26 Апреля, 2024 Пятница

Плённы студзень

  • 13 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Справаздачныя канцэртныя праграмы сельскіх устаноў культуры пачаліся ў першую суботу новага года з вечарыны, што прапанаваў Заастравецкі СДК, аб чым «ДНП» пісала. Зараз мы нагадаем яшчэ аб трох, што шчыра парадавалі гараджан у студзені. 

    «Мiс-Кухчыцы 2017» 

    Менавіта такую назву мела справаздачнае мерапрыемства ўдзельнікаў  мастацкай самадзейнасці Кухчыцкага СДК. У творчага калектыва ўзнікла ідэя правесці конкурс на самую прыгожую дзяўчыну аграгарадка. Сведкамі яе сталі жыхары і госці горада, якія скарысталіся магчымасцю завітаць у раённы цэнтр культуры 15 студзеня. Чакалася штосьці грандыёзнае, і яно – здзейснілася. Забягаючы крыху наперад, зазначу: кухчыцкія артысты заўжды і здзіўляюць, і радуюць сваімі канцэртамі, і шоу-праграма «Міс-Кухчыцы 2017» была адной з такіх.

    Дэманстравалі свае творчыя таленты шэсць канкурсантак: сёстры Вікторыя і Таццяна Алексяйчук, Валерыя Есіс, Ганна Ілюкевіч, Вольга Бузава, Юлія Ткачук і Лізавета Пілецкая. Пачалося шоу з дэфіле «Дзелавая мода». Аб адзенні прыгажунь можна было сказаць так: нічога лішняга, усё сціпла, элегантна-стрымана, без яркіх «узрываў». Адным словам – адпаведна назве.

    Другі конкурсны нумар «Парадзіз-шоу» заключаўся ў тым, што дзяўчаты пад фанаграмы вядомых эстрадных выканаўцаў паказвалі сваю артыстычнасць, трапнасць у вобраз, пад песню каго выступалі. Цікавымі і непаўторнымі былі ўсе ўдзельніцы, і апладысментаў гледачы не шкадавалі. Пад песню «Два кусочечка колбаски» групы «Камбінацыя» выступала Вікторыя; дала фору ў танцы самой Лаліце з яе «Ориентацией Север» Валерыя; Ганна была «клубней» Вольгі Бузавай; поўнай нечаканасцю стала Юля з песняй Сяргея Зверава; Таццяна адпавядала абранаму вобразу спявачкі Наталі; «завяла» вяселлем усіх прысутных Лізавета сваёй Веркай Сярдзючкай.

     Цудоўным быў і трэці конкурс юных кухчыцкіх прыгажунь, меў ён назву «Авангардная мода». Апошнім часам ужо стала традыцыйна на такіх праграмах выкарыстоўваць нешта незвычайнае, тое, чаго нельга ўжываць у паўсядзённым жыцці, і што на сцэне выглядае надзвычай эфектна. Наўрад ці можна апрануць на сямейнае свята або ў рэстаран сукенку з фальгі і паперы, а вось на шоу ім самае месца. Мала сказаць, што гэта ўсё вельмі прыгожа, было супер! Так бы і глядзелі, не адрываючы позірку.

    Завяршальным стала дэфіле «Вячэрняя сукенка». Элегантныя маладыя асобы пакарылі і сваёй грацыёзнасцю, і нейкай унутранай чысцінёй, і, безумоўна, маладосцю і сціпласцю. Кожная з іх атрымала ў той дзень заслужаны тытул: міс Грацыя – Ганна Ілюкевіч, міс Шарм – Вікторыя Алексяйчук, міс Артыстычнасць – Юлія Ткачук, міс Элегантнасць – Таццяна Алексяйчук, міс Вытанчанасць – Валерыя Есіс, міс Пяшчота – Лізавета Пілецкая. Каму ж прысуджаны галоўны тытул «Міс-Кухчыцы 2017»? Аказалася, што ён адносіцца да ўсіх шасці ўдзельніц! Вось такая нечаканая, сапраўды сяброўская развязка.

    Трэба аддаць належнае творчаму калектыву СДК, які не даваў ні на імгненне сумаваць гледачам. Тычыцца гэта і вядучых Вольгі Іванейчык і Васіля Жданко, а таксама артыстаў, што дарылі прыгожыя песні паміж конкурсамі: Таццяны Есіс, Кацярыны Грынялевіч, Тамары Есіс, Людмілы Іванейчык, дуэта «Рэтра», Маргарыты Каласоўскай, Мікалая Янушкі, Яны Лісавец.

