04 Мая, 2024 Суббота

Тамара Вяцкая: у эфіры ўсё мусіць быць беларускім

  • 02 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    У яе кабінеце — анёлы самых розных формаў, памераў і спосабаў вырабу. А яшчэ — маленькі прынц ручной работы, які сядзіць на адзінокай планеце са сваёй ружаю. Сярод настольных гадаванцаў ёсць і жырафа. «Яна як любоў, — кажа Тамара Вяцкая, дырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля». — Гэта жывёла, якая па ўсіх законах фізіялогіі не можа існаваць. Так і каханне. Па логіцы яго быць не можа. Але яно прыходзіць незразумела чаму, дзеля чаго, да каго і заўжды знянацку...» Тамара Вяцкая ўзначальвае «Мінскую хвалю» ўжо другі год. За гэты час радыёстанцыя нібы атрымала другое дыханне: стала больш актыўна праяўляць сябе ў сацыяльных сетках, здымаць відэа, рабіць кантэнт максімальна інфармацыйна насычаным. Як кажуць, усе працэсы ў рыбе пачынаюцца з галавы, і не толькі дрэнныя, але і жыццядзейныя...

    — Я цяпер пра «Мінскую хвалю» магу гаварыць гадзінамі, — дзеліцца дырэктар. — Таму што столькі зроблена! Другі год працую, а адчуванне, што значна даўжэй. Напрыклад, за гэты час аднавілася праграма «Адкрытая студыя», да нас на станцыю госці прыходзяць кожны аўторак. Гутарым на самыя розныя тэмы, імкнёмся спалучаць іх з апошнімі падзеямі і навінамі. Прытым не абмяжоўваемся адным гукам, а выкладаем у сацыяльныя сеткі фатаграфіі з нашымі героямі, здымаем відэа, якое пасля размяшчаем на сайце. Такім чынам набліжаемся да паняцця тэлерадыёвяшчання, каб быць канкурэнтаздольнымі. Па-іншаму цяпер немагчыма.

    У нас працуе 31 чалавек. Гэта досыць шмат для станцыі. З нетворчых работнікаў шасцёра ў інтэрнэт-аддзеле, які займаецца не толькі радыёвяшчаннем, але і хостынгам, вядзеннем дзвюх соцень сайтаў. У рэкламе — чацвёра. Амаль што ўсе астатнія рыхтуюць перадачы, сюжэты, вядуць эфір.

    — Ваша старонка ў Фэйсбуку адразу «выдае» нераўнадушнае стаўленне да працы...

    — Няўжо ёсць журналісты, абыякавыя да таго, што робяць? Гэта ўжо не журналісты. Павінны гарэць сэрца, душа, мозг — усё! Як не любіць тое, што робіш? Як жыць з нелюбімым мужчынам? Я не магу ні жыць з нялюбым, ні не любіць тое, што раблю. Бо Бог ёсць любоў. Калі не любіш — не рабі. А раз узяўся — пранікайся і стварай годнае!

    — Вы ўвогуле досыць актыўна карыстаецеся сацыяльнымі сеткамі. Якія каментарыі вам пакідаюць?

    — Выключна станоўчыя. Дагэтуль шчыра здзіўляюся, калі ў каго-небудзь хапае духу і сіл пакінуць пад маім пастом у Фэйсбуку адмоўны водгук. Хоць з адным маім аднакурснікам перапіска-перапалка здараецца. Але гэта ў большай ступені рыса яго характару. Усе яго колкасці пераводжу на смех і ў прыватных паведамленнях пішу «Хопіць мяне падколваць!» Увогуле не люблю негатыў нідзе. Калі чалавек мне не падабаецца, я наўпрост перастаю з ім размаўляць. Гэта разуменне прыйшло з узростам. Калі малады — ідзеш напралом. А часам і не варта гэтага рабіць.

    — Наколькі вы дэмакратычны кіраўнік?

