Прыгажуні-дзяўчаты змянілі форму на бальныя сукенкі, нібы сняжынкі, кружыліся ў танцы вакол сваіх статных кавалераў: падэграс, полька і, канечне, вальс. На бале прысутнічалі і пачэсныя госці, сярод якіх рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алена Генадзьеўна Жучэнка, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, ваенных часцей, протаіерэй айцец Аляксандр.
З надыходзячым Новым годам павіншавала кадэтаў і іх бацькоў Святлана Уладзіміраўна Сітнікава: «Вы вучыцеся ў цудоўнай установе, і мы спадзяёмся, што будзеце годна служыць Радзіме. Ваш баль дае магчымасць адчуць сябе сапраўднымі дамамі і кавалерамі. Няхай усё ў вас атрымаецца, радасці, удачы вам». Начальнік аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама Уладзімір Аляксандравіч Гярэга пажадаў кадэтам падтрымліваць і працягваць добрыя традыцыі, усё тое добрае, чаму яны вучацца тут, і… даслужыцца да генералаў. Віншавальны адрас ад начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспублікі Беларусь Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зачытаў начальнік Слуцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Леанідавіч Ліхадзіеўскі. Павіншаваў усіх са святамі дырэктар вучылішча Сяргей Віктаравіч Мяцельскі, а таксама айцец Аляксандр. Быў і традыцыйны торт для кадэтаў, іншыя падарункі.
«Свецкі ручаёк», белы танец, «Ліза», вясёлыя танцы-гульні і, вядома, карагоды з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Прыгожыя пары, здавалася, могуць танцаваць бясконца. І пасля заканчэння балю разыходзіцца не спяшаліся, фатаграфаваліся, размаўлялі, развітваліся да наступнай чвэрці. Чароўнага Новага года, спаўнення жаданняў!

Комментарии (0)