“Пластылінавы настрой” – такую назву носіць новая выстаўка, што пачала сваю работу ў Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі 15 студзеня. Усе прадстаўленыя на ёй работы, а іх 57, выкананыя ў нетрадыцыйнай мастацкай тэхніцы – пластылінаграфіі. Такія незвычайныя карціны экспануюцца ў музеі ўпершыню.
Маляванне пластылінам – захапленне мастачкі з Ружан Жанны Верхавец, якая прыехала на адкрыццё выстаўкі і нават паказала наведвальнікам майстар-клас па пластылінавым жывапісе. Лоўкасць рук – і ў жанчыны атрымліваюцца плоскасныя, барэльефныя і выпуклыя карціны, выкананыя з дапамогай розных творчых прыёмаў: аплікацыі з пластыліну, лепкі, размазвання, пластылінавага мазка і іншых. Фарбы і алоўкі сталі сябрамі Жанны яшчэ ў дзяцінстве, а пластылін “спакусіў” яе, калі сталі падрастаць дзеці. У адным са сваіх інтэрв’ю яна сказала, што ў кожнага з нас у сэрцы, у душы свеціць сваё маленькае сонейка, і яна сваё спрабуе выразіць у карцінах і падарыць усім, каму яны прыйдуцца даспадобы. Пра сонца ўнутры, якім варта дзяліцца, пра тое, як немалаважна і верыць у цуды, і самім станавіцца Цудам, узгадвала мастачка і падчас выступлення на адкрыцці сваёй выстаўкі ў Івацэвічах. Расказвала, як кожная новая карціна развівае яе мысленне, фантазію, уяўленне і адначасова дапамагае пазбавіцца ад напругі, супакоіцца, падымае настрой. Яе натхняюць работы сучасных мастакоў: Л. Ахрэмава, А. Сяргеева, Дз. Кустановіча, Л. Скрыпчанка, Г. Геркена.
Цікава, што метад малявання пластылінам узнік адносна нядаўна, але адразу стаў папулярным і сярод дзяцей, і сярод дарослых. Лічыцца, што ён быў прыдуманы англічанінам Джэймсам Мэем, які стварыў у Велікабрытаніі сапраўдны пластылінавы кветкавы сад – на ўвасабленне ў жыццё гэтай задумкі спатрэбілася 2,5 тоны пластыліну! Пазней мастачка з Канады Барбара Рэйд пластылінам праілюстравала дзіцячую аповесць. А мастачка-ілюстратар Ірма Груенхольз з Іспаніі ўвогуле стварае з пластыліну трохмерныя мадэлі. А што ж малюе Жанна Верхавец?
Тэматыка яе карцін самая розныя, але невыпадкова ў назве выстаўкі ёсць слова “настрой”. Яны сапраўды з настроем – гледзячы на работы, адчуеш і замілаванне, і настальгію, і светлую самоту, і моцную радасць. А незвычайнае ўвасабленне ідэй, калі, здаецца, быццам макі ажываюць і цягнуць да цябе свае пялёсткі, калі ў самыя вочы табе заглядае кацяня – позіркам, нібы ведае пра цябе ўсё і нават болей, калі быццам і на цябе ляцяць кроплі дажджу, пад якім крочаць закаханыя, раскрыўшы парасон – заварожыць, узрушыць, кране, не пакіне раўнадушным.
Жанна Верхавец – часты ўдзельнік выставак і святаў у Ружанах, Пружанах. У мінулым годзе яна брала ўдзел у конкурсе “Новыя імёны Беларусі-2016”, яе карціны экспанаваліся ў Мінску падчас работы навуковай канферэнцыі “Навука і бізнес” ў Парку высокіх тэхналогій. Выстаўляліся яны і ў музеі “Ружанскага палацавага комплекса Сапегаў”.
Выстаўка “Пластылінавы настрой” у Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі працягне сваю работу да 25 лютага. Кошт білета для дарослага – 1 руб., для дзіцяці – 50 кап. Экскурсія па выстаўцы каштуе 1,50 руб.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
На здымку: Падчас майстар-класа ад Жанны Верхавец.
Комментарии (0)