20 Мая, 2024 Понедельник

Да 125-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча

  • 12 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    У ліпені-жніўні 1911 года па запрашэнні братоў Луцкевічаў ён адпачываў у фальварку Ракуцёўшчына. Зрэшты, сказаць «адпачываў» было б вялікай памылкай. Тут, у Ракуцёўшчыне, Багдановіч напісаў цыкл вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».

    … У Красным зварочваем з шашы Маладзечна – Мінск налева. На вясковую вуліцу, якая бярэ пачатак паміж будынкам сельвыканкама і царквой. Машына асцярожна паўзе ўгару: чацвер выдаўся з галалёдам, дажджом, дарога коўзкая. На самым версе пагорка дзве старадаўнія ліпы (кажуць, яны памятаюць Максіма). Правей – сядзіба: двор, агароджаны жэрдкамі, гумно, дом гаспадара. Маленькая хатка арандатара. Менавіта ў ёй кватараваў малады паэт, каб сваёй хваробай не чыніць турбот гаспадарам. І няхай усе будынкі – копіі, узведзеныя за нашым часам, стваральнікі музейнай экспазіцыі пастараліся колісь надаць ім падабенства з арыгіналам. Прынамсі хата арандатара ўзведзена на «родным» падмурку.

    Загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» Настасся Сярболіна (на здымку) амаль дзесяць гадоў ездзіць сюды з Маладзечна. Дабіраецца па-рознаму. Найчасцей электрычкай. Прызнаецца, што ходзіць ад станцыі Уша той дарогай, якой колісь хадзіў Максім. Пераконвае, што адно толькі дакрананне да гісторыі ўзвышае – і адступаюць некуды праблемы гаспадарчага і арганізацыйнага кшталту, а наперад выходзіць асоба Паэта.

    – Максім Багдановіч пражыў кароткае, такое трагічнае і адначасова яркае жыццё, але ён так многа зрабіў для беларускай літаратуры, для Беларусі наогул, – дзеліцца сваімі разважаннямі Настасся Мікалаеўна. – Выгадаваны ў рускамоўным асяродку, жывучы ў Расіі – спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, затым у Яраслаўлі, Крыме, Максім душой цягнуўся да роднай зямлі. Ракуцёўшчына стала для яго першым месцам знаёмства з беларускай глыбінкай, вёскай. І з аўтэнтычнымі, не рафінаванымі ў гарадскіх умовах беларусамі. Малады паэт гуляў па наваколлі, размаўляў з сялянамі, наталяў сваю прагу да беларускага слова. Убачанае, пачутае і асэнсаванае клалася затым на паперу…

    У родным краі ёсць крыніца

    Жывой вады.

    Там толькі я змагу пазбыцца

    Сваёй нуды.

    Багдановічам цікавяцца, прызнаецца субяседніца. І не толькі ў «юбілейны» год. Дзеці, мажліва, пакуль не ўсведамляюць усёй велічы гэтай асобы – у іх усё наперадзе. А вось дарослыя, моладзь, студэнты наведваюць Ракуцёўшчыну па поклічы сэрца.

    Па поклічы сэрца, а не па прымусе працягваюць руку дапамогі невялікаму калектыву філіяла і арганізацыі, асобныя грамадзяне. Да прыкладу, маладзечанскія супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС паспрыялі з устаноўкай ахоўнай сігналізацыі. Знаходзяцца ахвотнікі вясной і летам абкасіць тэрыторыю, нешта падрамантаваць, дапамагчы матэрыяламі…

    Людзі аўтарытэтныя, дасведчаныя ў літаратуры параўноўваюць «Ракуцёўскае лета» Максіма Багдановіча з «Болдзінскай восенню» Аляксандра Пушкіна. Прымем гэта сцвярджэнне як аксіёму. Хаця б таму ўжо, што менавіта ў Ракуцёўшчыне, на маладзечанскай зямлі, у дзевятнаццацігадовага паэта нарадзіліся радкі, якія перажывуць стагоддзі, будуць абуджаць у сэрцах нашчадкаў самыя светлыя, самыя ўзнёслыя і адначасова шчымлівыя пачуцці да радзімай старонкі, да жыцця.

    Автор: Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)