29 Марта, 2024 Пятница

Захопленыя, творчыя, умелыя

  • 08 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    Кожны семінар для педагогаў – гэта ўзбагачэнне ведамі, новымі ўменнямі, ідэямі. Случчане дзяліліся сваім вопытам і прадаставілі творчыя пляцоўкі для іншых. Для мяне, карэспандэнта «Слуцкага краю», семінар – выдатная магчымасць расказаць вам, шаноўныя чытачы, пра крэатыўных майстроў сваёй справы, у руках якіх самыя звычайныя матэрыялы становяцца эксклюзіўнымі рэчамі.

    Семінар адкрылі ў сярэдняй школе №10 імя С.Ф. Рубанава. Прысутнічалі прадстаўнікі Слуцкага райвыканкама, Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Самымі цікавымі былі майстар-класы. Калегі з Салігорска навучылі вырабляць упрыгажэнні з фаамірану («мяккая замша») і ствараць падсвечнікі з выкарыстаннем каляровых сыпучых рэчываў, у прыватнасці, солі. Калейдаскоп міні-майстэрань прадставілі слуцкія ўмельцы. Настаўнік пачатковых класаў СШ №12 Ірына Віктараўна Быліновіч са сваімі вучнямі, напрыклад, паказала, якую прыгажосць можна стварыць са звычайнай паперы: такія кветкі можна выкарыстаць і для аздаблення чаго-небудзь, і ў якасці падарунка. Дзеці з задавальненнем працуюць з паперай. Прызнаны майстар  педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Аксана Аляксандраўна Піхцярова захапіла сваімі лялькамі нават мужчын, а некаторыя і сваю лялечку вырабілі. Настаўніца працы з Замосцкай сярэдняй школы Аксана Канстанцінаўна Нямковіч з воўны стварае сапраўдныя шэдэўры. Валянне – праца ручная, карпатлівая. Уявіце, проста з валаконцаў зрабіць прадметы жаночага гардэробу ці, напрыклад, хатні абутак. А яшчэ пано, упрыгажэнні і ўсякія мілыя дробязі. Таццяна Валер’еўна Сямёнава, кіраўнік гуртка ў СШ №9, прадэманстравала, як зрабіць магніты-тапіарыі. Прыгажосць атрымліваецца, залатыя рукі ў нашых майстрых! Настаўніца працы гімназіі №1 Святлана Барысаўна Зенава арганізавала тэатр моды. Разам са сваімі вучаніцамі да 900-годдзя Слуцка стварыла калекцыю стылізаванага беларускага касцюма. Удзельнікі семінара ацанілі калекцыю гучнымі апладысментамі.

    У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі паказалі, як рыхтуюць выхаванцаў да жыцця ў соцыуме, развіваюць іх  творчыя здольнасці. Працягнулі работу семінара ў Слуцкім дзяржаўным каледжы, пабывалі на прадпрыемстве «Слуцкія паясы» і ў музеі Слуцкага пояса.

    Насычаная праграма семінара пазнаёміла і з работай сельскіх школ. У Гацукоўскай сярэдняй школе прадставілі свой вопыт школьныя бізнес-кампаніі, навучэнцы і педагогі Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі. Здзівілі майстэрствам апрацоўкі дрэва настаўнікі тэхнічнай працы Паўстынскай і Вясейскай сярэдніх школ  Аляксандр Уладзіміравіч Альховік і Генадзій Фёдаравіч Сак. Работы Аляксандра Уладзіміравіча, які ў прафесіі ўжо больш за 30 гадоў, запатрабаваныя не толькі на выстаўках на Случчыне і ў рэспубліцы (выстаўлялі на чэмпіянаце свету лесарубаў, на адкрыцці чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску), але і за межамі краіны. Да адкрыцця Мірскага замка паўстынскі бондар зрабіў дзесяць 200-літровых бочак для віннага склепа замка. Майстэрства работы з дрэвам перадае вучням. Васьмікласнік Паўстынскай СШ Аляксандр Жук у гэтым годзе рыхтуецца выступаць на прадметнай алімпіядзе. Хоць і вельмі карпатлівая гэта работа, займаюцца дзеці з задавальненнем, расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.

    Генадзій Фёдаравіч Сак вырабляе мэблю і прадметы інтэр’еру па тэхналогіі старэння. Як гэта выкарыстаць на ўроках працы, расказаў калегам. Майстар-клас настаўніка працы СШ №12 Івана Пятровіча Васільева таксама атрымаў станоўчыя водзывы ўдзельнікаў семінара. Свой вопыт прадставілі і іншыя  педагогі.

    У Слуцкім дзяржаўным  сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з работай міжшкольнага факультатыва «Аддзелачныя будаўнічыя работы». Дарэчы, у гэтым годзе слуцкія школьнікі актыўна наведваюць гэты факультатыў, а таксама факультатыў па спецыяльнасці «грамадскае харчаванне» ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Што называецца, вольны час праводзяць карысна.

    Настаўнікі працоўнага навучання – людзі захопленыя, крэатыўныя, здольныя зацікавіць дзяцей і развіваць іх творчы патэнцыял. І гэта бясспрэчна.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)