25 Апреля, 2024 Четверг

Ад графікі да вітражнага роспісу

  • 16 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    “Квітней, мая Беларусь!” – назва выставы жывапісу, графікі і дэкаратыўна-пры­кладнога мастацтва, якая дзейнічала ў фае Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Аўтар прадстаўленых работ – настаўніца мастацкіх дысцыплін Пагранічнага філіяла Наталля Жалязоўская. Экспазіцыя з дваццаці аднаго твора – незвычайная, адметная, найперш, сваімі прыгожымі і загадкавымі карцінамі ў тэхніцы вітражнага роспісу – пакінула ў наведвальнікаў прыемнае ўражанне, выклікала светлыя эмоцыі і пазітыўны настрой. Такога на Бераставіччыне яшчэ не бачылі!

    Нашы пастаянныя чытачы з Наталляй ўжо знаёмыя. “Раёнка” друкавала матэрыял пра настаўніцу, якая   дапамагае юным мастакам аграгарадка Пагранічны развіваць і рэалізоўваць свае здольнасці, інфармавала пра тое, што Наталля Мікалаеўна ўдзельнічала ў раённым этапе  рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” ў намінацыі “выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, расказ­вала пра поспехі яе вучняў у мас­тацкіх конкурсах розных узроўняў. Улічваючы рост цікавасці да творчасці педагога, адміністрацыяй Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і Пагранічнага філіяла сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама было вырашана бліжэй пазнаёміць аматараў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці з творамі Наталлі Жалязоўскай – такімі роз­нымі па тэхніцы выканання і такімі прыцягальнымі.  Урачыстае адкрыццё персанальнай выставы мастачкі адбылося 8 лістапада ў фае школы мастацтваў. У сваім уступным слове дырэктар установы Ірына Баер адзначыла: 

    – Для нашага невялічкага пасёлка такія выставы – заўсёды падзея ў культурным жыцці, паколькі не так ужо і многа ў нас мастакоў. Творы Наталлі Мікалаеўны вабяць незвычайнымі вобразамі. Графічныя работы, творы, напісаныя маслам, гуашшу, акрылавымі фарбамі, выкананыя з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу нясуць шмат пазітыву, адлюстроўваюць жаночае ўспрыманне свету. Асабліва прыцягвае вока прыгожы і незвычайны роспіс па шкле. Нават дзіўна, наколькі цёплым можа быць такі халодны на першы погляд матэрыял, якімі прыгожымі водбліскамі ён можа іграць.

    Загадчыца Пагра­ніч­нага філіяла Святлана Баран па­знаёміла гасцей выставы з творчай біяграфіяй віноўніцы ўрачыстасці, расказала пра яе плён­ную працу як педагога – вучні На­таллі Мікалаеўны, адухоўленыя тален­там сваёй настаў­ніцы, таксама дабіваюцца пэўных вынікаў, пра што сведчыць іх паспяховы ўдзел у мастацкіх конкурсах. 

    Экспазіцыя ўключала творы, напісаныя аўтарам у розныя перыяды яе жыцця. Былі прадстаўлены і студэнцкія графічныя работы, і карціны, створаныя ўжо падчас пражывання мастачкі ў аграгарадку Пагра­нічны, – Наталля Міка­лаеўна звыш дзесяці гадоў жыве  на Бераставіччыне, тут у яе сям’я,  сама ж яна родам з Мастоў. Вельмі ўдалай аказалася спроба аўтара па стварэнні модных сёння маляўнічых трыпціхаў на кветкавую тэму. Адзін з іх  – прычым, дастаткова вялікі – стаў сапраўдным ўпрыгожаннем выставы.

    Асаблівай перавагі якому-небудзь віду выяўленчага мастацтва Наталля Мікалаеўна не аддае. Ёй падабаецца спрабаваць сябе ў розных мастацкіх і дэкаратыўна-прыкладных тэхніках. І вынікі такіх яе творчых эксперыментаў вельмі цікавыя. У чым можна было ўпэўніцца на выставе. Напрыклад,  яе наведвальнікі проста ў захапленні былі ад арыгінальных і вельмі прыгожых работ, выкананых у тэхніцы вітражнага роспісу шкла.

    – Вітраж – гэта вельмі незвычайны від дэкаратыўнага мастацтва, які непадуладны ўплывам моды, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – Шкло, дзякуючы сваім выключным уласцівасцям, адкрывае бясконцыя магчымасці для творчага працэсу і ўвасаблення новых ідэй. Сёння мастакі актыўна карыстаюцца акрылавымі фарбамі, ствараюць аб’ёмныя кампазіцыі з так званым эфектам 3D. Мяне таксама захапіла гэта тэхніка. Тым больш, што падобныя работы з’яўляюцца цудоўным упрыгожаннем сучасных інтэр’ераў. 

    І сапраўды. Напэўна, кожны, хто хоць раз убачыў  вітражны роспіс аўтара, пажадаў бы ўпрыгожыць сцены сваёй кватэры ці офіса такім творам. Тым больш, што самыя любімыя творы мастачкі “Венецыя” і “Сланечнікі” аформлены ў раму з каляровым падсвятленнем і пры выключаным святле глядзяцца асабліва прыгожа. Гэта таксама было прадэманстравана навед­валь­­нікам выставы.

    Дарэчы, як трапна адзначыла дырэктар школы мастацтваў Ірына Аляксандраўна, музыку трэба слухаць, а карціны глядзець. І госці выставы з непадробнай цікавасцю яшчэ доўга разглядалі творы Наталлі Жалязоўскай, здзіў­ляючыся багатаму колераваму рашэнню прадстаўленых работ, творчаму палёту фантазіі і бясспрэчнаму мастацкаму таленту аўтара. Фота аўтара

    Автор: Святлана ГанчароваБераставіцкая газета

Комментарии (0)