25 Апреля, 2024 Четверг

Беларускі салавей

  • 19 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    У гэтым годзе споўнілася 130 гадоў са дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі, чыя багатая літаратурная спадчына, пачынаючы ад ранніх лірычных мініяцюр у прозе і да апошняга твора, пазначана яркай арыгінальнасцю таленту, выразным наватарствам, тонкім і дакладным светаадчуваннем. З нагоды юбілея гэтага мастака слова ў нашай краіне быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных яго жыццёваму і творчаму шляху.

    Змітрок Бядуля, сапраўднае імя якога Самуіл Яфімавіч Плаўнік, нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў беднай яўрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец Вілейскага павета Віленскай губерні – зараз Лагойскі раён Мінскай вобласці.

    Як відаць з аўтабіяграфічнай аповесці “У дрымучых лясах”, у мястэчку налічвалася ўсяго 18-20 хат, дзе жылі яўрэі і беларусы. Бацька пісьменніка Хаім (Яфім) паспрабаваў мноства заняткаў: быў арандатарам, дробным гандляром. Нарэшце знайшоў месца прыказчыка ў купца-лесапрамыслоўца. Сям’я будучага пісьменніка была настолькі бедная, што напачатку не мела ўласнай хаты. Жылі ў дзеда, адзінага ў мястэчку каваля і медніка. Дзед Бядулі аказаў на яго з усіх родных найбольшы ўплыў – ён быў натурай шырокай, народнай, валодаў пачуццём гумару, немалым зарадам аптымізму, палымяна захапляўся яўрэйскай старажытнасцю, меў уласную бібліятэку.

    Бацькі хацелі бачыць Самуіла рабінам, паважаным у ваколіцы чалавекам, які настаўляе людзей на божы шлях і “есць белы хлеб”. Вучыўся  Змітрок Бядуля ў пасадскім хедары – пачатковай яўрэйскай школе, у мястэчку  Даўганава, а затым у ешыбоце – школе рабінаў, у Іллі. Пасля трох гадоў навучання Бядуля ўцёк з ешыботу, і з пятнаццацігадовага ўзросту пачаўся яго працоўны шлях –  настаўнікам у Пасадцы, Батурыне, пасля – прыказчыкам у канторы бацькі.

    Пра сваю літаратурную кар’еру ў аўтабіяграфіі, напісанай у сярэдзіне 30-х гадоў, Бядуля паведамляе: “Пісаць я пачаў з трынаццацігадовага ўзросту, на стараяўрэйскай мове. Узорам для мяне былі стараяўрэйскія вершы ХV стагоддзя, якія пісаліся пад уплывам арабскай філасофскай паэзіі таго часу на “божаскія тэмы”. Потым пачаў пісаць на тэмы прыродаапісальнага характару. А калі стаў вучыцца рускай мове, дык адразу пачаў пісаць і вершы  на гэтай мове. Побач з вершамі пісаў і прозай – з самага пачатку маленькія лірычныя  абразкі”.

    У 1909 годзе на вочы Змітраку Бядулю трапіла беларуская газета “Наша ніва”. Сам факт, што газета выдавалася на беларускай мове, якую ён добра ведаў, да якой прывык з дзяцінства, надзвычай уразіў маладога паэта. У хуткім часе Змітрок Бядуля наладжвае сувязь з рэдакцыяй, пачынае супрацоўнічаць з выданнем. Друкуе ў ім пяць карэспандэнцый і апавяданне «Пяюць начлежнікі». Першую карэспандэнцыю ён падпісаў псеўданімам Саша Пл-ік, пад другой подпіс — Змітро Бядуля, пад астатнімі — Змітрок Бядуля, а пад апавяданнем — С. Плаўнік.

    У 1912 годзе Змітрок Бядуля быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Працаваў у рэдакцыі «Нашай нівы» разам з Янкам Купалам. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулям у тыя гады, сталі класікай беларускай літаратуры. Летам 1915 года з Вільні вярнуўся ў Пасадзец, але калі фронт наблізіўся да роднай вёскі літаратара, то сям’я яго была вымушана ратавацца ад яўрэйскіх пагромаў, дарэчы, гэтыя падзеі адлюстраваны ў паэме «Жыды», напісанай пісьменнікам у тым жа годзе. Самуіл Плаўнік пераехаў у Мінск, дзе працаваў у гарадскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1916—1917 гадах у яго кватэры жыў Максім Багдановіч. У 1918 годзе  Бядуля супрацоўнічаў з газетай «Беларускі шлях», якая выдавалася падчас нямецкай акупацыі.

    Пасля ўстанаўлення савецкай улады некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь» і іншых газетах, быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі», грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Беларускае жыццё». У 1926 годзе пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

    На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Змітрок Бядуля быў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр 3 лістапада 1941 года ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны.

    Змітрок Бядуля ўвайшоў у беларускую літаратуру як “пісьменнік з душой чулай і паэтычнай”, які тонка адчуваў хараство, быў здольны дасканала перадаць ва ўсёй красе і шматстайнасці дзівосны свет роднай прыроды, дзіцячых мараў, чалавечай душы. Творы Змітрака Бядулі, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі, не страчваюць мастацкай значнасці і зараз і па праву займаюць належнае ім ганаровае месца.

    Автор: Ю. ДашкевичВеснік Чэрыкаўшчыны
    Теги: 

Комментарии (0)