19 Мая, 2024 Воскресенье

Этнографа з Беларусі параўноўваюць з Міклуха-Маклаем

  • 24 января 2017 Культура Беларуская 0

    На жаль, прозвішча Аляксандра Эстрына родам з Мсціслава, якога параўноўваюць з Міклуха-Маклаем, малавядомае

    Ён унёс вялікі ўклад у этнаграфію, антрапалогію, а таксама ў заалогію. Прадметы з калекцый, якія ён збіраў, можна ўбачыць у Санкт-Пецярбургскай кунсткамеры. Ён сябраваў са знакамітым скульптарам Агюстам Радэнам, быў знаёмы з бальшавіцкім дзеячам Анатолем Луначарскім і іншымі вядомымі людзьмі. Максім Горкі дапамог яму з жонкай вярнуцца на Радзіму. Ён пабываў у ЗША, Кітаі, Японіі, на востраве Ява...

    Эскізы Радэна ў... буржуйку

    Аляксандр Самуілавіч нарадзіўся ў правінцыйным Мсціславе ў 1889 годзе ў шматдзетнай сям'і. Яго бацька, як і дзед, і прадзед, быў рабочым. Верагодна, таму ў Сашы былі «залатыя рукі». Ён лёгка навучыўся апрацоўваць метал у родным гарадку. І працягнуў «шліфаваць майстэрства» ў Санкт-Пецярбургу. Каб хлопец патрапіў у Парыж і стаў сапраўдным «асам металічных спраў», бацькі прадалі карову. У сталіцы Францыі жыў іх далёкі сваяк. Дарэчы, Саша не ведаў ні слова па-французску, ды і рускай валодаў дрэнна. Размаўляў на ідыш. Але хутка за мяжой засвоіў дзве мовы. Сярод парыжан было нямала рускіх...

    Ён вучыўся майстэрству ахвотна. І атрымаў вышэйшую кваліфікацыю па халоднай апрацоўцы металу, стаў высокакваліфікаваным зваршчыкам.

    У Луўры Аляксандр слухаў лекцыі Луначарскага пра мастацтва. Агюст Радэн не шкадаваў кампліментаў на адрас «майстра на ўсе рукі». І ў знак вялікай сімпатыі падарыў яму свае эскізы. Праз гады імі прыйдзецца замест дроў падтрымліваць агонь у буржуйцы ў блакадным Ленінградзе. Такім чынам цеплыня чалавечай прыхільнасці стала «цяплом для жыцця». І сям'я Эстрына выратавалася ад холаду...

    Але да Другой сусветнай вайны яшчэ было шмат часу. А падчас Першай сусветнай наш герой паехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёрку ў механічных майстэрнях. Вывучыў англійскую мову. Мог бы і застацца ў краіне, дзе ва ўсе часы цанілі майстроў з вялікай літары. Але цягнула дамоў.

    Валодаў джыу-джыцу!

    Параход, які накіроўваўся ва Уладзівасток, з нейкіх прычын прышвартаваўся ў порце кітайскага горада Шанхая. Без праблем Аляксандр знайшоў работу і там. Потым пераехаў у Японію, дзе пазнаёміўся з дзяўчынай Ганнай Якаўлеўнай Сматрыцкай, якая стала яго жонкай.

    Яе малая радзіма — украінскі Елісаветград (да 2016 года — Кіраваград, цяпер — Крапіўніцкі). Цікава, што яна — дачка багатых яўрэйскіх бацькоў вучылася іграць на фартэпіяна ў знакамітага потым піяніста і педагога Генрыха Нейгаўза (народны артыст РСФСР). Пасля рэвалюцыі ў сталіцы Расіі працавала ў дзіцячай працоўнай калоніі. Лёс закінуў яе праз Уладзівасток у Кітай. Там яна жыла пры сям'і рускай артысткі. Потым апынулася ў Японіі.

    На востраве Ява Аляксандру прапанавалі працаваць у доку, які будаваўся. Выклікаў да сябе жонку. Праз знаёмых яна даведалася, што галандскія заолагі плануюць адправіцца на Малукскія астравы (усходняя частка Малайскага архіпелага). Сярод іншага і на востраў Буру. Там раней не было расійскіх этнографаў.

    Муж і жонка вывучалі прадстаўнікоў мясцовай флоры і фаўны. Аляксандр аднойчы ледзь не памёр ад укусу павука.

    Яго маглі забіць і туземцы. І не раз яму дапамаглі выжыць прыёмы барацьбы джыу-джыцу. Ім яго навучыў японскі сябра. Гэты від барацьбы згадваецца і ў кнізе пра Шэрлака Холмса...

