24 Апреля, 2024 Среда

Душа вёскі

  • 17 января 2017 Культура Беларуская 0

    На Каляды на Палессі вяскоўцы гатавалі сямейную перадкалядную вячэру. Звычайна гэта ячная каша з алеем або мёдам. Лічылася, якая куцця, такі будзе і ўраджай, які дзень, такі будзе і год.

    Не сварыліся, не пралі. У хату прыносілі сена, за сталом выклікалі «мароза». Існавала шмат іншых прыкмет і павер’яў. На Каляды ладзілі ігрышча, дзе танцавалі, гулялі. А яшчэ насілі «Звязду» – рухомую шмат-прамянёвую зорку, асветленую знутры. У язычніцкі час яна абазначала свяціла, адраджэнне якога адзначалі.

    Вёска Церабень Бабрыкоўскага сельсавета раскінулася сярод багатых лясоў і сакавітых лугоў. Мабыць, сама прырода натхняе жыхароў гэтай мясцовасці на тое, каб тварыць прыгожае і добрае. Менавіта тут жывуць людзі, якія не страцілі цікавасць да таго багацця, якое ім засталося ад продкаў. У вёсцы народная песня і абрады жывуць, развіваюцца, на-дзейна і беражліва захоўваюцца, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Песня ў вёсцы заўсёды была яе душой, якая на працягу многіх стагоддзяў не перастае здзіў-ляць, захапляць і ўражваць.

    Вось ужо два гады ў вёсцы працуе фальклорны гурт «Церабяначкі», мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Еўдакія Антонаўна Пташыц. Жанчына ўсё сваё жыццё прысвяціла рабоце ў школе, а зараз вырашыла

    аб’яднаць людзей з пэўнымі схільнасцямі і здольнасцямі да спеваў, людзей з асаблівай чуйнасцю да прыгажосці роднай мовы і песні. І гэта ў яе атрымалася.

    – Спачатку ў нашым калектыве, акрамя мяне, было яшчэ тры жанчыны, – расказвае Еўдакія Антонаўна. – Гэта Марыя Сямёнаўна Завадская, Яўгенія Мікалаеўна Бірук, Вольга Пятроўна Багачова, а не так даўно калектыў папоўніўся яшчэ дзвюма спявачкамі – Ва-лянцінай Уладзіміраўнай Шышко і Ганнай Іванаўнай Кірыковіч. Нашым акампаніятарам з’яўляецца Мікалай Адамавіч Ганчар, які прыязджае на рэпетыцыі і выступленні ў Церабень з суседняй вёскі Пласкінь.

    У рэпертуары «Церабяначак» можна пачуць каляндарна-абрадавыя песні, песні нядолі і змагання, пра каханне, пра сямейнае жыццё, жартоўныя і сатырычныя, песні да танцаў, прыпеўкі. Кожная з іх не падобная адна да адной. Песні маюць арыгінальныя, непаўторныя рысы.

    Адметнасць фальклорнага гурта «Церабяначкі» у тым, што яго ўдзельнікі выконваюць не толькі традыцыйныя беларускія песні і абрады, а менавіта церабенскія. Гэта стала магчымым дзякуючы адной з удзельніц гурта – Марыі Сямёнаўне Завадскай. Жанчына фактычна па сваіх успамінах і ўспамінах старэйшых вяскоўцаў зрабіла запісы песень і абрадаў, якія цяпер выконвае гурт.

    За час свайго існавання фальклорны гурт «Церабяначкі» прымаў удзел у IX Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор», этнаграфічным канцэрце «Фальклор беларускай глыбінкі» у Мінску, V фальклорным абрадзе «Юр’я» на сядзібе «Палескія традыцыі» (в. Андронава Кобрынскага раёна), абласным этнаграфічным канцэрце «Першы дзень вяселля ў доме маладой» з цыкла «Рух зямлі» (г. Брэст), канцэрце «Сустрэча на Палессі» (в. Качановічы), камерным фальклорным фестывалі «Pesni Bagien» у мястэчцы-парку Вера Вера-шчынская Валадаўскага павета (Рэспубліка Польшча). Не так даўно вёску Церабень наведала фальклорная экспедыцыя кафедры рускага народнага песеннага мастацтва Санкт-Пецярбург-скага інстытута культуры пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры рускага народнага песеннага мастацтва Марыны Анатольеўны Кузняцовай.

    Надышлі Каляды, і «Церабяначкі» абходзяць з песнямі адну хату за другой. Падыйшоўшы пад акно, адзін з каляднікаў просіць дазволу «спяваць Каляду», гаворачы: «Коляду заспываты чы так коляды даты?». Атрымаўшы дазвол калядаваць, жанчыны пачынаюць спяваць:

    Ой ходылі мы, ой блудылі мы, Святы Вэчор!

    Заблудылі мы ў цёмному лесу, Святы Вэчор!

    Прыблудылі мы к доброму господару, Святы Вэчор!

    У доброго господара поўна обора скота, Святы Вэчор!

    Поўна обора скота, поўна клуня добра, Святы Вэчор!

    У сваіх песнях каляднікі праслаўляюць гаспадароў і іх дзяцей, жадаюць дабрабыту. Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы.

     Фальклорны гурт «Церабяначкі» у бліжэйшы час рыхтуецца атрымаць званне «народны». Паважаныя «Церабяначкі», няхай ваша жыццё будзе доўгім і шчаслівым, а песні – добрымі і мілагучнымі.

    Автор: Татьяна ПолховскаяПолесская правда
    Теги: 

Комментарии (0)