23 Апреля, 2024 Вторник

Кажуць людзi, веска вымiрае…

  • 08 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    Яшчэ гадоў колькі назад кожны з нас, беларусаў, мог бы цалкам пагадзіцца з гэтым выразам. Сёння, на шчасце, дзякуючы шматлікім намаганням з боку кіраўніцтва краіны, у тым ліку і Дзяржаўнай праграме па адраджэнні і развіцці вёскі, становішча прыкметна змянілася. У чарговы раз пацвердзіць і даказаць гэта паспрабавалі ўдзельнікі рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі», што прайшоў у мінулую пятніцу на Клеччыне. Стартаваўшы ў 2007 годзе па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праект, бяруць удзел у якім маладыя сем'і (бацькі ва ўзросце да 31 года і іх дзеці), па ўсім відаць, не проста прыжыўся, а ўпэўнена крочыць па краіне, штогод  павялічваючы талаку канкурсантаў. За ўвесь час свайго існавання ён пазнаёміў між сабой тысячы беларускіх сем'яў. Некаторыя з іх, напэўна, і цяпер падтрымліваюць зносіны, а можа нават і па-сапраўднаму сябруюць. Меркаваць аб гэтым можна, адчуўшы на сабе ўсю дабрыню і ўзаемапавагу, дабрадушнасць і прыязнасць, якія вылучаюць і дораць акружаючым літаральна ўсе ўдзельнікі праграмы, ад малога да вялікага. Пераканаліся ў гэтым і мы, карэспандэнты «ДНП».

    Прыемны настрой і лагодныя сонечныя ўсмешкі ў той цёплы восеньскі дзень дарыла з раніцы ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства сама яе вялікасць прырода. Ветлівасцю і душэўнай шчодрасцю веяла з кожнага куточка гасціннай янавіцкай зямлі. Дарэчы, месцам правядзення конкурснай праграмы аграгарадок Янавічы быў абраны не выпадкова. Парк імя героя Сацыялістычнай Працы І.І.Плаўскага, дзе і ладзілася непасрэдна мерапрыемства, створаны ў гонар чалавека працы. Ля цэнтральнага ўваходу ў парк устаноўлены  помнік нашаму легендарнаму земляку. Іосіф Іосіфавіч унёс вялікі асабісты ўклад у развіццё аграрнага сектара як Клеччыны, так і краіны ўцэлым. Уласным прыкладам адданасці справе і роднай зямлі ён выхаваў не адно пакаленне шчырых працаўнікоў вёскі, якія сёння з гонарам праслаўляюць шчодры і самабытны клецкі край. 