    Ужо як паліглот, Эстрын вывучыў тутэйшую мову. Члены экспедыцыі вельмі цанілі яго і за тое, што ён мог адрамантаваць любы механізм. Муж і жонка стойка выносілі ўсе цяжкасці жыцця ў паходных умовах.

    Падчас навуковага падарожжа яны захапіліся этнаграфіяй. Уявіце: у галандскіх калоніях сабралі калекцыю, экспанаты якой важылі каля 1,5 тоны! І большасць з іх не купілі, а абмянялі і атрымалі ў падарунак.

    Горкі дапамог

    З дапамогай галандцаў Эстрын з жонкай вярнуўся ў Еўропу. У Амстэрдаме ім прапанавалі выкупіць калекцыю. Але яны катэгарычна адмаўляліся. І горда адказвалі, што збіралі яе для сваёй Радзімы.

    Яны каля года чакалі дазволу вярнуцца ў Расію. Нехта параіў ім звярнуцца па дапамогу да Максіма Горкага, які жыў у Германіі. І знакаміты літаратар зрабіў усё магчымае. У прыватнасці, адправіў ліст у Акадэмію навук. Ён захаваўся ў архіве. Горкі прасіў свайго таварыша паспрыяць у перадачы 25 скрынак з экспанатамі ў музей...

    А калегу па пісьменніцкім цэху Канстанціну Федзіну Горкі пісаў: «Ён — рабочы, металіст, яна — настаўніца. Беглі ад Калчака і чатыры гады падарожнічалі, жывучы — яна — ўрокамі моў, ён — варкай металаў, а адначасна сабралі дзівосна поўную — па словах Акадэміі — калекцыю… Вось — людзі нашых дзён! Яны жывуць у гарах Атласа, у старажытнай Нумідыі, у Бразіліі і Патагоніі, могуць жыць на Месяцы»...

    Хутка вымушаныя эмігранты атрымалі візы, бясплатныя білеты на параход. Іх вызвалілі ад выплаты мытных пошлін, бо калекцыю везлі ў падарунак савецкай дзяржаве.

    Экспанаты былі высока ацэнены і перададзены ў Кунсткамеру і заалагічны музей. Эстрын працаваў у музеі. Сям'я атрымала невялікую кватэру ў Ленінградзе. Нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Саша.

    Аляксандр Самуілавіч ахвотна адправіўся ў экспедыцыю на Далёкі Усход. Там вывучаў жыццё нанайцаў. Вядомыя этнографы адзначалі, што ў яго прыродныя чуццё і дар вывучаць традыцыі і быт малых народаў.

    Памёр у жабрацтве...

    Цудам Эстрын не быў адпраўлены ў лагер падчас сталінскіх рэпрэсій. Праўда, аднойчы па яго прыехалі «строгія мужчыны» і звезлі. Больш за месяц яго не было дома. Вярнуўся без пярэдніх зубоў… Зразумела, маглі і расстраляць чалавека, які доўгі час жыў за мяжой, ведаў некалькі моў, сябраваў з іншаземцамі.

    Сям'я таксама воляй нябёсаў перажыла першую блакадную зіму. Вывезлі яе па знакамітым Ладажскім возеры. Жылі ў Арменіі, Казахстане. Разумны чалавек, які мог бы шмат карысці прынесці навуцы, працаваў рабочым на заводзе. Зваршчыкі, канешне, былі патрэбны болей.

    Пасля вайны сям'я жыла ў Маскве. Бедна і ўжо без надзеі зноў заняцца этнаграфіяй. Ды і калекцыю чамусьці «схавалі» ў запаснікі. Эстрын працаваў зваршчыкам. Жонка — выхавацелем у садку. Спачатку памерла яна. А праз 15 гадоў сляпы і цяжка хворы Аляксандр Самуілавіч — у сацыяльнай установе для састарэлых. Іх сын мог бы зрабіць нядрэнную кар'еру ў разведцы, але гэтаму перашкаджалі звесткі пра бацькоў, якія жылі за мяжой.

    Безумоўна, жыццё Аляксандра Эстрынак і яго жонкі заслугоўвае большага вывучэння. На жаль, у газеце немагчыма расказаць пра ўсе перыпетыі іх цікавага і нялёгкага жыцця. Упэўнены, што іх лёс можа зацікавіць кінематаграфістаў. Дарэчы, за мяжой Эстрын больш вядомы, чым у нас.

    P.S. Аўтар дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Аляксандру Баршаю з Ізраіля, даследчыку жыцця і дзейнасці А. Эстрына

    Автор: Аляксандр ПукшанскіЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)