25 Апреля, 2024 Четверг

Творчая мазаіка Хелены Скірмунт

  • 15 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Унікальная выстава праходзіць у Музеі Беларускага Палесся. Тут экспануецца спадчына вядомых таленавітых асоб, якія пакінулі свой значны след у гісторыі нашай краіны. Іх імёны цесна звязаны з Пінскам. Гаворка ідзе пра рэзчыка, скульптара і графіка Хелену Скірмунт і мастака Напалеона Орду.

    У рамках выставы можна ўбачыць экспанаты, якія прадстаўлены шырокаму колу наведвальнікаў упершыню за 90-гадовую гісторыю музея. Гэта альбом «Скульптура Хелены Скірмунт» і арыгінальныя літа-графіі Напалеона Орды. Апошнім гаспадаром гэтых рэчаў быў Раман Скір-мунт, ураджэнец вёскі Парэчча, грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі 20-30-х гадоў 20-га стагоддзя. Раман Скірмунт падараваў экспанаты музею 29 жніўня 1936 года.

    Хелена Скірмунт нара-дзілася ў вёсцы Калоднае Пінскага павета. Належыць да старажытнага шляхецкага роду Скірмунтаў, пляменніца Напалеона Орды. Яна жыла і стварала свае работы ў Пінску, была таленавітым чалавекам у многіх галінах: скульптуры, выяўленчым мастацтве і літаратуры. Вялікі ўплыў на творчасць Хелены аказаў яе дзядзька Напалеон Орда, які жыў кожную палескую зіму ў Пінску, у палацы Бутрымовіча, дзе працаваў над шматлікімі архітэктурнымі замалёўкамі, якія прывозіў пасля летніх падарожжаў па землях былой Рэчы Паспалітай. У творчасці Хелены можна вылучыць некалькі асноўных напрамкаў – скульптура, партрэты блізкіх людзей, хрысціянства, гісторыя Літвы і роднае Палессе. Па фотакопіях работ, прадстаўленых на выставе, можна атрымаць уяўленне аб рознабаковасці таленту Хелены Скірмунт.

    Не менш цікавымі для наведвальнікаў будуць і арыгінальныя літаграфіі вядомага мастака Напалеона Орды, які пакінуў пасля сябе бясцэнную спадчыну – архітэктурныя замалёўкі вёсак, гарадоў, маёнткаў. 210-годдзе з дня нараджэння Н. Орды мы адзначаем у бягучым годзе. На выставе перад намі паўстаюць Янаў, Бяроза-Картузская, Каралін, Высока-Літоўск, Каменец Літоўскі, Лешча пад Пінскам, Гарадзішча, Моладава, Ружаны і іншыя гарады і мястэчкі, якімі пабачыў іх мастак.

    –  Экспазіцыя складаецца з двух частак. Першая прадстаўляе творчасць Напалеона Орды – гэта 14 арыгінальных прыжыццёвых работ аўтара, якія датуюцца 1880 годам. Другая частка знаёміць з творчасцю Хелены Скірмунт. Большасць работ нашай зямлячкі не захавалася. Аднак дзякуючы фотаальбому, створанаму ў 1933 годзе яе дачкой Канстанцыяй, мы ўсё ж такі можам іх пабачыць. Адзначу, што альбом захаваўся, на жаль, не ўвесь. У ім адсутнічаюць 14 лістоў. Вядомы яшчэ два такія альбомы – яны знахо-дзяцца ў Вільнюсе і Вроцлаве. Але пінскі самы поў-ны, ён змяшчае 49 лістоў. Нядзіўна, што калі літоўскія навукоўцы прыязджалі да нас яго вывучаць, то з захапленнем і трапятаннем трымалі кожны ліст, – расказаў куратар выставы, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Музея Беларускага Палесся Дзмітрый Козак.

    На мерапрыемстве, прысвечаным адкрыццю выставы, прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, жыхары горада, выкладчыкі і навучэнцы Пінскага каледжа мастацтваў, журналісты. Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Валянціна Кулак, гэта першае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню 920-годдзя Пінска. На працягу юбілейнага года вялікая ўвага будзе нададзена людзям, якія сваімі ўчынкамі ў розныя часы праслаўлялі наш горад, зрабілі шмат для яго развіцця.

    Выстава будзе працаваць толькі па 10 сакавіка ў сувязі з тым, што арыгінальныя экспанаты патрабуюць асаблівага рэжыму захоўвання. Спяшайцеся ў музей!

    Автор: Наталья МилевскаяПолесская правда
    Теги: 

Комментарии (0)