24 Апреля, 2024 Среда

13 мастериц — одна выставка

  • 03 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Здавалася б, што агульнага паміж страшнай Бабай Ягой і вытанчанай беларускай князёўнай, карункавымі сурвэткамі і цяжкімі саматканымі дыванамі, «магічнымі» лялькамі і беларускім арнаментам?  Усе гэтыя і многія іншыя героі, элементы і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены на маштабнай выставе, якая адкрылася ў Кляпацкім СДК. І выраблены яны мясцовымі майстрамі народнай творчасці. Трынаццаць жанчын розных узростаў і прафесій аб’яднала любоў да народнай спадчыны і жаданне выкарыстаць кожную вольную хвілінку для стварэння прыгажосці.

    Якім чынам майстры сустрэліся і аб’ядналі свае намаганні на адной выставачнай пляцоўцы? Усё дзякуючы актыўнасці культработнікаў мясцовага СДК. Не першы год яны выяўляюць сярод мясцовых жыхароў падобных умельцаў, якія працуюць у розных тэхніках: пляценне, вышыўка, вязанне, робячы акцэнт на народныя традыцыі. Наладжана работа па адраджэнні і папулярызацыі сярод моладзі розных відаў народнай творчасці: рэгулярна праводзяцца майстар-класы, пастаянна дзейнічаюць гурткі для ўсіх катэгорый насельніцтва.

    За аснову навучальных і выставачных праектаў бяруць адзін з самых старажытных відаў народнага мастацтва – выраб абрадавых лялек-мотанак і абярэгаў. Узначальвае работу ў гэтым накірунку дырэктар Дома культуры Алеся Канстанцінаўна Мазуркевіч. Аказваецца, перш чым скруціць са шматкоў чарговую лялечку або вышыць арнамент, яна і яе выхаванцы спачатку падрабязна вывучаюць іх гісторыю, розныя старажытныя сімвалы і элементы, а ўжо потым злучаюць у адзінае цэлае.

    Сярод  мноства лялек («валькірый», «духабораў», «здравушак», «ліхаманачак», «сонцаваротаў», «дзесяціручак» і многіх іншых) маю ўвагу прыцягнулі парныя  «вясельныя». Вырабленыя з ільну, яны аб’яднаны агульнай ручкай і сімвалізуюць маладых, якія пакляліся  дзяліць паміж сабой усе радасці і беды. Дарэчы, у старажытнасці людзі верылі, што такія «вясельнікі» ахоўваюць ад  хвароб і прастуд.

    Мне спадабалася і лялька «Баба Яга», па-іншаму «Веда», якая насуперак распаўсюджаным паданням пра яе, як пра шкадлівую бабульку, лічылася моцным абярэгам для жанчын, для дома і сям’і. Людзі верылі, што Веда-Яга была лекаркай (невыпадкова ў кішэньцы ў яе ляжаць лекавыя зёлкі). Зачаравалі і кругленькія, напоўненыя  зернем  лялькі-«скарбонкі» – іх дарылі цяжарным жанчынам з пажаданнем шматдзетнасці.

    Хочацца заўважыць, што майстры трымаюць руку на пульсе жыцця і  развіваюць  таксама сучасныя «лялечныя» напрамкі. Побач з мотанкамі на выставе размясціліся лялькі зусім іншага характару: мяккія цацкі, вязаныя кручком, і скрыначкі. Тут вылучаюцца работы пенсіянеркі Зінаіды Міхайлаўны Кулініч. Жанчына занялася рукадзеллем шмат гадоў таму. Спачатку вязала кручком ажурныя сурвэткі, пазней захапілася так званай «белай» вышыўкай у тэхніцы «рышэлье», калі тканіну не проста ўпрыгожваюць шыўкамі, а патрэбныя «фонавыя» месцы выразаюць нажніцамі. Прызнацца, такая камбінацыя шыўкоў і адтулін глядзіцца вельмі эфектна. Яшчэ больш эфектна выглядаюць на гэтых сурвэтках вязаныя сімвалы гэтага года – рознакаляровыя пеўнікі і курачкі. Рабіць іх  Зінаіда Міхайлаўна пачала перад Новым годам: вырашыла, што лепшага падарунка для сяброў, чым птушынае сямейства, зробленае ўласнаручна, не прыдумаеш.

    А яшчэ на выставе шмат герояў з любімых  казак і мультфільмаў, вырабленых сумесна майстрамі і дзецьмі.

    Майстры раскрылі і сакрэт вырабу неверагодна прыгожых лялек-скрыначак. Гэты накірунак яны развіваюць пад кіраўніцтвам майстрыхі Святланы Мікалаеўны Швед. У якасці «мадэляў» выкарыстоўваюць лялек Барбі, а для ўстойлівай асновы мацуюць звычайныя вядзерцы з-пад маянэзу, якія маскіруюцца пад фальбонамі са  стужак і карункаў.

    Толькі ўявіце сабе ўсю гэтую прыгажосць! Кісейныя паненкі-князёўны, яркія каскады з кубачкаў і сподачкаў, вінтажныя рэчы «з куфэрка», па-майстэрску дэкарыраваныя Вольгай Васільеўнай Кічкайла, казачныя аксесуары ў выглядзе насякомых, вырабленыя  Аленай Мечыславаўнай Фрыцлер у тэхніцы «канзашы» (вышыўка з атласных стужак), разнастайныя кошыкі, сплеценыя Любоўю Васільеўнай Зінкевіч з папяровых трубачак… І ўсё гэта ў  казачным абрамленні вышытых кар-цін, створаных Марынай Сяргееўнай Ганчар, Наталляй Аляксандраўнай Місюля, Людмілай Анатольеўнай Лапука і іншымі майстрамі.

    Трынаццаць  чараўніц (не здзіўлюся, калі ў хуткім часе іх колькасць павялічыцца ў разы) ператварылі Кляпацкі СДК ў сапраўднае царства прыгажосці і ўтульнасці. І даказалі ўсім, што з «залатымі рукамі» не нараджаюцца. Гэты цуд творчага  пераўтварэння можа адбыцца з кожным, хто разумее, што час бяжыць, як рачная вада, і яго не вернеш назад. Таму кожную хвілінку трэба праводзіць з карысцю.

    Алена Зялевіч. Фота аўтара.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)