20 Мая, 2024 Понедельник

Дзякуй, Палац, што жыццё разнастаіш!

  • 23 января 2017 Культура Беларуская 0

    Журналісты «Маладзечанскай газеты» раздзялілі радасць калектыву гарадскога Палаца культуры з нагоды прысуджэння яму спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва па выніках мінулага года.

    Сярод дзесяці лаўрэатаў толькі два з Мінскай вобласці. Між тым саіскальнікаў было каля 150. Вельмі прыемна, што дзяржава так высока ацаніла ўклад нашай вядучай установы культуры ў развіццё самадзейнай мастацкай творчасці, рэалізацыю звыш ста праектаў і мерапрыемстваў у Маладзечне — культурнай сталіцы Беларусі мінулага года.

    Стымул на будучыню

    — Мы прыклалі шмат намаганняў, каб нашы мерапрыемствы былі разнажанравымі, ахапілі ўсе слаі насельніцтва, — гаворыць дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока. — Хацелася б прыгадаць самыя маштабныя праекты мінулага года. Сярод іх Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, галоўным арганізатарам якога тры апошнія гады з’яўляецца Палац культуры. Разам з расійскім «Радыё Шансон» правялі міжнародны фестываль «Залаты шансон», у якім прынялі ўдзел звыш 20 расійскіх і беларускіх выканаўцаў. Шырокі рэзананс атрымалі міжнародныя пленэры мастакоў і скульптараў, рэспубліканскі фестываль бардаўскай песні «Подых струн», праекты «Майстры мастацтваў – культурнай сталіцы», «Маладзечна запрашае», «Маладзечанцы – роднаму гораду». Адметна, што зроблены тэлеверсіі многіх канцэртаў, якія жыхары ўсёй краіны цяпер могуць убачыць на Беларускім тэлебачанні. На ўрачыстасць з нагоды ўручэння прэміі ў Палац Рэспублікі было запрошана 30 супрацоўнікаў нашага калектыву, я бачыла, як свяціліся ад радасці іх вочы. Для атрымання ўзнагароды мы выходзілі на сцэну разам з Яўгеніем Гарчаніным, які 44 гады працуе ў заслужаным  аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь ансамблі песні і танца «Спадчына», 43 з іх быў хормайстрам, апошні год з’яўляецца   мастацкім кіраўніком. Гэты калектыў – наш гонар, візітная картка Маладзечаншчыны. Кожны кіраўнік, удзельнік 35 аматарскіх калектываў Палаца адчуваў сябе ў гэты дзень віноўнікам урачыстасці. Мы перадалі статус культурнай сталіцы, але гэта не значыць, што 2017 год будзе менш насычаны на мерапрыемствы як мясцовага, так і рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню. Маладзечанцаў чакае шмат цікавых падзей.

    Наш другі дом

    Поспех, прызнанне – плён самаадданай працы кожнага са 170 работнікаў Палаца культуры. Каб зразумець, як з дня ў дзень па крупінках ствараюцца новыя нумары, праграмы, выстаўкі, журналісты «МГ» пабывалі на рэпетыцыях, убачылі закуліснае жыццё, пагаварылі з юнымі і дарослымі ўдзельнікамі калектываў.

    «Гэта наш другі дом!» — гавораць пра Палац культуры выхаванкі сярэдняй групы ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Сонечныя праменьчыкі» Дзіяна Карповіч, Саша Прадуха, Маша Кучко, Соня Бруй. Першыя па дзяўчынкі асвойвалі ў дашкольным узросце, цяпер яны вопытныя танцоркі, у якіх за плячыма па пяць-шэсць гадоў рэпетыцый і выступленняў. Ансамбль існуе чвэрць стагоддзя, ім нязменна кіруе Людміла Барысевіч, яе правая рука – канцэртмайстар Алёна Якавец. За гэты час многія выпускнікі сталі прафесійнымі танцорамі, харэографамі: дзіцячае захапленне перарасло ў справу ўсяго жыцця.

    Цікава, што ў рэпертуары калектыву ёсць кампазіцыі, якія ён выконвае ўсе 25 гадоў, сярод іх «Паўночная чайка». Сярод самых запатрабаваных і любімых гледачамі — «Чорнае-белае», «Калінка-малінка», «Палянка». За эфектнымі пастаноўкамі – адданасць прафесіі, творчы пошук, любоў да дзяцей, неабыякавасць да іх лёсу. І гэтымі якасцямі валодае пераважная большасць работнікаў Палаца культуры.