    Свае асабістыя адносіны да карміцелькі-зямлі і працы, веданне вытокаў нацыянальнай культуры і беларускіх традыцый выказвалі ўдзельнікі праекта на працягу ўсёй конкурснай праграмы. А пачалася яна з агляду выставы дасягненняў сямейных гаспадарак, у тым ліку і творчых работ. Чаго тут толькі не было?! На кожным імітаваным сялянскім падворку – каравай і дранікі, квас і медавуха, мясныя далікатэсы і салодкія пачастункі, дзіцячыя малюнкі, рамесныя вырабы і сапраўдныя шэдэўры з карункаў, бісеру, газетных трубачак і нават жыўнасць. Да прыкладу, сям'я Салата, якая прадстаўляла Клецкі раён, здзівіла журы дэкаратыўнай пародай курэй з гучнай назвай Падуан. Звярнула на сябе ўвагу творчая работа мамы з сям'і Стральцовых  (Уздзенскі раён), выкананая ў новай тэхніцы – алмазная вышыўка, якая прыйшла да нас з Кітая. Не пакінулі раўнадушнымі тых, хто спыніўся ля падворка сям'і Дылянок з Крупскага раёна, торты з масцікі, і асабліва той, які  ўпрыгожваў лагатып праекта «Властелин села-2016». Сям'я Літвіных з Капыльскага раёна прадставіла вырабы ткацтва, якія дасталіся нашчадкам у спадчыну ад бабулі, і расказала, што сёння іх дзеці з задавальненнем наведваюць школу ткацтва, вучацца ткаць ручнікі і іншыя атрыбуты быту дзеля таго, каб не губляліся традыцыі продкаў. Уражвалі журы і гасцей свята кулінарныя тварэнні, саламяныя, плеценыя, вязаныя рэчы, цацкі, а таксама поўныя скарбонкі граматаў і медалёў, атрыманых за ўдзел у шматлікіх конкурсах. А асабіста мяне – тое, як заўзята прадстаўлялі бацькоў дзеці. Калі здаралася, што старэйшыя прадстаўнікі сем'яў губляліся і паводзілі сябе сціпла (яно і зразумела: вяскоўцы ўмеюць працаваць, а не прыгожа гаварыць), ініцыятыву ў свае рукі бралі малыя. Юныя жыхары Міншчыны актыўна расказвалі, чым любяць займацца іх бацькі ў вольную хвіліну і чым дапамагаюць дарослым менавіта яны. Гледзячы на гэта, радавалася душа за наша падрастаючае пакаленне, за тое, што яны ўмеюць разважаць і выказваць сваю жыццёвую пазіцыю. 

    Пасля творчага конкурсу ўдзельнікі спрабавалі сілы ў тых іспытах, дзе патрэбна было праявіць спрыт, майстэрства, кемлівасць і інтэлектуальныя здольнасці. У адным з выпрабаванняў – «Дравасекі» –   распілоўвалі ручной пілой бервяно, затым муж калоў дровы, а жонка акуратна іх складала. Гэты і яшчэ адзін конкурс – «Наезнікі», у якім патрэбна было запрэгчы і распрэгчы каня, можна смела назваць данінай павагі да традыцый беларускай вёскі. Але нягледзячы на тое, што ручную пілу, воз і вупраж змянілі навінкі тэхнічнага прагрэсу, у сувязі з чым сучасныя вяскоўцы, асабліва моладзь, не выкарыстоўваюць у паўсядзённым жыцці патрэбныя для іх валодання навыкі, многія ўдзельнікі справіліся з заданнямі вельмі добра.

    Бадай, самай вясёлай атрымалася «Вясковая спартыўная эстафета», падчас якой сем'і на хуткасць збіралі бульбу, набіралі ў вёдры ваду і пераносілі яе ад адной бочкі да другой, затым забівалі цвікі (жонка) і прышывалі гузікі (муж). У гэтым іспыце сямейныя пары дэманстравалі не толькі фізічную падрыхтаванасць, спартыўны азарт і спрыт, але і лад, а таксама ўзаемападтрымку, якія так патрэбны кожнай сям'і. Зладжанасць і добрае разуменне адзін аднаго, стараннасць і акуратнасць праяўлялі маладыя людзі ў конкурсе, па ўмовах якога на хуткасць патрэбна было распілаваць дошкі і змайстраваць лаўку. Інтэлектуальная барацьба патрабавала ад вяскоўцаў глыбокага ведання нацыянальных традыцый, у прыватнасці, беларускіх абрадаў.

