26 Апреля, 2024 Пятница

Як жывая крыніца, з сэрца песня бруіцца

  • 24 января 2017 Культура Беларуская 0

    Няспынна снуе сівы час сваё суровае прадзіва, у аснову якога пакладзена шчырая праца людская, бо з раніцы да вечара шчыруюць рупліўцы на шырокай працоўнай ніве ў адвечных клопатах пра хлеб надзённы. Здараецца, чалавека ахінаюць лянівая млявасць, цягучая, панурая стома, душа адчувае сябе непрыкаянай палонніцай, зняволенай у аднастайным будзённым свеце.

    Ды аднойчы прыходзіць свята… Яно яскрава праменіцца – і ўплятаюцца ў жыццёвыя кросны зіхатлівыя ніці, выцінаецца незвычайна прывабны ўзор. І ўстрапянецца душа, зачараваная песняй, убачыць неабсяжны свет з ранкамі ў сонечным німбе, з вечарамі ў зорнай расе, узрадуецца і праслязіцца пачуццём праўдзівым, як сляза дзіцяці, і покліч вякоў мінулых учуе ў гэтай песні, і ўсвядоміць чалавечую еднасць сваю з далёка-блізкімі прашчурамі.

    Хвалюючае, урачыстае свята завітала ў марозны студзеньскі час на блаславёную Янаўскую зямлю – юбілейны, дзясяты, рэгіянальны фэст “Фальклор без межаў”. І цяплынь такая запанавала пасярод зімы, такая святлынь!.. Шматгалосым, шматкаляровых рэхам адгукаліся песні артыстаў – а іх прыехала з розных куточкаў Іванаўшчыны, блакітнавокай Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны каля паўтысячы чалавек – у сэрцах гледачоў, усіх, хто пранікнуўся жыватворным духам фестывалю.

    Адкрыццё святочнай імпрэзы адбылося 13 студзеня ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый.

    …Святы вечар раскрыў свой зорны купал над зямлёй, над заснежанымі дрэвамі, свяшчэннымі храмамі. На бялюткі дол спусціліся з нябёсаў светлыя анёлы з трапяткімі свечачкамі, славячы нараджэнне Хрыста.

    У спеў анёлаў гарманічна ўплятаюцца радасна-велічальныя песні шчадроўшчыкаў, якія абыходзяць хаты са шчырымі вітаннямі-пажаданнямі гаспадарам з нагоды святак, апяваючы багаты вечар.

    Так пранікнёна-кранальна распачалося святочнае дзейства.

    Зора засвяціла, свет узвесяліла

    — Мы ў чарговы раз упэўніліся, што фестываль, як і сяброўскія стасункі, не мае межаў, — шчыра вітаючы на Янаўскай зямлі гасцей з Расіі, Польшчы, Украіны, Беларусі, зазначыў, адкрываючы ўрачыстасць, кіраўнік раёна Ю.Ю.Бісун. Год ад году мерапрыемства становіцца ўсё больш папулярным і жаданым для гасцей, пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў. У свята ёсць свая адметнасць: у адрозненне ад аналагічных мерапрыемстваў папярэдніх гадоў, якія праводзіліся ў хрышчэнскія дні, сёлетні фэст распачаў сваё красамоўнае шэсце на Шчодрык, бо шчодры вечар – добры вечар.

    Дзея імпрэзы адбываецца на прасторнай сцэне раённага ЦКіНТ, стылізаванай пад беларускую хату, дзе жывуць муж і жонка Валодзя ды Ярына і іх дачушкі. Да гасцінных гаспадароў завітваюць калядоўшчыкі.

    — Шчэдрый вэчір, добры люды! Хай вам шчасце ўсюды будэ! – жадаюць наведвальнікі. – Ясна зірка освэтыла нам дорогу дай до вашого порогу.

    Гаспадары шчыра рады гасцям, тым больш, што ўсе чатыры дачкі гаспадароў не замужам. Мо нехта з раджаных і стане іх зяцем, мяркуюць бацькі.

    Дзяўчаты ж, марачы пра кавалераў, распачынаюць варожбы.

