04 Мая, 2024 Суббота

Бельканта ад маэстра

  • 21 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    У вядомага італьянскага педагога па вакале Паола дэ Напалі журналісты пацікавіліся, колькі ў Італіі оперных тэатраў. Маэстра пажартаваў, што, напэўна, больш, чым жылых дамоў. За першынство на музычным алімпе з гэтай краінай не паспрачаешся. А вось павучыцца і пераняць лепшыя здабыткі толькі на карысць. Таму прыезд у Маладзечна шаноўнага госця, які ўзначальвае міжнародную музычную асацыяцыю «Studio Lirico», стаў значнай падзеяй.

    У канцы студзеня Паола дэ Напалі разам з піяністам міланскай Акадэміі тэатра «Ла Скала» Марка Бароні праводзіў у музычным каледжы імя М.К. Агінскага майстар-класы па тэхніцы віртуозных спеваў бельканта. Завяршыўся творчы візіт канцэртам на сцэне каледжа. У выкананні маладых спевакоў з Італіі, Літвы, Расіі, Беларусі прагучалі творы сусветнага вакальнага рэпертуару. Кожнае выступленне яны ператварылі ў музычны міні-спектакль, прадэманстравалі выдатнае валоданне голасам і адметную манеру выканання.

     — Некалькі гадоў таму я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы оперы «Аіда» і «Севільскі цырульнік» у Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, — расказаў Паола дэ Напалі ў час сустрэчы з журналістамі. – Як педагог працаваў з беларускімі вакалістамі над тэхнікай, вымаўленнем, стылем і дыкцыяй. У Маладзечна прывяло творчае супрацоўніцтва і сяброўства з выдатным педагогам па вакале Георгіем Юрэвічам, маладым талентам Андрэем Мікульчыкам. У свой час я дапамагаў удасканальваць выканальніцкае майстэрства выпускніку музычнага каледжа, лаўрэату міжнародных конкурсаў, салісту Марыінскага тэатра Уладзіславу Сулімскаму. Знаёмства з дырэктарам установы Рыгорам Сарокам спрыяе ажыццяўленню міжнароднага праекта па навучанні моладзі італьянскаму вакальнаму стылю.

    — У традыцыях каледжа вельмі паважлівыя адносіны да сольных спеваў, — далучыўся да размовы Рыгор Сарока. – Наша ўстанова дала свету нямала выдатных спевакоў, якія выконваюць вядучыя партыі ў прэстыжных оперных тэатрах. Цяпер стварылі ўсе ўмовы для плённай работы італьянскіх калег, прапанавалі для заняткаў лепшыя аўдыторыі, а таксама музычныя інструменты. Дарэчы, Марка Бароні назваў іх проста класнымі. Пачатак пакладзены. Плануецца, што наступны майстар-клас завершыцца вялікім канцэртам, на якім спевакі выступяць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра на сцэне Палаца культуры. Для таго каб госці лепш пазнаёміліся з нашай краінай, падрыхтуем цікавую экскурсійную праграму па адметных мясцінах Беларусі. Сапраўднае мастацтва адкрывае межы і цесна аб’ядноўвае аднадумцаў, — падкрэсліў субяседнік.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Людміла ЦАР.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)