24 Апреля, 2024 Среда

Калі спявае душа...

  • 14 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    Дзмітрый Мікалаевіч Рыбак, пераможца раённага конкурсу «Лепшы па прафесіі», мастацкі кіраўнік Бокшыцкага сельскага дома культуры, пры сустрэчы адразу расказвае пра свой калектыў  – ансамбль беларускай народнай песні «Забава».

    Юныя случчане Ганна Гурыновіч, Дар’я Астапенка, Лізавета Лявончык, Дыяна Варошка, Марыя Хрыпачова, Анастасія Будкевіч, Таццяна Душэўская, Валерыя Рыбак і Міхаіл Кудравец займаліся вакалам і раней у Доме культуры, аб’ядналіся пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мікалаевіча сёлета ў маі. Ён здолеў пераканаць, што беларуская народная песня  − гэта прыгожа, зацікавіў. Усе ўдзельнікі калектыву вучыліся ў музычнай школе, што вельмі важна, адзначае Дзмітрый Мікалаевіч, для развіцця асобы ўвогуле. У рэпертуары ансамбля «Забава» каля 15 песень, сярод якіх і напісаныя Д.М. Рыбаком. Дапамагае Сяргей Сцяпанавіч Пратасевіч, кіраўнік народнага ансамбля «Случчанскія святкі». Вось і апошняя песня «Вёска» створана імі ў суаўтарстве.

    «Забава» ў раёне выступае часта. Святы вёсак, Купалле,  900-годдзе Слуцка  − спявалі на многіх мерапрыемствах, у тым ліку ў летніх аздараўленчых лагерах.  А ў верасні пабывалі на IV міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў Ляскавічах у якасці гасцей. Уражаныя арганізатары запэўнілі, што ансамбль абавязкова запросяць і на наступны фестываль.

     − Гэта вельмі важна для юных артыстаў, як мага больш бываць на розных конкурсах і фестывалях, каб ацаніць сябе, убачыць, да чаго імкнуцца,  − гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. − Немагчыма развівацца, калі нідзе не бываеш. Таму ў нашых планах − павышэнне майстэрства і абавязкова розныя конкурсы. І яшчэ мы арганізуем інструментальную групу, кожны ж валодае музычным інструментам, будзем самі і спяваць, і акампаніраваць. Хочам стаць самабытным калектывам, накшталт тых, што былі ў вёсках у нашых бабуль-дзядуль. Мы працуем, у нас ёсць мэта, усё ў нас яшчэ наперадзе. Нам дапамагае Святлана Яўгенаўна Святлова, дырэктар Бокшыцкага СДК.

    У Дом культуры дзяўчаты з «Забавы» прыходзяць рэпеціраваць і па-за графікам раскладу заняткаў.

     − Дзмітрый Мікалаевіч проста цудоўны кіраўнік. З ім весела, цікава. Абавязкова кожную песенную гісторыю разбіраем: калі не разумееш, пра што песня, не выканаеш так, каб за душу кранула,  − расказваюць удзельнікі ансамбля.  −  Мы вельмі пасябравалі. Летам ездзілі разам адпачываць на возера Свіцязь. Дзмітрый Мікалаевіч з намі на адной творчай хвалі. Вось і на конкурсе перамог.

    Дарэчы, пра конкурс. Рыхтавацца да яго дапамагалі ўдзельнікі ансамбля «Забава» і падчас выступлення падтрымлівалі. Цудоўна, што арганізавалі творчае спаборніцтва сярод работнікаў культуры, лічыць Дзмітрый Мікалаевіч:

    − Конкурс стымулюе, дае магчымасць зразумець сябе. Хацелася б, каб ён стаў традыцыйным.

    Дзмітрый Мікалаевіч аптымістычны чалавек, з добрым пачуццём гумару, ад яго зыходзіць асаблівая энергетыка. З музыкай  − з дзяцінства. Родам ён з Лядна, скончыў Селішчанскую музычную школу. Сваіх выкладчыкаў – Аляксея Іванавіча Вішняка і Міхаіла Пятровіча Зяневіча – ён лічыць музычнымі «бацькамі», яны навучылі асновам. Працаваў у ваенным аркестры, потым заняўся немузычнай дзейнасцю, але ж вярнуўся на ўжо «знаёмы хлеб». Дзмітрый Мікалаевіч  вельмі заклапочаны, каб таленты, асабліва дзеці, мелі магчымасць паказаць сябе. Пэўна, таму і з’явілася ў яго цудоўная ідэя: летам правесці раённы фестываль народнай творчасці «Грай, гармонік», які дасць магчымасць заявіць пра сябе народным талентам, паказаць  сваю творчасць шырокаму колу гледачоў.

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)