    Час ляцеў хутка. Многія іспыты ўжо засталіся за плячыма дваццаціадной сям'і-ўдзельніцы, але наперадзе чакаў яшчэ адзін адказны і хвалюючы момант – конкурс візітных картак «Вітаем па-беларуску», які складаўся з невялікай тэатралізаванай замалёўкі на тэму «Адзін дзень з жыцця нашай сям'і». Абавязковай умовай яго было прадстаўленне беларускага нацыянальнага касцюма з улікам рэгіёна пражывання сям'і. Гэты конкурс па праву можна было назваць гімнам сям'і. Бо тыя пяшчотныя прызнанні, якія гучалі з вуснаў маладых, сведчылі аб самых цёплых пачуццях, аб каханні і пяшчоце, якія пануюць у іхніх дамах. Па ўсім было відаць, што для канкурсантаў – гэта былі не пустыя словы, а сямейныя каштоўнасці, сэнс жыцця. «Усе ў кучы – не страшны і тучы,» – дзяліліся формулай поспеху сваёй сям'і Жарскія з Вілейскага раёна. «Шчасце – гэта добрая, прыгожая і верная сям'я,» – пераконвалі Горбачы з Мінскага раёна. Малодшы Грамыка са Слуцка ў адказ на татавы словы прызнаўся: " И я люблю маму не за блины, не за варенье, а за хорошее настроение". «Шчаслівым быць аднаму немагчыма,» – пераконвалі Пальцавы з Мядзельшчыны. Адным словам, кожная сям'я імкнулася праявіць мноства фантазіі і майстэрства, каб стаць адметнай, уразіць журы і пакінуць аб сабе добры ўспамін.

    –  І гэта на самай справе атрымалася, – пацвердзіла падводзячы вынікі сямейнага свята Таццяна Мікалаеўна Хмель. – Асобна хочацца адзначыць сем'і з Вілейскага, Крупскага і Мінскага раёнаў, іх арыгінальны і сучасны падыход у творчых конкурсах. Словы ўдзячнасці адрасую выключна ўсім, бо кожная сем'я была па-свойму арыгінальнай, артыстычнай і непаўторнай.  Выпрабаванні былі завершаны. А перад журы ў складзе Т.М. Хмель, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, М.М.Худой, І сакратара Мінскага абкама камуністычнай партыі Беларусі, старшыні Мінскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў палітычных партый, К.В.Шэцька, намесніка старшыні Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў,  Д.С.Варанюка, сакратара ЦК ГА «БРСМ», С.А.Кісель, начальніка аддзела па справах сям'і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Г.М.Буйвілы, намесніка старшыні Клецкага райвыканкама, стаяла няпростая задача: выбраць лепшага з лепшых. 

    Па выніках набраных балаў, а таксама інтэрнэт-галасавання (аўт.: за клецкую сям'ю аддалі свае галасы  амаль паўтысячы чалавек) перамогу ў абласным этапе конкурсу «Уладар вёскі» атрымалі нашы земляки – сям'я Салата. Ім дастаўся галоўны тытул і прыз – цялё, а разам з гэтым і вельмі адказная місія – менавіта яны будуць прадстаўляць увесь сталічны рэгіён на заключным – рэспубліканскім – этапе сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі-2016». Пажадаем ім смеласці, бадзёрасці духу і, безумоўна, поспеху.

    Інтрыга вырашылася. Што і казаць, безумоўна, гэта пазітыўны конкурс, які прапагандуе трывалую сям'ю, якая ўмее разам працаваць і адпачываць. Гледзячы на актыўнасць маладых, іх імкненне паказаць сябе, можна ніколькі не сумнявацца: за імі – будучае. Яны любяць тое месца, дзе нарадзіліся і працуюць, дзе нарадзіліся іх сем'і і дзеці. Любяць усёй душой сваю родную вёску.

    Вёсачка мая, мая чараўніца,

    Ты мая любоў, мая балаўніца. 

    Вёсачка мая, ты мая старонка,

    Песня пра цябе льецца звонка…

    Гэтыя словы вядомай песні з рэпертуара ансамбля народнай музыкі «Бяседа» ў той дзень неаднаразова гучалі з вуснаў удзельнікаў свята і сталі сапраўдным яго сімвалам, а таксама адказам на тое галоўнае пытанне, у пошуках якога і аб'ядналіся ўсе прысутныя сем'і – у беларускай вёскі ёсць будучыня! 

    Фота Яўгеніі Семянчук.   

    Автор: Святлана ОрпельДа новых перамог

Комментарии (0)