24 Мая, 2026 Воскресенье

На палотнах дзіўныя ўзоры

  • 20 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Вырабы слуцкіх ткачых здзіўляюць разнастайнасцю ўзораў. Увасобіць творчыя ідэі майстроў на РУП «Слуцкія паясы» дапамагае сучаснае абсталяванне. На прадпрыемстве за папярэднія некалькі гадоў адчувальна абнавілі вытворчую базу.

    Размаўляю з вядучым мастаком РУП «Слуцкія паясы» Антанінай Уладзіміраўнай Ісакавай.

    – Акрамя, як мы яго называем, «радзівілаўскага» станка,  на якім ткуць слуцкія паясы, прадпрыемства папоўнілі яшчэ два: аўтаматычныя ткацкія станкі з жакардавай машынай і з рэміза-пад’ёмнай карэткай, – распавядае Антаніна Уладзіміраўна. – Для вырабаў, якія ткуць на  жакардавым станку, малюнкі распрацоўвае тэхнолаг Наталля Георгіеўна Новікава. Працаваць вельмі цікава. Для жакардавай машыны можна прыдумляць любыя малюнкі, ад класічных кветак і ромбаў да дзіцячых Смяшарыкаў або пінгвінаў. Але, вядома, наш асноўны напрамак – народнае ткацтва. З моманту закупкі станкоў мы асвоілі 42 праграмы.

    Я распрацоўваю эскізы для ткання на рэмізным станку, раней  – для ручных ткацкіх станкоў, зараз гэта раблю рэдка, бо для ручных станкоў ёсць ужо вялікі асартымент малюнкаў. Аўтаматычны агрэгат знешне падобны на ручны ткацкі станок, але мае больш рэмізаў (планак), што дазваляе рабіць складанейшыя ўзоры.

    Працэс распрацоўкі ўзору досыць працяглы і працаёмкі. Першапачаткова прыдумваеш і малюеш узор, потым трэба «даць заданне» станку на кожную нітачку, куды яе накіраваць. Уявіце, калі ў пакрывале 1 000 нітачак… Потым з атрыманага ўзору  можна складаць розныя кампазіцыі, мяняць колер, перастаўляць, камбінаваць з іншымі. Такім чынам на аснове  аднаго малюнка можна зрабіць мноства новых.

    За мінулы год мы разам з Наталляй Георгіеўнай распрацавалі каля 170 узораў для пакрывалаў, ручнікоў, сурвэтак, паясоў, абрусаў, закладак. Новы напрамак – адзенне з тканымі ўстаўкамі.

    Вялікая перавага гэтага абсталявання – прадукцыя атрымліваецца ў разы таннейшай, чым пры ткацтве на ручных станках. І якасць вырабаў значна вышэй. А прадукцыйнасць працы якая высокая: на аўтаматызаваным станку за 6 хвілін вырабляем адно пакрывала, гэта прыкладна 70 пакрываў у змену, на ручным – 4. Заказаў прыходзіць шмат. Канечне, рады, што пакупнікам падабаецца наша прадукцыя. 

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)