24 Апреля, 2024 Среда

У Брагінскім гістарычным музеі дзецям паказалі калядную пастаноўку аб нараджэнні Ісуса Хрыста

  • 11 января 2017 Культура Беларуская 0

    У  навагоднія  дні  наведвальнікі  музея атрымалі  магчымасць  пазнаёміцца з адным са старажытных  відаў  беларускага  мастацтва – батлейкай. Іх  увазе  была  прапанавана  лялечная  калядная  пастаноўка па  матывах  п’есы “Цар  Ірад”.

    Легенду аб нараджэнні Ісуса ўзнавілі ў памяці Алена Уласенка, кіраўнік тэатра “Батлейка”, што створаны пры дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай  бібліятэкі, і Надзея Мялешка, якая ўзначальвае гурток “Традыцыі нашага краю” пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Сюжэт вядомы многім. 

    Калі  Ірад даведаўся ад вешчуноў, што нарадзіўся новы цар Хрыстос, ён палічыў, што той стане прэтэндэнтам на яго трон. Каб гэтага пазбегнуць,  Ірад вырашае забіць нованароджанага. Але ён не ведаў, дзе той знаходзіцца, таму загадвае забіць у Віфлееме ўсіх немаўлят да двух гадоў. За свае злачынствы Ірад паплаціўся жыццём: смерць адсякла яму галаву, а чорт вынес у пекла. Дабро перамагло, і над батлейкай загарэлася Віфлеемская зорка.

    Пасля спектакля юныя гледачы, у ліку якіх  былі і ўдзельнікі сямейнага клуба “Натхненне”, даведаліся пра некаторыя “сакрэты” лялек, а жадаючыя нават паспрабавалі сябе ў ролі батлейнікаў.  

    Потым дзеці былі запрошаны на майстар-клас, падчас якога выраблялі  Калядную зорку. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама пазнаёміліся з гісторыяй гэтага сімвала Раства. Нагадаем, што згодна з Евангелем, зорка з'явілася на небе ў момант нараджэння Ісуса Хрыста і ўказала вешчунам шлях да немаўляці.

    Автор: Вольга ПАЛЯШЧУКМаяк Палесся

Комментарии (0)