    Чацвяргі з Аленай Атрашкевіч

    — Алена Віктараўна, што вымушае вас, вядомага ў краіне кампазітара,   выкладчыка Мінскага абласнога каледжа мастацтваў, кожны чацвер ехаць у Маладзечна на заняткі са сваімі студыйцамі? – пытаюся ў кіраўніка ўзорнай студыі эстраднай песні «Спяваем разам» Алены Атрашкевіч.

    — Найперш дзіцячыя вочы. Мяне тут чакаюць, таму я «расчышчаю» для сябе чацвяргі, каб цэлы дзень прысвяціць сваім выхаванцам, — гаворыць кампазітар, творчы вечар якой з вялікім поспехам прайшоў нядаўна ў Палацы культуры.

    Гэты год у студыі асаблівы: яна адзначыць сваё 20-годдзе. Шмат слаўнай моладзі выхавала яна, многія працягваюць вучобу ў музычных каледжах, профільных ВНУ. Уся краіна ведае Дзмітрыя Сяргеева, Дарыю, Аляксандра Салаўёва, якія ў школьныя гады займаліся ў Алены Віктараўны. На змену ім прыйшлі юныя вакалісты.

    — Таленты самі нас знаходзяць! Цяпер у мяне 17 выхаванцаў, — з усмешкай гаворыць кампазітар.

    А рукі яе, як заўсёды, на клавішах піяніна. І вось ужо гучыць мелодыя, а абаяльны Лёша Васілеўскі пачынае распеўку: «Дзімі, дзімі, дзімі, дам…». Не звяртаючы ўвагі на камеры журналістаў, хлопчык не тушуецца, упэўнена і чыста выводзіць гукі. Няйначай, артыст расце…

    Гурток працягваецца дома

    Адзін-два заняткі — і задорны скураны певень, сімвал 2017 года, гатовы: можна ўпрыгожыць свой дом, падарыць сябрам…

    — Калі старэйшая дачка Крысціна пачала займацца ў народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, неабходнасць шукаць падарункі ў магазінах адпала. Да дня нараджэння кожнага сваяка ці сябра ў Крысціны быў гатовы арыгінальны прэзент, — расказвае Алена Клімовіч. – Цяпер у студыю ходзіць малодшая дачка Лера. Яна настолькі прасякнулася атмасферай мастацтва, фантазіі, што ідэі ў яе з’яўляюцца пастаянна. Тата майструе шпакоўню, Лера ўпрыгожвае яе кавалачкамі скуры. Адным словам, у нас дома таксама творчая майстэрня. Мне і самой гэта стала цікава, калі ёсць вольны час, прыходжу ў Палац разам з дачкой.

    — Сапраўды, да нас ходзяць школьнікі, іх бацькі, нават пенсіянеры – кожны знойдзе занятак па душы, — падключаецца да размовы кіраўнік студыі Галіна Сушко, якая паспяхова прымнажае традыцыі, закладзеныя яе папярэднікамі Ядвігай Раздзялоўскай, Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім.

    Пяць тысяч касцюмаў і засушаныя абаранкі

    Упершыню мы пабывалі ў святая святых Палаца культуры адной з касцюмерных. Шыкоўныя бальныя сукенкі, камплекты касцюмаў у народным стылі, убранні, спецыяльна пашытыя для сюжэтных танцаў, акуратна вісяць у два паверхі. Загадчыца касцюмернай Людміла Раўба з заплюшчанымі вачыма без памылкі адшукае патрэбны. На адной з паліц мы заўважылі нізку абаранкаў. Аказваецца, яны не бутафорскія, а самыя сапраўдныя, іх выкарыстоўваюць у адным з танцаў. Спакусы іх пакаштаваць у артыстаў няма: ад часу яны сталі каменнымі…

    За 15 гадоў існавання ўстановы сабралася каля пяці тысяч сцэнічных касцюмаў. Дарэчы, Людміла Канстанцінаўна сваімі рукамі пашыла многія з убораў, якія распрацоўвае і ўвасабляе ў жыццё таленавіты мастак-мадэльер Наталля Мялюк.

    Мы зазірнулі толькі ў некаторыя студыі Палаца і ў чарговы раз пераканаліся, якія неабыякавыя і творчыя людзі тут працуюць. Кожны дзень яны прапануюць нам нешта новае. За гэта мы і любім наш Палац і ўдзячныя ўсім, хто напаўняе яго цудоўныя залы жыццём і ператварае нашы будні ў святы.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)