25 Апреля, 2024 Четверг

Слуцкі дзяцінец: унікальныя знаходкі

  • 29 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    Завяршыліся ахоўныя  археалагічныя даследаванні на Замкавай гары ў Слуцку, пачатыя ў сувязі з рэстаўрацыяй старога будынка Дома культуры. Апошнія раскопкі праводзілі ў месцы, дзе будуць пракладзены інжынерныя камунікацыі. Пра ўнікальныя  знаходкі расказаў археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі.

    Глыбіня раскопу – больш за 4 метры, плошча каля 60 м кв. Тут можна было назіраць розначасовыя культурныя напластаванні: XIX стагоддзя, часоў Вялікага Княства Літоўскага (знайшлі дзве сярэбраныя манеты), слой XII – XIII і XI стагоддзяў. Пласт XII – XIII ст. добра захаваў арганіку: вырабы з дрэва, скуры, косці. Тут знойдзены рэшткі пабудовы, захавалася на 4 – 5 вянкоў, якая была сечана з лісцевых і хваёвых парод дрэва. У пабудове выяўлены дзвярны праём – з’ява ў археалогіі гарадоў даволі рэдкая. Знаходкі адносяцца да XII стагоддзя. Сярод іх – ювелірныя вырабы: пярсцёнкі, гузікі, колты. Апошніх выяўлена тры. Колты – упрыгажэнні, якія насілі на жаночым  галаўным уборы ў вобласці скроні – выраблены са срэбра, пакрыты пазалотай і аздоблены ў тэхніцы  перагародчатай эмалі. Усяго срэбных вырабаў знойдзена каля трох дзясяткаў. Гэтыя знаходкі, а таксама кавалачкі срэбра, срэбнга дроту, медныя матрыцы для вырабу колтаў пераканаўча сведчаць, што ў Слуцку існавала свая ювелірная вытворчасць, прычым высокамастацкага кшталту. Відавочна, што ўскрытыя рэшты пабудовы – гэта ювелірная майстэрня. Побач з майстэрняй знаходзілася пабудова гаспадарчага прызначэння, для ўтрымання жывёлы. Ювелірная майстэрня ўскрыта толькі напалову. Астатняя яе частка ўваходзіць у сцяну раскопу.

    Таксама знойдзены ўчастак вулічнай маставой, якая захавалася на шырыню 2,8 метра, ускрыта на даўжыню амаль 3 метры. Маставая была выкладзена з сасновых плах, на дубовыя лагі, пад якімі – падкладкі з дубовых бярвенняў. Некаторыя з іх захаваліся на таўшчыню 30 см, што дае магчымасць вызначыць узрост гэтых падкладак і дапаможа датаваць час узвядзення маставой. 

    Вялікую дапамогу ў раскопках аказаў Вячаслаў Родзін, аматар мінуўшчыны, які на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з Леанідам Уладзіміравічам Калядзінскім. Ён з дапамогай металашукальніка знайшоў большую частку вырабаў з чорнага і каляровага металу. На заключным этапе падключылася археолаг, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдат гістарычных навук Наталля Аляксандраўна Пачобут, жонка Леаніда Уладзіміравіча Калядзінскага.

    Нарэшце, на глыбіні больш за 4 метры ўскрыты мацярык – супесь шэрага колеру. Менавіта на гэтым мацерыку ў свой час і ўзнікла паселішча старажытнага Слуцка. У мацерыковых ямах сустракаліся матэрыялы дагарадскога перыяду, якія адносяца да ранняга жалезнага веку, прыкладна ІІІ – V стагоддзі нашай эры.

    Што яшчэ можа паведаць Слуцкі дзяцінец?

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)