27 Апреля, 2024 Суббота

У Мінску прайшла выстава сучаснага мастацтва "Арт Капіталь: з Францыі ў Беларусь", у якой прынялі ўдзел і нашы землякі, мастакі Віктар АЛЬШЭЎСКІ і Ларыса ЖУРАВОВІЧ

  • 07 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    Першага снежня Мінск сустрэў нас завеяй, а Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва – заламі, што ззялі святлом і яркімі фарбамі жывапісных і графічных твораў. Да адкрыцця выставы заставаўся вольны час, і можна было, не спяшаючыся, пачытаць інфармацыю аб гэтай падзеі ў культурным жыцці нашай краіны.

    І сапраўды, каб зразумець маштаб і ўзровень яе, варта крыху ведаць гістрыю ўзнікнення “Арт Капіталь”.

    У 2006 годзе чатыры салоны, Салон французскіх мастакоў, Салон малюнку і акварэляў, Салон параўнанняў і Салон незалежных мастакоў, аб’ядналіся ў адзіны “Арт Капіталь”, які стаў буйной міжнароднай выстаўкай у Парыжы і штогод збірае пад зводамі Гран-Пале каля 2 тысяч мастакоў з усіх кантынентаў. Назва яго тлумачыцца  з дзвюх пазіцый: мастацтва як капітал, укладанне і як галоўнае, знакавае мастацтва.

    Летась у Гран-Пале ўпершыню былі прадстаўлены і беларускія мастакі В. АЛЬШЭЎСКІ, Г. БЕЛАВУСАВА, Ю. АНУШКА, Л. ЖУРАВОВІЧ, А. МАКАРЭВІЧ, М. ПЯТРУЛЬ, С. ПАРЦЯНКОЎ, П. СЕМЧАНКА, А. СЛЕПАЎ, А. ФАЛЕЙ, В. ШОБА. Яны і сталі ўдзельнікамі сёлетняга “Арт Капіталь: з Францыі ў Беларусь”, што ладзіўся ў Мінску, дзе паказвалі менавіта тыя свае творы, якія экспанаваліся восенню мінулага года ў Францыі. З французскага боку ў выставе ўдзельнічалі пятнаццаць прадстаўнікоў трох салонаў “Арт Капіталь”. Гэта пяць мастакоў з Салона параўнанняў з генеральным камісарам спадаром Ж. ПОРТАШАМ, столькі ж з Салона французскіх мастакоў на чале з прэзідэнтам спадарыняй  М. ДЭЛЯЛЁФ і такая ж самая колькасць з Салона малюнкаў і акварэляў, які ачольвае прэзідэнт спадарыня К. ЖАЕГ.

    Мэта выставы, якая стала рэдкай з’явай нават для нашай сталіцы, – пазнаёміць беларускага гледача з сучасным выяўленчым мастацтвам Францыі.

    Вядома, адна справа вывучаць культуру замежнай краіны па кнігах і па іх жа ведаць выбраных часам і гісторыяй выдатных мастакоў. І зусім іншая – бачыць зрэз сучаснага выяўленчага мастацтва, чуць яго дыханне і ход развіцця.

    Гэта выстава пачалася для мяне са здзіўлення. Сам сюжэт – кацёлкі саломы на ўскрайку зжатага поля – аказаўся настолькі звыклым, што падумала: наш, беларускі мастак замяніў сваю працу на іншую. Але не. Гэта быў твор Н. КЛЕМАН, і да таго ж выкананы ў тэхніцы пастэлі. Цікава! Але на гэтым паралелі з маімі ўлюбёнымі матывамі скончыліся. Усе наступныя творы былі для мяне здзіўляльным адкрыццём. Абсалютна свабодныя ў выбары матэрыялу, у матывах, манеры, светапоглядзе, яны, здаецца, ні ад каго і ні ад чаго не залежылі. Нашы мастакі, асабліва старэйшага пакалення, прызвычаіліся працаваць у выбраным накірунку, ставіць перад сабой канкрэтныя творчыя мэты, якія адлюстроўваюць сацыяльныя, гістарычныя, нацыянальныя праявы жыцця. Але тут, на выставе, адчула Францыю як асаблівую тэрыторыю з яе прыродай, людзьмі, ладам жыцця. Але ці магчыма яе паказаць у трыццаці творах?

    Я адчула эмацыйны настрой мастакоў, іхнія індывідуальнасць і светаўспрыманне. З цікавасцю агледзела, якія матывы яны выбіраюць, якімі матэрыяламі карыстаюцца – алейныя фарбы, акварэль, пастэль, фольга… Сярод тэм пераважае краявід: мора, рака, вадаспад, дрэвы, гарадскія вуліцы… Пейзажы намаляваны па выкананні як блізка да натуры, так і далёка ад яе. Звярнула ўвагу на некалькі жанравых кампазіцый, выявы кветак і жанчын. Нацюрморта, такога распаўсюджанага ў нас, практычна не было. Як і партрэта. Іхнія творы хутчэй можна назваць варыяцыямі на тэмы рэальнасці, чым зрэзам і адлюстраваннем яе. Я нават не магу вызначыць кірунак, у якім працуюць гэтыя французскія мастакі. Але ж тое – справа мастацтвазнаўцаў. Значна іншае: культурныя традыцыі краін, якія існуюць па адлегласці не так ужо і далёка адна ад адной і цікавыя для насельніцтва абедзвюх.

    Адкрыццё выставы вызначалася ўрачыстасцю. З прамовай выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі Павел ЛАТУШКА, дырэктар беларускага Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Наталля ШАРАНГОВІЧ, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА, ураджэнец нашай краіны Аркадзь ВАЛАДОСЬ, які жыве ў Францыі і шмат зрабіў, каб гэта выстава адбылася, і іншыя. Да слова сказаць, гэты творчы праект быў арганізаваны па ініцыятыве і праведзены пры падтрымцы Паўла Латушкі, Міністэрства культуры Беларусі.

    Слова на адкрыцці бралі і французскія мастакі. Прыемна, што чацвёра з іх – жанчыны.

    А далей усё адбывалася так, як бывае на цікавых і значных мерапрыемствах, — агляд экспазіцый, шумлівы людскі натоўп, успышкі фотакамер, сустрэчы, размовы…

    У зале беларускага мастацтва нашы мастакі прадставілі свае творы французскім і беларускім гледачам. Аб сваім “Восеньскім нацюрморце” пачула шмат эмацыйных, шчырых, добрых водгукаў. Жаданне сфатаграфавацца на фоне майго твора ў гледачоў узнікла само па сабе. І гэты здымак – адзін з самых прыемных для мяне.

    Нарэшце, мы ўсе, мастакі, перазнаёміліся. І каб не гэта нагода, калі я пагутарыла б з Сяргеем Парцянковым з Гомеля альбо Аляксандрам Слепавым з Віцебска? Мне прыемна было спаткацца на выставе і са сваімі настаўнікамі – Паўлам Семчанка і Васілём Шаранговічам.

    Я не спяшаюся даваць канчатковую ацэнку выставе. На памяць аб ёй у мяне застаўся каталог. Яшчэ не раз, пераглядаючы яго старонка за старонкай, буду ўважліва ўглядацца ў надрукаваныя ў ім творы і адзначаць для сябе правільнасць выбранага мною шляху ў мастацтве.

    Ларыса ЖУРАВОВІЧ,

    мастак. 

    Фота прадастаўлены аўтарам артыкула.

     

    Автор: Ларыса ЖУРАВОВІЧЗара над Друццю
    Теги: 

Комментарии (0)