24 Апреля, 2024 Среда

В честь 125-летия в Пружанах погасили марку с изображением Григория Ширмы

  • 30 января 2017 Культура Беларуская 0

    У мінулую пятніцу ў Пружанскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася падзея рэспубліканскага маштабу. У рамках адкрыцця тыдня, прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння Р.Р.Шырмы, была праведзена ўрачыстая цырымонія гашэння маркі з выявай гэтага вялікага дзеяча культуры і мастацтва. 

    – Здавалася б, адна маленькая марка, а якая на яе ўскладзена вялікая місія!  Мініяцюрны ілюстраваны кавалачак паперы стане яскравай кветкай, якую мы ўпляцем у вянок памяці Рыгора Раманавіча, – адзначыла на адкрыцці дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вялянціна Мікалаеўна Пух.

    Яна расказала гасцям мерапрыемства, якім чынам, увогуле, паштовы канверт стане яшчэ адной крыніцай памяці таленавітага сына пружанскай зямлі. Сапраўды, не ўсе ведаюць, што разам з асноўнымі паслугамі, якія аказваюцца поштай, яе работнікі займаюцца выданнем арыгінальных знакаў паштовай аплаты — марак. На працягу многіх гадоў іх была выдадзена велізарная колькасць. Канверты з маркамі падарожнічаюць па свеце і даносяць сусветнай супольнасці лепшую інфармацыю пра нашу краіну: усё тое цудоўнае і прыгожае, што ў нас ёсць.

    Вось і  тыя пяцьдзясят тысяч канвертаў, якія былі выпушчаны да юбілею Рыгора Шырмы і пазначаны юбілейнай маркай, разляцяцца ва ўсе куткі зямнога шара і разнясуць вестку пра нашага земляка. Узяўшы канверт у рукі, адрасат абавязкова зверне ўвагу на каляровы вугалок і бу-дзе імкнуцца больш даведацца пра адлюстраванага на марцы ўраджэнца той краіны, адкуль прыляцела пісьмо. Такім чынам, “шырмаўская” марка з’яўляецца своеасаблівай гістарычнай нітачкай, якая звяжа нашу Пружаншчыну з іншымі краінамі і народамі.

    Больш таго, як вы разумееце, далёка не ўсе падзеі і вялікія асобы знахо-дзяць сваё адлюстраванне на знаку паштовай аплаты. У цэлым, канверт, марка або паштовая картка праходзяць вельмі нялёгкі шлях – ад узгаднення з мастацкім саветам Міністэрства сувязі  і інфарматызацыі  да выпуску. І нам, пружанцам, вельмі пашанцавала, што брэсцкім паштавікам неабыякавы лёс нашага земляка, што яны ідуць у нагу з часам і прадугледжваюць тыя напрамкі ў выбары знакаў, якія сёння каштоўныя і для нашай дзяржавы, і для нашага народа, і для асаблівых знаўцаў творчасці вялікіх людзей.

    І вельмі важна, што гашэнне, так сказаць,  урачысты выхад у свет першай юбілейнай маркі, прайшло менавіта ў нашым горадзе – у музеі Р.Р.Шырмы, у дзіцячай школе мастацтваў, якая не толькі носіць яго імя, але і знаходзіцца на вуліцы, названай у яго гонар. Ды яшчэ і ў прысутнасці людзей, якія мелі прамое дачыненне да асобы нашага  вялікага земляка.

    Права  пагасіць марку прадаставілі дырэктару Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціне Мікалаеўне Пух і намесніку старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалаю Пятровічу Кудраўцу.  Яны паставілі свае подпісы ў спецыяльных альбомах, дзе і будуць захоўвацца  адбіткі гашэння: адзін – у паштовым музеі г.Брэста, а другі застанецца  на памяць у музеі ДШМ г.Пружаны.

