18 Апреля, 2024 Четверг

Полацкая скарыніяна

  • 16 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Музей беларускага кнігадрукавання, які размяшчаецца у былой Брацкай школе Полацкага Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры 18 стагоддзя, адчыніў свае дзверы 8 верасня 1990 года, у час святкавання 500-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка, першадрукара Францыска Скарыны. Гэта адзіны ў Беларусі музей, які прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў (або сувояў) да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння пісьменства, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Большую частку музейных экспанатаў складаюць рукапісныя, старадрукаваныя кнігі, а таксама сучасныя выданні.

    Пра дзейнасць музея ў сёлетнім юбілейным для Полацка годзе, падрыхтоўку да важнай падзеі ў гісторыі беларускага пісьмен­ства расказвае загадчыца Музея беларускага кнігадрукавання — філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Алена Ула­дзіміраўна Шумовіч.

    — У год 500-годдзя белару­скага кнігадрукавання наш музей стане адной з галоўных пляцовак Дня беларускага пісьменства, які пройдзе на Полацкай зямлі, радзіме Францыска Скарыны. Вядома, зараз вялікая падрыхтоўчая работа вядзецца на рэспубліканскім узроўні. Такая асоба, як Францыск Скарына, якога называюць «Тытанам эпохі Адраджэння», прыцягвае ўвагу і вучоных, і мастакоў, і тэатралаў… Я ўпэўнена, што і наш музей зможа зрабіць свой значны ўнёсак. Планы ў нас вялікія, падрыхтоўчай работы шмат. Да Міжнароднага дня музеяў у маі рыхтуемся паказаць усю Скарыніяну, што маецца ў фондах музея, на выставе «Доктару Скарыне пры­свячаецца…». Гэта разнастайныя выданні, прысвечаныя нашаму славутаму земляку, манеты, медалі, творы мастацтва і інш.

    У тым ліку новыя манеты з серыі «Шлях Скарыны», а таксама навуковыя даследванні пра Францыска Скарыну — зараз у дзеючай экспазіцыі толькі іх малая частка. Выстава будзе працаваць да канца жніўня, на яе аснове можна будзе праводзіць і тэматычныя экскурсіі, і музейна-педагагічныя заняткі.

    Зараз, у лютым, у нас адкрылася выстава «Служэнне роднаму слову», прысвечаная Дню роднай мовы. Яна знаёміць з беларускімі літаратарамі і навукоўцамі, якія плённа працавалі і працуюць на ніве нацыянальнага пісьмен­ства і чые юбілеі прыпадаюць на 2017 год. На выставе прадстаўлены выданні Адама Мальдзіса, вядомага даследчыка спадчыны Францыска Скарыны, Цішкі Гарт­нага, Алеся Гаруна, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Алеся Разанава, Раісы Баравіковай, Эдуарда Самуй­лёнка і многіх іншых. Мяркуем, што яна прыцягне ўвагу і знаўцаў роднай мовы, і юных палачан, гасцей і турыстаў. Дарэчы, большая частка экскурсій у нашым музеі праводзіцца на беларускай мове.

    — А які падарунак, або, скажам так, «сюрпрыз» рыхтуецца да святкавання Дня белару­скага пісьменства ў Полацку?

    — Псалтыр 1517 года, які выдаў Францыск Скарына ў Празе, — гэта наш сапраўдны беларускі брэнд. Чаму менавіта Псалтыр? Ёсць такія меркаванні вучоных, што ў той час па Псалтыру вучылі дзяцей чытаць і пі­саць. І, несумненна, сам Скарына ў дзяцінстве ў Полацку вучыўся па ім. Нездарма ён называў сваю першую друкаваную кнігу «лекамі душэўнымі».

    Таму мы плануем прадставіць да Дня беларускага пісьмен­ства Псалтыры розных часоў — ад старадрукаваных да нашага часу. У фондах нашага музея ёсць даволі значная колькасць такіх выданняў. А Скарынаўскі Псалтыр захаваўся ў свеце ўсяго ў двух асобніках: у Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Таму ў нашай экспазіцыі прадстаўлены выдатна выкананая копія Псалтыра і іншых выданняў Скарыны, якія цяжка адрозніць ад арыгіналаў. Яны вельмі добрай якасці і зроблены мастакамі ў тэхніцы таго часу. Паказаны таксама стара­друкаваныя выданні кіры­лічнага і лацінскага шрыфтоў. Сярод іх такія рарытэты, як «Евангелие учительное» (Вільня: друкарня Мамонічаў, 1595 г.), «12 прамоў» Іераніма Фалецкага (Венецыя: выданне Альдаў, 1558 г.), «Минея общая» (Масква, 1628 г.) і інш. А сучасным выданням, лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» мы кожны год пры­свячаем выставу «Лепшыя кнігі Беларусі». Сярод іх усё часцей бачым вы­данні, падрыхтаваныя выдавецкім аддзелам Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, сёстры якога плённа працягваюць асветніцкую справу прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

    У перыяд падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя белару­скага кнігадрукавання ў нас пройдуць традыцыйныя Беркаўскія чытанні, у выдавецтве «Беларусь» на аснове экспазіцыі і фондавых матэрыялаў нашага музея рыхтуецца альбом, які будзе прысвечаны і 500-годдзю беларускага кніга­друкавання, і музею. Зараз у музеі пачалася работа па рээкспазіцыі і мадэрнізацыі музейнага абсталявання, асвятлення, каб у новым абліччы сустрэць юбілейную дату.

     

    Автор: Тамара ФілімонаваПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)