01 Мая, 2026 Пятница

Талент і творчы палёт

  • 04 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    Мінулы пятнічны вечар для многіх случчан быў расквечаны святочным мерапрыемствам з нагоды 20-годдзя гарадскога Палаца моладзі.

    Сапраўды расквецілі: выступленні калектываў палаца і тых, хто прыйшоў з віншаваннямі, былі яркімі, прыгожымі, выклікалі столькі пазітыву. У 1996 годзе на адкрыцці Палаца моладзі, першага сацыяльна-культурнага аб’екта ў прамысловым раёне горада, прысутнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Сёння гарадскі Палац моладзі – гэта 16 клубных фарміраванняў, сярод якіх народны і ўзорны калектывы. У палацы  працуюць клуб маладой сям’і «Гармонія» і пазнавальна-забаўляльны клуб для дзяцей «Знайка», вакальныя гурткі і групы,  можна займацца рукадзеллем, адточваць харэаграфічнае і тэатральнае майстэрства.

    Самыя вядомыя калектывы Палаца моладзі, творчасць якіх ведаюць не толькі на Случчыне, у краіне, але і за межамі Беларусі, – народны ансамбль народнай музыкі і песні «Случчанскія святкі» (кіраўнік Сяргей Пратасевіч) і ўзорны  ансамбль танца «Канфеці» (кіраўнік Галіна Зданевіч), «спадарожнікамі» якога з’яўляюцца танцавальныя калектывы «Задорынкі», «Кнопачкі», «Сахарынкі», «Бусінкі». Абодва ансамблі – удзельнікі і пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў. Вакальны ансамбль «Лагода-фолк» (кіраўнік Марына Баскакава) створаны ў  2010 годзе і таксама стаў ужо папулярным. Ёсць у Палаца моладзі і свае брэндавыя мерапрыемствы: з задавальненнем прыходзяць гледачы на конкурсныя праграмы «Міс Малютка», «Краса цукровай гары» і «Уладар цукровай гары», «А ну, бабулі». Усё, што нараджаецца ў гэтым крэатыўным калектыве аднадумцаў, заўсёды здзіўляе неардынарнасцю, дорыць цудоўныя эмоцыі, зараджае пазітывам.

    У дзень святкавання юбілею палаца з віншаваннямі прыйшлі дарагія госці, без якіх не было б яго гісторыі: былы дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Анатолій Паўлавіч Купрыяненка, былы начальнік аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама Тамара Іванаўна Шахновіч, першы дырэктар установы Аляксандр Іванавіч Салавей. Дырэктар Палаца моладзі Таццяна Сцяпанаўна Такалава шчыра падзякавала за закладзены імі падмурак творчасці. Ад імя Слуцкага райвыканкама калектыў палаца вітала намеснік старшыні райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская. Яна ўручыла заслужаныя ўзнагароды: Ганаровую грамату Слуцкага райвыканкама – калектыву Палаца моладзі, Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама – дырэктару гарадскога Палаца моладзі Таццяне Сцяпанаўне Такалавай, метадысту І катэгорыі Алене Міхайлаўне Амбражэвіч. Ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўзнагародзілі Галіну Валер’еўну Зданевіч, кіраўніка ўзорнага ансамбля танца «Канфеці», якая працуе ў палацы з дня адкрыцця, кіраўніка народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Случчанскія святкі» Сяргея Сцяпанавіча Пратасевіча. Ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры Ганаровыя граматы атрымалі дзяжурны Палаца моладзі Вольга Міхайлаўна Валатковіч і  прыбіральшчыца службовых памяшканняў Галіна Аляксандраўна Вашчылка.

    Цёплыя словы падзякі калектыву гучалі са сцэны на працягу ўсяго вечара. Граматы і падарункі ўручылі ад адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі  Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, галоўнага спонсара творчых ініцыятыў Палаца моладзі. Як адзначыла Таццяна Сцяпанаўна Такалава, у 2014 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоіла Слуцкаму цукроварафінаднаму камбінату званне «Мецэнат культуры Беларусі», дырэктару камбіната Мікалаю Паўлавічу Прудніку і ўсяму калектыву – шчыры вялікі дзякуй за разуменне, падтрымку, стварэнне ўмоў для росквіту. Віншавалі калектыў гарадскога Палаца моладзі прадстаўнікі арганізацый, з якімі цесна супрацоўнічае ўстанова. Словы падзякі выказалі бацькі выхаванцаў творчых аб’яднанняў: таленты «вырошчваюць» разам! Хвалю пазітыву і добрага настрою падтрымалі творчыя падарункі калег – устаноў культуры Случчыны. Атрымаўся цудоўны вечар, напоўнены радасцю, яркімі эмоцыямі, душэўнай цеплынёй. Новых зорных вяршынь калектыву гарадскога Палаца моладзі, які выхаваў ужо цэлае пакаленне талентаў!   

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)