25 Апреля, 2024 Четверг

Знакавая падзея краіны

  • 14 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    «Спачатку было слова» — гэтая біблейская ісціна і ў імклівым XXI стагоддзі не страчвае сваёй значнасці і актуальнасці. У час інтэрнэта, калі безліч папяровых старонак з лёгкасцю можа замяніць адзіны электронны гаджэт, Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін на постсавецкай прасторы.

    Лічбы ўнушальныя: толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне выдадзена звыш двух дзесяткаў мільёнаў кніг, з іх на беларускай мове — каля 5 мільёнаў. Кніга была і застаецца непераўзыйдзенай крыніцай духоўнасці і асветы, інтэлектуальнага багацця і эстэтычнай асалоды.

    Сёлетні год для беларускага кнігадрукавання стане знакавым ва ўсіх сэнсах. Краіна адзначыць паўтысячы гадоў з таго часу, як Францыск Скарына выдаў сваю першую кнігу. Але 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання — гэта дата, значная не толькі для Беларусі, яна з’яўляецца знакавай падзеяй для ўсіх усходніх славян. Дзейнасць Скарыны — гэта, у тым ліку, і гісторыя сусветнай кніжнай культуры.

    У гэтым годзе пяцівекавы юбілей выдання Францыскам Скарынай Псалтыра будзе шырока адзначацца ў многіх краінах. І гэта невыпадкова — кніжныя «сляды» нашага славутага земляка можна знайсці па ўсім свеце. Ён друкаваў кнігі, каб яны ішлі ў народ, каб неслі веды і асвету. Так і сталася.

    Знамянальная дата — выдатная нагода, каб яшчэ раз звярнуць увагу грамадства на асобу славутага палачаніна. Першадрукар, выдавец, пісьменнік, перакладчык, тэолаг, філосаф, лекар, батанік, дыпламат… Чалавек свету, які ў многім быў першым, праз усё жыццё пранёс у сэрцы адданасць і любоў да сваёй радзімы.

    2017 год — юбілейны для нашага Полацка, горада, у якім нарадзіўся славуты першадрукар. Мы, палачане, годна і яскрава адзначым Дзень беларускага пісьменства і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Сярод плануемых мерапрыемстваў — мастацкі пленэр, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання «Полацк у гравюрах сучасных мастакоў» і выстава па выніках Міжнароднага пленэра, які пройдзе ў Кіеве, Вялікім Ноўгарадзе і Полацку, гарадах трох славянскіх краін, якія ўпрыгожваюць велічныя Сафійскія саборы. Таксама адбудзецца прэзентацыя ўнікальнай кнігі Францыска Скарыны «Малая падарожная кніжка» з кнігазбору ААТ «Белгазпрамбанк». Вялікую ўвагу прыхільнікаў друкаванага слова выкліча выстава «Люду посполитому к доброму научению», у якой будуць прадстаўлены Псалтыры з музейных і кніжных збораў Беларусі і Расіі. Жадаючыя змогуць пазнаёміцца з серыяй памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Шлях Скарыны» і наведаць выставу аднаго дня «Полацк на памятных манетах Рэспублікі Беларусь». «Разынкай» святочных мерапрыемстваў, несумненна, стане інтэрактыўная пляцоўка, на якой будзе працаваць друкарскі станок, і кожны жадаючы атрымае магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара. І гэта толькі невялічкая ча­стка падзей, якія будуць чакаць удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства.

    Урачыстасці, прысвечаныя зараджэнню беларускага друкаванага слова, будуць праходзіць таксама ў многіх краінах свету. У Вільні адбудзецца міжнародны «круглы стол», прысвечаны 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Гэтую ж тэму беларускія і замежныя навукоўцы і спецыялісты кніжнай індустрыі абмяркуюць і падчас «круглых сталоў», якія пройдуць у Парыжы, Лондане, Празе, Варшаве, Санкт-Пецярбургу, Пекіне, Маскве.

    З ліку навінак культурна-візуальных — міжнародны тэлевізійны праект «Францыск Скарына на мовах народаў свету», некалькі тэатральных пастановак і дакументальны фільм аб жыцці і творчасці першадрукара.

    Автор: Алена КаленікПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)