    Шчадровачка шчадравала, да акенца прыпадала

    У шчадроўскі вечар у хату Валодзі і Ярыны завіталі калядоўшчыкі з дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды, Іванаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, народны ансамбль танца “Янаўцы”, народны ансамбль “Асалода”, народны ансамбль народнай музыкі і песні заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Палешукі», народны хор “Агні Ясельды” РЦКіНТ, тэатр моды “Папараць-кветка” з Пружан, узорны ансамбль эстраднага танца “Капрыз” з Камянца, вакальны ансамбль “Альшанка” Ляхавіцкага раёна, мастацкі кіраўнік мужчынскага тэатра гумару “Слуцкія кавалеры” Аляксандр Наумовіч, народны ансамбль танца «Кордэс» са Случчыны, народны ансамбль “Чэрвеньскія балагуры”, народны фальклорны гурт “Расіца” г.Любань Мінскай вобласці, народны аматарскі ансамбль народнай песні “Джерела” Маневіцкага раённага Дома культуры і этнагрупа “Дулібы” з Роўна (Украіна), фальклорны гурт “Цаглінкі” з Гайнаўкі (Польшча), народны ансамбль “Бранскі карагод” і ўзорна-мастацкі ансамбль танца “Расіяне” з Бранска (Расія).

    Ярка, зіхатліва палымнела калядная зорка. Задушэўныя, мілагучныя распевы, у якіх услаўлялася святое Ражджаство Хрыстова, перапляталіся з народнымі песнямі, якія выконваліся бадзёра, з зайздросным імпэтам. Пявучыя галасы артыстаў ліліся вольна, звонка. Госці жадалі гаспадарам шчодрага вечара, здароўя і багацця, ладу і згоды ў сям’і, міру на зямлі. Шчодра сыпаліся гуллівыя пацешкі, прыказкі, дасціпныя жарты. А калі калядоўшчыкі ішлі ў скокі, па-заліхвацку вытвараючы мудрагелістыя выкрунтасы ў танцы, то, здавалася, іскры з-пад ног ляцелі.

    Менавіта сярод шчадравальнікаў чатыры сястры і знайшлі сабе жаніхоў. Усціння-весялушка вываражыла сабе кавалера з Украіны, сарамлівая Праскоўя – чэрвеньскага балагура, Аксютка-майстрыха – музыканта з Бранска, а суджаным малодшанькай – Настачкі, аказаўся хлопец з тутэйшых, палешукоў, якога цешча на радасцях абяцала на руках насіць.

    Так за адзін вечар Валодзя і Ярына сваіх дачок і “прыстроілі”. Шчаслівыя гаспадары ўсіх гасцей запрасілі на вяселле, якое мела адбыцца на наступны дзень, 14 чэрвеня, у Тышкавічах.

    Фестывальная мазаіка

    У першы фестывальны дзень у раённым Цэнтры культуры і народных традыцый была арганізавана выстава-дэгустацыя. На ёй былі прадстаўлены калядныя стравы беларускай нацыянальнай кухні, якія падрыхтавалі для гасцей супрацоўнікі бібліятэкі імя Ф.Панфёрава, Іванаўскі цэх Бярозаўскага сыраробнага камбіната, філіял раённага спажывецкага таварыства “Марыля”, усім даспадобы прыйшліся каўбасныя і рыбныя вырабы мотальскіх прадпрымальнікаў. Удзельнікі фестывалю мелі магчымасць ацаніць не толькі непераўзыдзены смак беларускіх страў, але, разам з тым, і добразычлівасць, гасціннасць янаўскіх палешукоў.

    Па старажытнай традыцыі ў шчадроўскі вечар калектывы абыходзілі са шчадроўскімі песнямі, віншаваннямі дамы і кватэры гараджан. Шчодра рассыпаліся ў кожнай хаце,  у якую завіталі раджаныя, залацінкі народнай песні, развейваўся смутак, у сэрцах запаноўвала свята.

    Пазней фестывальныя ўрачыстасці прадоўжыліся на плошчы народным гуляннем.

    Ірына САЛОМКА.

    Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

    Автор: Ирина СоломкаЧырвоная звязда
    Теги: 

Комментарии (0)