    — Я ўсё вырашаю камісійна. Напрыклад, кажу свайму праграмнаму дырэктару: «У нас пачатак вяшчання а 6-й раніцы. Давай мы зробім гімн. Ёсць ён і ў Мінскай вобласці. Возьмем адтуль частку». Але той варыянт, які атрымліваецца адшукаць, не падыходзіць, бо спяваюць музыкі занадта акадэмічна. Тады пішу аўтару гэтай песні, Алене Атрашкевіч, запытваю, ці ёсць больш лёгкае выкананне. Яна ў адказ перакідвае некалькі варыянтаў. Мы выразаем адзін куплет, але тое, што атрымліваем у выніку, мне не падабаецца, праграмнаму дырэктару — наадварот. У такім выпадку вырашаем камісіяй. Збіраем у адным кабінеце музычнага рэдактара, другога намесніка дырэктара. Меркаванні дзеляцца напалам. Тады апошняе слова застаецца за мной як за непасрэдным кіраўніком. Гэта дэмакратыя ці не?

    Я падыходжу да работы з таго пункту гледжання, што ўсе мы людзі часовыя на сваіх працоўных месцах. У мяне няма ніякага маральнага права абражаць ці асуджаць іншых. Я не стварала гэта радыё. Але ёсць рэчы, у якіх я радыкальная і кажу жорстка «так» ці «не». Напрыклад, з маім прыходам усе тэксты аўтарскіх перадач сталі аддавацца на вычытку. Бо не ўсё, што пішуць нашы журналісты, я лічу слушным. Пры гэтым я не кірую іх творчым працэсам. Магу толькі ацаніць абранага героя, падыход ці паправіць канчатковы тэкст.

    — І як яго ацэньваеце? Увогуле, як лічыце, чым вымяраецца журналісцкае майстэрства?

    — Трэба глядзець, што мы маем на выхадзе — канчатковы прадукт. Прафесіяналізм — гэта калі цябе хочацца слухаць і чытаць. Гэта пункт нумар адзін. Астатняе — справа тэхнікі. Няхай дзесьці кажаш няправільна ці не ведаеш правілаў жанру, але калі цікава слухаць, усё астатняе можна дараваць.

    — Але гэта складана вымераць...

    — Тады дапамагае інтэрактыўнасць. У нашым выпадку — гэта тая ж колькасць sms, якія прыйшлі падчас эфіру. Калі іх з дзясятак — дастойны паказчык. Пяць — усе кажуць, каб я не перажывала. Усё адно застаюся незадаволенай. Значыць, я не выклікала ў чалавека жадання падзяліцца сваімі думкамі. Каб хоць бы мне перадалі прывітанне ці напісалі: «Тамара Рыгораўна, пастаўце для сябе, любай, песню, няхай вам будзе прыемна».

    Ці калі пасля твайго матэрыялу з работы каго-небудзь знялі. Таксама паказчык прафесіяналізму. У мяне так было па маладосці. Па адной з маіх перадач склікалі пасяджэнне Саўміна. Тады я была гарачая, шашкай махала. А пасля зразумела, што не гэта задача журналіста.

    — У чым яна ў такім выпадку?

    — Сродкі масавай інфармацыі — гэта люстэрка. Часам крывое, часам — венецыянскае. Ведаеце, у чым сакрэт апошняга? Яго згубілі. Такіх люстэркаў больш няма. Каб яго праверыць, бярэцца люстэрка, падпальваецца запалка і падносіцца. Калі адбітак агеньчыка ў ім шматразова адлюстроўваецца, сыходзячы ў бясконцасць, — тады яно сапраўднае. Кожны журналіст сам абірае, якім люстэркам будзе.

    Для мяне найвышэйшая задача журналістыкі — гэта даць як мага больш гонару чалавеку за месца, дзе ён жыве, як мага больш ведаў. Не толькі ў беларускім эфіры, а і ў свеце ў прынцыпе вельмі мала адукацыйных тэлеканалаў, радыёстанцый. Таму я хачу «Мінскую хвалю» насыціць як мага большай колькасцю інфармацыі рознага плана. Дарэчы, у нас спачатку «Каляндар гісторыі» быў «адвязаны». Цяпер мы яго наблізілі да Беларусі, каб чалавек пра тое месца, дзе жыве, як мінімум чуў.

    Бо Беларусь — гэта настолькі закрытая зямля! Тут так шмат цікавага, а мы нават не ўсведамляем гэтага. Чаму? Бо нам ніхто пра гэта не сказаў. Такое не можа прыйсці як паветра ў галаву. А хто мусіць настроіць на падобную думку? Мы, журналісты. А для гэтага нам патрэбна бясконцая дапытлівасць. Пра Беларусь я ведаю шмат, бо, калі працавала у Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, мы зрабілі 42 праграмы «Траса М-1» (вандравалі па мястэчках і вёсках, якія можна напаткаць недалёка ад гэтай дарогі), з якіх Расіі было прысвечана толькі дзесяць. Рэдактар пастаянна адшукваў факты, якіх з паверхні не возьмеш. Я паехала, паглядзела на беларускія вёскі, і расказала пасля тысячам гледачоў. Выканала задачу: адкрыла тое месца, дзе мы жывём.

