19 Апреля, 2024 Пятница

"Свет мой сатканы з сонца"

  • 12 января 2017 Культура Беларуская 0

    Сваю чарговую выстаўку мастачка, якая нарадзілася ў Слуцку, прысвяціла 900-годдзю роднага горада і сваёй сястры Людміле Анатольеўне Дзідэнка.  51 работа, прадстаўленая ў экспазіцыі, – гэта пазітыў, святло, цёплыя, яскравыя колеры. Сама Алена Краснашчокава пра сваю творчасць гаворыць: «Я ствараю настрой».

    На адкрыццё выстаўкі прыйшлі родныя і сябры Алены Анатольеўны, педагогі Слуцкай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, аматары мастацтва. Гучалі цёплыя словы пра майстра, яе творчасць, віншаванні, пажаданні, былі і падарункі. Добрым словам успомнілі настаўніка Алены Анатольеўны Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна, які аказаў вялікі ўплыў на станаўленне мастачкі. Слуцкаму краязнаўчаму музею Алена Анатольеўна перадала карціну «Посвящение Слуцку – 900 лет», два творы – для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

    Каля 20 гадоў Алена Краснашчокава жыве і працуе ў Маскве, яна прыняла ўдзел больш чым у 150 выстаўках, звыш 30 – яе персанальныя. Яе работы ёсць у дзяржаўных і прыватных калекцыях у Германіі, Ізраілі, Англіі, Расіі і іншых краінах. Алена Анатольеўна многа падарожнічае.  Вось і выстаўка ў Слуцку – гэта выстаўка-падарожжа, гаворыць аўтар, «з роднага краю, ад роднага парога, ад мамачкі дарагой у новы свет». На яе карцінах – храмы, архітэктурныя помнікі, краявіды Случчыны, прадстаўлена і касмічная тэма. Усе работы прасякнуты асаблівым святлом, насычаны пяшчотнымі колерамі, цёплымі фарбамі, ствараюць сапраўды асаблівы настрой.

    – У нашай сям’і творчасцю ніхто не займаўся, сястра – педагог, брат – ваенны. А я ў 4 гады ўжо вырашыла стаць мастачкай, – расказвае Алена Анатольеўна, – а ў 5 заявіла, што буду знакамітай мастачкай. Мне блізкі імпрэсіянізм (іmpressіon – уражанне).

    І ўся мая творчасць такая –  суцэльнае ўражанне. Я хачу несці людзям святло, радасць. Дзе б я ні была, я заўсёды расказваю пра сваю Радзіму, пра Слуцк. На апошняй маёй выстаўцы ў Маскве многія наведвальнікі выказалі жаданне прыехаць у Беларусь. А некаторыя мае знаёмыя ўжо не раз пабывалі ў Слуцку. Сваю любоў да роднага горада я перадаю праз карціны, апавяданні.

    Алена Краснашчокава піша вершы, прозу. Такі рознабаковы талент. Яна падтрымлівае сувязь з землякамі, з’яўляецца членам грамадскай арганізацыі беларусаў у Маскве і Маскоўскай вобласці, удзельнічае ў мерапрыемствах арганізацыі. У бліжэйшых планах – персанальная выстаўка ў Маскве ў Пасольстве Беларусі ў Расіі. Зноў загучыць Слуцк за межамі нашай краіны.

    На адкрыцці выстаўкі ў галерэі імя У.С. Садзіна сяброўка Алены Анатольеўны з Масквы сказала, што перад паездкай у Слуцк чытала пра горад, яго гісторыю. Такое ўражанне, адзначыла яна, быццам Слуцкая зямля пасыпана зернем талентаў.

    Пэўна, так і ёсць. І зерне гэтае дае цудоўныя ўсходы, такі багаты ўраджай...

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край

Комментарии (0)