28 Марта, 2024 Четверг

Чалавек дасканалы

  • 09 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Менавіта Полацк падарыў свету аднаго з найбуйнейшых і яскравых прадстаўнікоў беларускай культуры эпохі Адраджэння. У гэтым годзе мы адзначаем ужо 500-годдзе стварэння першай друкаванай кнігі Беларусі. І дзе, як не ў сценах Музея беларускага кнігадрукавання, магла адбыцца прэзентацыя культуралагічнага праекта «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы»?

    Гасцей падзеі віталі музыкі чароўнымі мелодыямі «Полацкага сшытка», а падчас адкрыцця настаўленнямі дзяліўся сам Скарына. Герой свята запаліў сімвалічны агонь ведаў і перадаў гэты светач нашчадкам.Удзел у мерапрыемстве ўзялі члены Маладзёжнага парла­мента нашага горада, удзельнікі Рэспубліканскага форума «Разам мы — Беларусь!» і члены Рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

    — Мы залежым ад вас, моладзь — гэта будучыня нашай дзяржавы. А сёння ў старажытным Полацку, Маладзёжнай сталіцы, сышліся даўніна і сучаснасць. Вы — сталічныя жыхары, і, упэўнена, вы асаблівыя. Як Францыск Скарына, больш дасканалыя, удумлівыя, багатыя на гісторыю… І як Францыск Скарына, вы зможаце зрабіць нават немагчымае. Гэта ваш год! — адзначыла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная.

    Праект «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы» дазволіць па-новаму зірнуць на жыццё і дзейнасць славутага палачаніна праз сінтэз літаратуры, фатаграфіі, выяўленчага мастацтва і музыкі. У рамках праекта маладыя мастакі і фатографы будуць ствараць работы ў сучасных тэхніках і накірунках мастацкай творчасці.

    Студэнты прадставяць свае творы ў намінацыях «Летэрынг «Я, Францішак, Скарынін сын…», «Буквіца «Друкаванае слова. Вялікія літары», «Фота-альтэрнат «Крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», «Візуальны сэт «Vademecum: там ёсць вялікая тайна».

    У маі-чэрвені лепшыя творчыя работы будуць экспанавацца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Працягам праекта стане рэспубліканская культурна-асветніцкая акцыя: у верасні-снежні творчыя работы будуць прадстаўлены ва ўніверсітэтах усіх абласцей краіны. Завершыцца праект на радзіме перша­друкара, у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

    Больш за тое, міжнародная частка праекта «Vademecum» аб’яднае студэнтаў Беларусі і замежжа, паколькі жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны звязаны з Кракавам, Падуяй, Прагай, Вільняй, Кёнігсбергам. Культурная спадчына будзе асэн­сована студэнтамі гэтых вну ў новым сучасным прачытанні. А першае слова ў пачатку доўгай размовы належыла студэнтам ПДУ, якія дэкламавалі «Беларускую калыханку» Васіля Віткі.

    Перад тым, як запрасіць гасцей на экскурсію «Знаёмства з музеем», галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Страленка шчыра падзякавала Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і падкрэсліла, наколькі лагічна Полацк, «Горад, дружалюбны да дзяцей», прызнаны Маладзёжнай сталіцай.

    Ірына Мікалаеўна таксама запрасіла моладзь да ўдзелу ў форуме «Скарынаўскія дні ў Полацку» і перадала намесніку дырэктара Нацыянальнага цэнт­ра Кацярыне Кузьменка кнігі па выніках папярэдніх форумаў. Кацярына Анатольеўна ў сваю чаргу выказала прызнанне моладзі і ўсім палачанам за захаванне традыцый і працяг справы Скарыны.

    Бо кніга — крыніца захавання і прымнажэння мудрасці, выха­вацель і настаўнік моладзі, натхніцель і творца чалавечай думкі, спрыяцель развіцця чалавецтва. І праз стагоддзі працягвае гучаць запавет Скарыны…

    Варвара МАРОЗАВА.

    Автор: Варвара МорозоваПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)