28 Марта, 2024 Четверг

Нарачанскія матывы

  • 13 января 2017 Культура Беларуская 0

    Павандраваць па азёрным краі з дапамогай жывапісу можна зараз у Мядзельскім музеі Народнай славы. Тут праходзіць выстава «Нарачанскія матывы ў творчасці беларускіх мастакоў». На прадстаўленых карцінах адлюстраваны краявіды азёрнага краю. Усяго выстаўлена 19 работ. Сярод іх  пейзажы Васіля Шаранговіча, Леаніда Безнаса, Фёдара Ладуцькі, Уладзіміра Сайко, Андрэя Лычкоўскага і іншых.

    — У наведвальнікаў ёсць выдатная магчымасць разам з мастакамі палюбавацца прыгажосцю Нарачанскага краю, — расказвае навуковы супрацоўнік музея Таццяна Пісарчык. — Асаблівае месца на выставе займаюць акварэлі нашага земляка, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

    На выставе прадстаўлены дзве яго акварэлі: «Царква ў Мікасецку» і «Качэргі».

    Возера Мястра папулярнае на выставе: яго можна пабачыць на карцінах яшчэ некалькіх мастакоў. Намаляваў яго таксама Уладзімір Сайко. З 2007 года мастак ладзіць персанальныя выставы жывапісу, удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектах у Беларусі і за яе межамі. Творы Уладзіміра Сайко захоўваюцца ў зборах міжнароднай арганізацыі па захаванні культурнай спадчыны «ЮНЕСКА» (Францыя), музеях Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Кітая, Італіі, Францыі, Германіі, Швейцарыі, ЗША і Польшчы.

    На выставе ёсць некалькі карцін прафесара Ваенна-марской акадэміі Леаніда Безнаса.

    — Творца лічыць, што ў яго жыцці ёсць тры дарогі, якія, цесна пераплятаючыся паміж сабой, заўсёды вялі яго ў правільным кірунку. Гэта служба на флоце, прафесійны спорт і творчая дзейнасць, — дадае Таццяна Пісарчык. — Гэтыя тры дарогі заўсёды падтрымлівалі Леаніда і прыносілі велізарнае маральнае задавальненне. Сваё жыццё ён звязаў з флотам, але не разлучаўся з эцюднікам.

    З нашым краем мастак звязаны з 1959 года, калі пачаў праводзіць тут адпачынак. На яго палотнах наведвальнік можа пабачыць краявіды возера Нарач і Мікасецка.

    Застаецца дадаць, што працягнецца выстава да канца студзеня.

    На здымках: акварэль Васіля Шаранговіча; творы з выставы.

    Автор: Аляксандр ВЫСОЦКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)