02 Мая, 2024 Четверг

Дарога да Тадэвуша Касцюшкі...

  • 13 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Разам з дэлегацыяй Мінскага сходу нашчадкаў шляхты і дваранства пабываў на святочным мерапрыемстве і карэспандэнт «Маладзечанскай газеты».

    Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, нацыянальны герой Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі і ЗША, нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў сядзібе Мерачоўшчына, непадалёк ад пасёлка Косава (цяпер Брэсцкая вобласць). Традыцыйна ў гэты дзень на малой радзіме славутага земляка збіраюцца дыпламаты, прадстаўнікі грамадскасці, гісторыкі і краязнаўцы.

    … Тры гадзіны ў дарозе прайшлі непрыкметна. Юрый Усцін, аўтар кнігі пра Тадэвуша Касцюшку «Лабірынты свабоды», паведаміў шмат цікавых фактаў пра свайго героя.   

    Так, дзеля дачкі заможнага магната Іосіфа Сасноўскага Людавікі Касцюшка рызыкаваў жыццём. Ён прапанаваў дзяўчыне збегчы і таемна павянчацца. Такое «свавольства» па законах Вялікага Княства Літоўскага каралася смерцю.   

    У час французскай рэвалюцыі Тадэвуш быў у Парыжы і на свае вочы бачыў неверагодную жорсткасць паўстанцаў у адносінах да прадстаўнікоў былога кіруючага класа. Гэта яшчэ больш пераканала Касцюшку ў неабходнасці будаваць прававую дзяржаву, у якой улічваюцца інтарэсы ўсіх грамадзян.

    Напярэдадні паўстання 1794 года Т. Касцюшка сустрэўся і заручыўся падтрымкай кіраўнікоў усіх рэлігійных канфесій былой Рэчы Паспалітай. У яго войску былі праваслаўныя, католікі, уніяты, іўдзеі.

    Кіраўнік паўстання распрацаваў тактыку, пры якой касінеры (народнае сялянскае апалчэнне) эфектыўна ўзаемадзейнічалі з прафесійнай арміяй. У выніку паўстанцы атрымалі некалькі бліскучых перамог.

    Вясной-восенню 1794 года Т. Касцюшка з’яўляўся неабмежаваным кіраўніком Узброеных Сіл Рэчы Паспалітай, якія вялі барацьбу супраць інтэрвенцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Пасля разгрому паўстання жыў у Расіі, Францыі, ЗША. Памёр у 1817 годзе ў Швейцарыі.  

    Мястэчка Косава сустрэла гасцей лагодным сонечным надвор’ем. Шпілі велічнага касцёла былі бачныя здалёк. Яшчэ некалькі кіламетраў – і вось яна, Мерачоўшчына. Тут, на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, сабраліся сотні людзей. Можна было заўважыць машыны з дыпламатычнымі нумарамі. Да каменя з барэльефам героя пяці краін людзі бесперапынна неслі кветкі. Некаторыя ўдзельнікі свята былі ў касцюмах XVIII стагоддзя, што надавала падзеі асаблівы каларыт. Асноўная ўрачыстасць прайшла ў музеі.

    Цёплыя словы ў адрас патрыёта Айчыны і барацьбіта за свабоду гаварылі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, аташэ па культуры Пасольства ЗША ў Беларусі Рыма Койлер, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Пётр Казакевіч, старшыня польскага фонду Касцюшкі Марэк Кшэсняк, віцэ-консул Генеральнага консульства Украіны ў Брэсце Ірына Сташкова і іншыя. Выступоўцы называлі Касцюшку нацыянальным героем.

    Як падкрэсліла Рыма Койлер, памяць пра Касцюшку захоўваецца ў многіх краінах на некалькіх кантынентах. Палкаводзец з гонарам прайшоў усе выпрабаванні, не здрадзіў ідэалам свабоды і з’яўляецца прыкладам адданага служэння Радзіме.

    Праз дарогу ад музея знаходзіцца палац магнатаў Пуслоўскіх, які ўпрыгожваюць 12 вежаў – па адной на кожны месяц года. Палац быў знакаміты сваімі заламі. Белая прызначалася для баляў, ружовая — для заняткаў музыкай, чорная — для картачных гульняў. Кожны з больш чым сотні пакояў і цяпер прыкладна два дні на год наскрозь асвятляецца сонечнымі прамянямі.

    Палац рэстаўрыруецца. Аднак пабываць у ім, прайсціся па калідорах і галерэях, уявіць, як выглядалі інтэр’еры ў часы Тадэвуша Касцюшкі, вельмі цікава. Такую магчымасць скарысталі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасцей.

    Іменем Касцюшкі ў Беларусі названыя вуліцы ў Брэсце, Баранавічах, Косаве, Івацэвічах. Многія вуліцы і плошчы ў ЗША, Польшчы, Францыі, Літве і іншых краінах таксама носяць яго імя. Касцюшка – назва самай высокай гары ў Аўстраліі. У свеце ёсць дзясяткі музеяў, прысвечаных нашаму знакамітаму земляку.

    Фота: Алег Бяганскі.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)