26 Апреля, 2024 Пятница

"Будзьце здаровы, як рыжык баровы!"

  • 09 января 2017 Культура Беларуская 0

    «Прыйшла Каляда — адчыняй вароты!» — такімі словамі звычайна пачынаецца старажытны беларускі абрад калядавання… Жывуць традыцыі і на маладзечанскай зямлі: у горадзе і вёсках гэтымі днямі на вуліцах можна сустрэць асноўных персанажаў — Казу, Механошу, Мядзведзя ды іншых. У кагосьці з гурту ў руках абавязкова зорка — як сімвал зімовага сонцастаяння. З песнямі і віншаваннямі-пажаданнямі ходзяць калядоўшчыкі па хатах, а гаспадары адорваюць іх рознымі прысмакамі, лічаць прыход гасцей за гонар і звязваюць яго з паляпшэннем сямейнага дабрабыту.

    Сустрэлася вясёлая кампанія і на шляху журналістаў «Маладзечанскай газеты». Спяшалася яна ў дзіцячы сад №8. Удзельнікі этнаграфічнага клуба «Кола» раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы разыгралі старадаўні абрад «Шчадроўкі». Прычым святочнае дзейства было падрыхтавана для работнікаў адукацыйнай установы.

    Такі незвычайны тэатралізаваны сюрпрыз ініцыявала загадчыца сада Наталля Дзяруга, якая кіруе ім амаль год. І падначаленыя, і бацькі выхаванцаў заўважаюць, што з яе прыходам жыццё калектыву завіравала, нават самыя вопытныя супрацоўнікі ўстановы не памятаюць, каб для іх было арганізавана свята. Звычайна яны самі выступаюць у ролі чараўнікоў.

    Гумар, вясёлыя беларускія песні і танцы – усё было на «Шчадроўках» ад клуба «Кола». Для яго ўдзельнікаў адраджэнне старадаўніх традыцый — і захапленне, і сэнс жыцця. У гэтай суполцы з’ядналіся прадстаўнікі розных прафесій – педагогі і мастакі, інжынеры і рамеснікі… Клуб існуе другі год, кіруе ім Вольга Трубач (яна па адукацыі псіхолаг). Назва аб’яднання невыпадковая: удзельнікі арганізавалі першае свята, якое таксама прысвячалася Калядам, і далей усё закруцілася, нібы тое кола. Каб рэканструяваць той ці іншы абрад, яны плённа супрацоўнічаюць з музеямі, ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па ўсёй Беларусі. А адпаведныя строі шыюць па старадаўніх традыцыях і абавязкова ўручную.

    У дзіцячы сад №8 калядоўшчыкі прывялі вельмі таленавітую казу – яна і голас мае, і оперу спявае. Яе ролю трапна ўвасобіла Аляксандра Парфянюк (па адукацыі інжынер). А з Аленай Мятлюк (прафесійнай мастачкай) работнікі дашкольнай установы развучвалі старадаўнія беларускія танцы. Танцавалі, аж пакуль не змарыліся! Песні спявалі разам з Настассяй Шпілеўскай (яна выдатны рамеснік). А ў якасці гарманіста быў навучэнец музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Клім Бельскі.

    Час з калядоўшчыкамі праляцеў незаўважна. «Будзьце здаровы, як рыжык баровы!» – жадалі яны на развітанне.

    Сустрэчы з клубам «Кола» заўсёды ператвараюцца ў адметнае свята з нацыянальным каларытам. У новым годзе творчы калектыў прадоўжыць шукаць новыя падыходы пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў. «Колаўцы» будуць далей падымаць невядомыя пласты народнай культуры і старацца данесці яе да людзей. Прадоўжаць яны ладзіць вячоркі па серадах у будынку цэнтралізаванай клубнай сістэмы, якія палюбілі маладзечанцы рознага ўзросту і прафесій.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)