20 Апреля, 2024 Суббота

Маладзечанскі маладзёжный музычны народны тэатр адзначыў 10 гадоў

  • 28 декабря 2016 Культура Беларуская 0

    На ўсе сто згодзен з маэстра Рыгорам Сарокам, які на эмоцыях звярнуўся да залы: Сябры, такога грандыёзнага па напале страсцей выступлення ў Маладзечне яшчэ не было. Віншую! Думаю, што падобны канцэрт адбудзецца не хутка. З апошнім дазволю сабе не пагадзіцца.

    Ттворчы патэнцыял нашага горада, стрыжнем якога з’яўляюцца Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага і Палац культуры, сапраўды грандыёзны. І калі той жа маэстра Сарока са сваімі аднадумцамі-калегамі зноў возьмуць ініцыятыву ў свае рукі, нават немагчымае стане магчымым.

    На гэты раз гала-канцэрт прысвячаўся 10-годдзю Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра, стварэнне якога на базе каледжа стала сапраўднай з’явай у музычным мастацтве Беларусі.

    Творчы калектыў заявіў пра сябе 5 снежня 2006 года, а ўжо ў наступным красавіку адбылася пастаноўка оперы Пятра Чайкоўскага «Іаланта». Дэбют меў вялікі поспех і рэзананс і быў названы знакавай падзеяй у культурным жыцці Міншчыны.

    Затым былі «Травіята» Джузепе Вердзі (красавік 2008 года), «Яўгеній Анегін» Пятра Чайкоўскага (красавік 2009-га), канцэртнае выкананне оперы Жоржа Бізэ «Кармэн» (сакавік 2012-га). А ў снежні 2013 года тэатр вынес на суд гледача чарговы маштабны праект – оперу беларускага кампазітара Алега Залётнева «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт».

    Рэжысура гала-канцэрта была пабудавана па нарастаючай. У першым аддзяленні ў суправаджэнні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага (мастацкі кіраўнік і дырыжор Рыгор Сарока) прагучалі фрагменты з твораў сусветна вядомых майстроў опернага жанру і аперэты П. Чайкоўскага, Дж. Вердзі, Дж. Расіні, І. Кальмана, Г. Даніцэці, Ф. Легара, М. Глінкі, С. Манюшкі… Сольныя партыі выконвалі салісты маладзёжнага тэатра Мікалай Карпіевіч, Наталля Шыбко, Андрэй Мацюшонак. Як заўсёды, незабыўнае ўражанне пакінула выступленне змешанага хору каледжа, якім кіруе Вера Каханоўская. Але публіка чакала кульмінацыі.

    І яна наступіла ў другім аддзяленні. Дакладней, другая частка гала-канцэрта і была той самай кульмінацыяй. Што ні нумар – класіка, што ні саліст – майстар, што ні выступленне – верх эмоцый. Артысты адчувалі энергетыку залы і імкнуліся адпавядаць чаканням публікі. Тая ж, у сваю чаргу, не шкадавала апладысментаў і воклічаў «брава!» Уладзіславу Сулімскаму, салісту Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, Анатолію Сіўко, салісту Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Уладзіміру Дзмітруку, салісту Венскай оперы, Паўлу Валужыну, салісту Маскоўскага Вялікага тэатра, Яўгеніі Шырынянц, фіналістцы маскоўскага праекта «Вялікая опера», згаданым ужо Наталлі Шыбко, Мікалаю Карпіевічу і Андрэю Мацюшонку, музыкантам аркестра і выканаўцам хору. Усім, хто падарыў маладзечанцам незабыўнае свята, хто сілай музыкі з’яднаў у адзіным парыве сотні сэрцаў. І калі пасля апошняга акорда да ўдзельнікаў канцэрта далучыліся педагогі па вакале музычнага каледжа Георгій Юрэвіч і Маргарыта Васілевіч – гэта іх вучні бліскуча выступілі на сцэне гарадскога Палаца культуры – маэстра Сарока прамовіў прыведзеную ў пачатку гэтага артыкула фразу.

    Асабіста я глыбока перакананы: чарговага юбілею чакаць не давядзецца – чараўнікі сцэны здзівяць і парадуюць нас яшчэ шмат разоў!

    Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.

    Автор: Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)