусціраваць стравы індыйскай кухні, пазнаёміцца з асаблівасцямі гардэроба пераважна індыйскіх дзяўчынак і жанчын. Напрыклад, у адзенні вылучаюць шальвар каміс, які ўяўляе сабой сукенку-кашулю з шараварамі, разам з імі часам адзяваюць шырокую накідку (дупатта ці унна). Яшчэ адзін касцюм – ленга чолі, гэта длінная сукенка, якую носяць з кароткай блузай (чолі) ці з дліннай блузкай (курці). І, канешне, традыцыйны строй жанчын – сары, яны вырабляюцца з розных тканін і маюць так шмат варыянтаў драпіроўкі. Некаторыя ўборы можна было прымерыць, што дзяўчынкі, канешне, з задавальненнем і зрабілі. 

    Лічыцца, што індыйскія ўборы падкрэсліваюць жаночую прыгажосць нават у дзяўчынак-падлеткаў. Бо яркія колеры, лёгкая тканіна, а таксама ручная вышыўка, якая выкарыстоўваецца ў адзенні, – усё гэта стварае дзівосныя казачныя вобразы, сапраўды, як з індыйскіх казак ці фільмаў, дзе заўсёды шмат танцуюць і спяваюць. 

    Прымерыла на сябе індыйскі касцюм і  Ларыса Зорка, загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яна выказала словы падзякі супрацоўнікам музея і ўласніцы прыватнай калекцыі: “Хачу падзякаваць чалавеку, які сабраў такую калекцыю, а таксама калектыву музея. Бо можна прыйсці ў музей і проста паглядзець, а можна вось так добра правесці вечар. Дзякуючы вам, мы ўжо пазнаёміліся раней з Японіяй, а на гэтай выстаўцы мы маем магчымасць прыблізіцца да культуры, звычаяў Індыі. Каб цаніць нашу славянскую культуру, трэба ведаць і знаёміцца з іншымі культурамі”.  

    Дырэктар ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” Раіса Горбач расказала аб асновах індыйскай культуры і пазнаёміла ўсіх з планам выстаўкі, якая будзе прадстаўлена ў музеі да канца лістапада. Індыя – краіна, дзе жыццё паўсюль, а смерць успрымаецца толькі як пераход да іншай формы жыцця. Індыя адрозніваецца ад іншых сонечных краін як сваім кантрастам у тканінах, якія выкарыстоўваюцца ў адзенні, так і спецыямі, якія з’яўляюцца адметнай рысай індый-скай кухні. Калі афіцыйных дзяржаўных моў там толькі 21, то аб колькасці спецый і прыпраў можна толькі здагадвацца. І з некаторымі з іх госці змаглі пазнаёміцца на адкрыцці выстаўкі. Гастранамічная частка прэзентацыі спадабалася ўсім, тут пазнаёміліся з двума варыянтамі прыгатавання такога ласунку, як халва. Дарэчы, у наступныя выхадныя (5-6, 12-13, 19-20 і 26-27 лістапада) запланаваны шэраг майстар-класаў па прыгатаванні страў усходняй кухні, роспісу хной па целе (махендзі), індыйскіх танцах і гульнях для дзяцей. 

    Даведкі па тэлефоне: 9-31-66. 

    Ганна КАРПОВІЧ, фота аўтара.

    Автор: Ганна КАРПОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)