    – Які хвалюючы момант!.. – зазначыў Мікалай Пятровіч, трымаючы ў руках арыгінальны юбілейны штэмпель. – 1892 год, пазамінулае стагоддзе!  Калі перагартаць старонкі гісторыі, здаецца, што гэта было так даўно. Але мне гэта дата вельмі памятная па той прычыне, што якраз у той жа год нарадзілася і мая прабабуля, равесніца Рыгора Раманавіча. Часта думаю пра яго: чалавек, які нарадзіўся ў вясковай сям‘і, змог атрымаць адукацыю, развіць свае здольнасці і праславіць не толькі нашу Пружаншчыну, але і ўсю Беларусь. Вось адкуль гэты талент? Відаць, усё гэта ад нашай пружанскай пявучай зямлі, ад  тых шчырых землякоў, з якімі вырас, ад бацькоў, бо гэта былі па-свойму творчыя і цікавыя людзі… Час бяжыць вельмі хутка, і наша задача зрабіць усё магчымае, каб Рыгора Шырму памяталі. І не толькі тая аўдыторыя, якая прысутнічае сёння ў зале, але і наша моладзь...

    Гасілі марку адзіным і непаўторным штэмпелем, які ніколі і нідзе не будзе больш выкарыстоўвацца. Нездарма на мерапрыемстве былі заўважаны не толькі пружанскія калекцыянеры, але і прадстаўнікі абласнога грамадскага аб’яднання філатэлістаў, якія ў свае калекцыі ў абавязковым парадку пакладуць канверцік з “шырмаўскай” маркай і штэмпелем з датай “20.01.2017”. І пройдуць многія гады, дзясяткі, а магчыма, і сотні гадоў, калі іх нашчадкі адкрыюць калекцыі і знойдуць наш пружанскі святочны канверт…

    На мерапрыемстве прысутнічаў (разам са сваім унукам) і прафесар кафедры харавога дырыжыравання, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Аляксандр Васільевіч Жураў, які добра ведаў Р.Р.Шырму і спяваў у яго капэле. Ён расказаў пра першую сваю сустрэчу з маэстра, якая адбылася ў далёкім 1955-м годзе, а таксама раскрыў апошнія і мала каму вядомыя сумныя старонкі жыцця Рыгора Раманавіча:

    – Ён мяне праслухаў і сказаў: “Добра, Шура (так проста мяне заўсёды і называў), пайшлі ў аўдыторыю”… А там чалавек семдзясят. І як заспяваюць! Гэта было нешта чароўнае… І пасадзіў мяне Рыгор Раманавіч у першыя басы-барытоны. На некаторых здымках я тут у вашым музеі ёсць (стаю ў чацвёртым радзе). Вось так увесь час і працаваў у Шырмы. І якія добрыя ў нас былі адносіны! Мне здаецца, я  быў, мабыць,  адзіны, з кім ён мог у любы час звязацца і пагаварыць. Можа, людзі саромеліся да яго падысці, маўляў, зорка, велічыня? А ён жа быў вельмі просты і шчыры чалавек…

    У апошнія гады ён быў нечым усхваляваны. Яму прыйшлося вельмі цяжка             з-за нагавораў. Хтосьці наверх напісаў паклёп, пайшлі-закруціліся  размовы. Ён усё ведаў, ва ўсякім разе, адчуваў.  Рыгор Раманавіч не даказваў праўду, а моўчкі сышоў. Рэпетыцыя прайшла, ён пакланіўся на тры бакі, паклаў сваю дырыжорскую палачку і пайшоў не аглядаючыся. І больш не вярнуўся…

    Час расставіў усё на свае месцы. Той, хто яго апаганіў, так і застаўся нікому невядомым подлым ананімам. А мы нясем кветкі да магілы і помнікаў “дзядзькі Рыгора”. І жыццё яго спасцігаем, як славутую кнігу: старонка за старонкай, з кожным годам паглыбляючы ўсведамленне  яго сапраўднай гістарычнай значнасці.

    Ён жыў і працаваў, не шкадуючы сябе, каб зберагчы душу народную – песню. Дзякуючы яго нястомнай працы не зніклі ў нябыт бясцэнныя скарбы народнай творчасці, з якімі госці мерапрыемства змаглі пазнаёміцца праз выступленні выхаванцаў ДШМ і народнага фальклорнага калектыву “Бабіна лета” Аранчыцкага Дома фальклору. Жыццё будзе мяняцца, а гэтыя беларускія песні будуць гучаць з новай сілай і ніколі не страцяць сваёй папулярнасці.

    Алена Зялевіч. Фота аўтара.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)