    Добрая атрымалася шоу-праграма ў Кухчыцкага сельскага дома культуры, за што хочацца сказаць ад душы: «Дзякуй!»

    «Вясeлы „Кiрмаш“

    Дзея пад гэтаю назваю адбылася ў раённым цэнтры культуры 29 студзеня. Больш за гадзіну гледачы маглі назіраць за тым, у чым хацелася прыняць непасрэдны ўдзел. Аднак заставалася толькі па-добраму зайздросціць аматарскаму калектыву Галавацкага СДК. Вочы разбягаліся, калі „расчынілася“ сцэна. На сапраўдным кірмашы сёння не ўбачыш столькі тавару, колькі прывезлі галавачоўцы! Садавіна, гародніна, валёнкі і боты, кажухі і хусткі, прысмакі і яйкі, хамуты і дугі, а яшчэ – жывыя певень, трус, качка. Дарэчы, апошняя так важна ўвесь час пад наглядам гаспадыні хадзіла па сцэне, быццам яна тут і прыжылася.

    »Вясёлы «Кірмаш» пачалі дзяўчаты-скамарохі. А вось на сцэне з'явіўся гаспадар Васіль, які на вялікім базары і жонку згубіў, і пеўня, якога хацеў прадаць. Калі ж знайшлася яго сварлівая палавіна, высветлілася, што і певень у кашы – самы сапраўдны! Праз некалькі жартоўных песень Васіля прыкмецілі ўжо «падагрэтым» гарэлкаю. Затым у паядынку на званне лепшай гаспадыні сышліся дзве сяброўкі. Адна з іх саступіла другой, якая і разыграла з гледачамі кошык яек, аддаўшы яго таму, хто ўгадаў іх колькасць.

    Песні, прыпеўкі, жарты змянялі адно другое, а калі загучала «Піце, госцікі, ешце, госцікі!», у залу з падносамі хуценька накіраваліся спрытныя дзяўчаты, частуючы ўсіх смачнымі блінамі і аладкамі. Вось гэта дык кірмаш! Напрыканцы яго арганізатары выклікалі на сцэну тых, каму разам з білетамі на канцэрт трапілі латарэі. Восем чалавек атрымалі тое, што жартоўна разыгрывалася: торбачкі з бульбаю, буракамі, яблыкамі, гарбузамі. А больш за ўсё пашанцавала ўладальніку білета пад нумарам «восем», якому прызначаўся супер-прыз: смажаная качка. Адным словам, кірмаш удаўся на славу!

    «Эх, цешча мая!»

    Менавіта так называлася справаздачнае мерапрыемства Даматканаўскага СДК, якое таксама ладзілася на сцэне РЦК у апошнюю нядзелю студзеня. Не сумняваюся, той, хто завітаў на такую «справаздачу у квадраце» ў самадзейных артыстаў, ніколькі не пашкадаваў. 

    Кожны раз, калі гляджу канцэртныя праграмы гэтага сельскага дома культуры, адзначаю, што яны адрозніваюцца ад іншых інтэлігентнасцю. Здавалася б: і ў народныя касцюмы артысты апранаюцца, і гумар – вясковы, але ўсё ж… Так было і ў гэты раз: прыстойна, хороша, з густам. 

    За гадзіну мы сталі сведкамі гумарыстычнай размовы паміж зяцямі, не абышлося без жартоўнага нападу на іх цешчаў, засыпалі пытаннямі бабулю ўнучкі (усё з тых жа анекдотаў). А паміж гэтымі падзеямі на сцэне гучалі песні: прыгожыя, мілагучныя, гумарыстычныя і добрыя. 

    Прыйшлася даспадобы тэатралізаваная сцэнка, дзе цешча, у змове са сваёю дачкою, спрабавала адвучыць зяця ад гарэлкі, і што з гэтага атрымалася на самой справе. Не пакінула раўнадушнымі нікога ў зале выступленне дзяцей. Гучалі прыгожая музыка (гітарны дуэт), песні, з гумарам гаварылася аб сур'ёзным. Ну а калі прапанавалася ўвесці ў спіс святаў у нашым раёне «Дзень цешчы» – апладысменты сталі асабліва гучнымі. І не дзіва, калі большасць гледачоў – жанчыны. 

    А сёння пачаў адлік люты, трэба рыхтавацца да прагляду наступных канцэртных праграм, аб якіх мы таксама будзем весці размову на старонках раённай газеты.

    Фота аўтара.

    Автор: Валянціна СянкевічДа новых перамог

Комментарии (0)