24 Апреля, 2024 Среда

На кірмашы шум і гоман стаіць — гэта кожны сваё хваліць!

  • 23 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    Так абвяшчае народная прыказка і тым самым дае нам уяўленне пра кірмашы мінулага стагоддзя. Толькі тады на іх людзі прадавалі свой ураджай, жывёлу, вырабы народнага промыслу. Гандлявалі з прыбыткам, ці проста мянялі тавар на тавар. А колькі гісторый пра кірмашовых хітруноў патрапіла ў казкі! А яшчэ ў народзе казалі: «на кірмаш едуць на іншых паглядзець і сябе паказаць». Таму паступова кірмашы ператварыліся з бойкага гандлёвага месца ў месца зносін і сустрэч, куды людзі з’язджаліся за апошнімі навінамі, а то і сватацца.

    Традыцыі правядзення кірмашоў паступова адраджаюцца. Сведчаннем таму — «Калядны кірмаш», які другі раз запар (у мінулую суботу) прайшоў у курортным пасёлку Нарач. Распачаўся ён у дзве гадзіны дня. Хаця, сказаць праўду, гандлёвыя рады былі расстаўлены намнога раней да названага часу.  Жыхары курортнага пасёлка, а таксама аграгарадка Нарач, адпачываючыя са здраўніц падыходзілі да імправізаваных прылаўкаў, якія размясціліся пад домікамі-стрэшкамі, цікавіліся цэнамі, набывалі тавар, які спадабаўся. Без праблем можна было купіць падарункі і сувеніры са знакам надыходзячага года, упрыгожванні на навагоднюю ёлку. Прыходзілі нарачанцы і госці на кірмаш і станавіліся адначасова ўдзельнікамі свята. Калі яшчэ пабачыш такое? Толькі ў шчодрыя перадкалядныя дні, калі ладзяцца падобныя кірмашы.

    Як і ў папярэднюю суботу сувенірную прадукцыю прывезлі на кірмаш Дзягільскі і Лацвянскі Дамы майстра, Сваткаўскі сельскі Дом культуры. Як заўсёды вабілі да сябе работы, выкананыя майстрамі з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў. Прывезлі на кірмаш вырабы, зробленыя наведвальнікамі аддзялення прабывання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гандлявалі сваёй прадукцыяй і індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны прапаноўвалі сувеніры, якія адлюстроўвалі прыгажосць і непаўторнасць нашага Нарачанскага краю. Спыняліся людзі ля палаткі, у якой прадавалі камізэлькі, тапачкі, бурачкі з воўны. Хтосьці купляў, хтосьці толькі любаваўся.

    А тым часам вядучыя, а з гэтай роляй выдатна спраўляліся Ганна Казакевіч і Вольга Буянава, запрашаюць прысутных весяліцца, гукаць Дзеда Мароза і Снягурку. Вось і прыходзяць гэтыя казачныя героі.

    Ёсць дзе, братцы, разгуляцца,

    Ёсць пацешыцца калі.

    Хоць вазьмі і распраніся

    Ды ў прысядачкі валі.

    Такімі словамі Дзед Мароз запрашае ўсіх вадзіць карагод вакол навагодняй ёлкі. Загучала вясёлая музыка і закружыўся карагод. Пасля гэтага Дзед Мароз са Снягуркай адправіліся на свой «падворак», дзе прымалі заяўкі на навагоднія падарункі для дзяцей. Была магчымасць сфатаграфавацца з гэтымі казачнымі героямі. Працавала і спецыяльная пляцоўка для фатаграфавання.

    Па наваколлі разносілася вясёлая музыка. Па-сапраўднаму радавалі прысутных ансамбль народнай песні «Вечарынка» Крывіцкага гарпасялковага Дома культуры, а таксама самадзейныя артысты з Мядзельскага Дома культуры. Калі гучала вясёлая музыка, многія не вытрымлівалі і кідаліся ў скокі. І польку, і вальс, і «Летку-Еньку» танчылі.

    А хто замерз (праўда надвор’е было не марознае, але сыраватае), той мог пачаставацца гарачымі блінамі, кавай ці гарбатай, а таксама гарачай юшкай, якую прапаноўвалі работнікі кафэ «Беларуская хатка» ўнітарнага прадпрыемства «Крывіцкае РГП».

    — Я не тутэйшы, прыехаў з Расіі, адпачываю ў «Прыазёрным». Завітаў на ваша свята. Можа падкажаце, дзе прадаецца шашлык? — запытаўся ў мяне адзін з гасцей.

    На жаль, падказаць не змог, бо сам не бачыў, дзе яго смажаць і не чуў водару духмянага шашлыка. А вось каўбасы і іншыя мясныя вырабы прапаноўвалі ўдзельнікам кірмашу работнікі ААТ «Занарацкі».

    Калі дарослыя  больш весяліліся ля навагодняй ёлкі, то для моладзі сапраўдныя спартыўныя баталіі разгарнуліся ля «зялёнай сцэны». Тут школьнікі Нарацкай сярэдняй школы №2 на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццянай Васільеўнай Куцко ладзілі спаборніцтвы па перацягванні каната, ляпілі снегавікоў, гулялі ў сняжкі. Было весела і цікава.

    Не сумавалі і аматары верхавой язды. Яны мелі магчымасць пракаціцца на коніку, які быў гатовы павазіць і дарослых, і дзяцей.

    Як і на мінулым кірмашы, не пуставала гульнявая пляцоўка «Калядныя забавы». Работнікі Старагабскага сельскага Дома культуры прапаноўвалі кінуць палку і збіць ёй пастаўленыя калодачкі. Гэта штосьці накшталт гульні «Гарадкі», якая не мае ніякіх узроставых і фізічных абмежаванняў. Тут найбольш важна правільная пастаноўка кідка. Можна, канечне, гуляць без тэхнікі, па-народнаму. Але тады колькасць збітых фігур будзе «залежыць» ад тэорыі верагоднасці. Можа, вам некалькі разоў і пашанцуе, але часцей біта будзе пралятаць міма. Збоку паглядзець — нічога складанага. А паспрабаваць — атрымліваецца далёка не ў кожнага.

    А побач размясціліся «варажбіткі» са Слабадскога Дома культуры. Яны прапаноўвалі даведацца пра свой лёс, выцягнуўшы паленцы, пакруціўшы яйка, выкарыстоўваліся і іншыя атрыбуты варажбы.

    Актывісты і валанцёры грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» раздавалі на свяце памяткі з інфармацыяй па бяспечным выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, захаванні правілаў пажарнай бяспекі. Варта сказаць, калі ў пачатку мерапрыемства было нешматлюдна, то потым гледачоў і ўдзельнікаў кірмашу значна прыбавілася, асабліва калі прыехалі на аўтобусе адпачываючыя з санаторыя «Спадарожнік». Кіраўніцтва гэтай здраўніцы паклапацілася пра тое, каб падвезці на свята сваіх гасцей. І той, хто тут пабываў, думаю, ніколькі не пашкадаваў.


    Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

    Фота Аляксандра Высоцкага.


    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)