    На радыё існуе прапорцыя — 75% айчыннай музыкі і 25% — іншай. А мусіць быць усе 95% сваёй! Бо яе шмат. І яшчэ больш, чым мы думаем, якаснай. Нашто нам англамоўная музыка ў такіх вялікіх памерах? Каб з маладога пакалення гадаваць касмапалітаў? Ці ўсё ж такі патрыётаў? Гэта як псаваць свой жа калодзеж...

    — Тамара Рыгораўна, вы не беларуска, а так яскрава кажаце пра любоў да краіны...

    — Я абавязана любіць гэту краіну. Калісьці абрала для сябе Беларусь мэтанакіравана — з-за «Песняроў». Села на цягнік і з'ехала, бо для мяне гэта была «іх» краіна, поўная песень з пякучай энергетыкай. І ні на секунду не пашкадавала аб сваім рашэнні. Калі мяне адправілі працаваць у Маскву, я першы год плакала штовечар. Мае дзеці — ніхто! — не збіраецца пераязджаць жыць за мяжу. Адна з маіх дачок скончыла Літаратурны інстытут у Маскве і ўсё адно вярнулася ў Мінск.

    Беларусь — бясконцая. Была нядаўна ў вёсцы Міханавічы Мінскага раёна, а там выступаў гурт «Калыханка». Зусім дзеці, у народных строях, а якія галасы, як пастаўлены! Аўтэнтычныя што ні на ёсць. Ці нядаўна прывезлі нас ва Узду. Вёска ў 30 хат. Заводзяць у Палац культуры. Гляджу і пытаюся: што ў вас на сцяне? «А гэта маляванка». Я першы раз у жыцці бачыла маляваны дыванок. А яму гадоў сто, а фарба не аблупліваецца. У гэтым уся Беларусь! Людзі павінны ведаць, што Беларусь — гэта не чарка, скварка ды бульба. Гэта ў добрым сэнсе шалёныя галовы — беларусы!

    — Мы з вамі так шмат кажам аб працы… А як адпачываеце?

    — У мяне ёсць хатка ў вёсцы Дукора на Пухаўшчыне Мінскай вобласці. Колькі гадоў таму набыла сабе яе, яшчэ калі працавала ў Маскве. Прыехала, пабачыла і палюбіла з першага погляду. Гэта маё любімае месца, куды збягаю далей ад горада. Па суботах працую ў першай палове дня — вяду канцэрты-віншаванні на «Мінскай хвалі», а пасля сядаю на маршрутку — і пачынаецца сапраўдны адпачынак. Распальваю печ, раблю адтопленае малако, пяку хлеб, іду па грыбы. Бывае, збяруся, а вясковыя жанчыны, калі бачаць, што ў лес накіравалася, кажуць: «Куды ідзеш? Няма грыбоў больш». Я прыходжу назад праз пару гадзін з поўным вядром… Пасля чышчу, гатую. Варэнне вару, бо слівы ёсць. А яшчэ на мне бульба і памідоры, ружы… Усё пазнаецца ў параўнанні. Не надта і завіхаюся ў Дукоры, я ўсё ж гарадская, але гэта для мяне — суткі ў маім персанальным раі, таму што там я шмат гляджу, шмат думаю, шмат адчуваю… Жыву!

    Бліц-апытанне

    — Дзень ці ноч?

    — Ноч.

    — Дождж ці сонца?

    — Сонца. А лепш вясёлка!

    — Горы ці мора?

    — Мора.

    — Адпачынак ці праца?

    — Праца.

    Дзеці ці сябры?

    — Дзеці.

    Розум ці сэрца?

    — Сэрца.

    Аддаць ці ўзяць?

    — Аддаць.

    Маўчанне ці слова?

    — Слова.

    Зямля ці неба?

    — Зямля.

    Боль ці абязбольваючае?

    — Боль.

    Страх ці страсць?

    — Страх.

    Дарога ў храм ці дадому?

    Дадому.

    Автор: Вераніка ПуставітЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)