23 Апреля, 2024 Вторник

У Астраўцы 21 лютага святкуюць Дзень роднай мовы

  • 21 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    На курсы па вывучэнні роднай мовы «Мова нанова», якія кожную сераду прахо­дзяць у Астраўцы, часта запрашаюць цікавых гасцей зблізку і здалёку.

    Нядаўна сваімі вершамі, песнямі, перакладамі і думкамі-развагамі са слухачамі курсаў дзяліўся выкладчык філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч – і мы не маглі не скарыстаць магчымасць, каб не задаць яму некалькі пытанняў.

    – Андрэй, я не без здзіўлення даведалася, што вы не карыстаецеся ма­біль­ным тэлефонам і іншымі гаджэтамі. Гэта так?

    – Наконт тэлефона – так, а іншымі гаджэтамі я карыстаюся: ноутбукам, да прыкладу, некаль­кі разоў на дзень спраўджваю электронную пошту, зарэгістраваны ў «Фэйсбуку».

    А што тычыцца мабільніка, то ў мяне ёсць некалькі сім-карт – польская, французская, я карыстаюся імі, калі выязджаю за мяжу і трэба падтрымліваць сувязь з роднымі. Беларускай няма – раней не завёў, а зараз неяк без патрэбы. Так атрымліваецца, што я звычайна знаходжуся на лекцыі альбо іншых публічных мерапрыемствах, калі мабільны тэлефон адключаюць, а дома пры хатнім тэлефоне. А калі недзе ў парку на прагулцы, то нават добра, што ніхто не назаляе.

    Праўда, часам бывае няёмка перад хатнімі, калі некаму закарціць менавіта ў гэтую хвіліну са мной перагаварыць – і тады падымаюць на ногі ўсіх, часцей за ўсё маім «сак­ратаром» даводзіцца «працаваць» жонцы.

    Калі пытаюць, чаму ў мяне няма мабільніка, я звычайна жартую, што пачакаю новага вітка развіцця, калі чып будуць адразу ў мозг ужыўляць…

    – Скажыце, як вы ацэньваеце сённяшні стан беларускай мовы і літаратуры?

    – Як гэта ні парадаксальна, беларуская мова і беларуская літаратура – гэта розныя рэчы, і стан іх я ацэньваю па-рознаму. Становішча беларускай мовы хутчэй крытычнае, а беларускай літаратуры – больш пазітыўнае.

    Стан беларускай мовы такі, якім ён можа быць без сістэм­най дзяржаўнай культурнай палітыкі. Нашы балтыйскія краіны-суседкі, разумеючы небяспеку блізкай прысутнасці моцнай вялікай рускай мовы, дзесяцігоддзямі ўкладваліся ў сістэмную падтрымку сваіх моў і нацыянальных культур – і гэта дало пэўны плён. У нас жа на фоне афіцыйнага двухмоўя няма выразнага сігналу ад дзяржавы, што веданне беларускай мовы падтрымліваец­ца дзяржавай, што гэта дапамо­жа дасягнуць нейкіх кар’ерных, службовых, фінансавых по­спе­хаў. Калі сур’ёзныя навіны па тэлебачанні паведам­ляюць па-руску, а затым нейкі клоун у саламяным капелю­шы па-беларуску расказвае пра прагноз надвор’я, то зразу­мела, чаму ў людзей да мовы стаўленне як да нечага дэка­ратыўнага і неабавязковага.

    Мая дачка вучыцца ў фармальна беларускамоўнай дзявятай гімназіі Мінска. І я ведаю, што, як толькі прагучыць званок, выкладчыкі пачынаюць гаварыць па-руску – з вучнямі, паміж сабой. Зразумела, што ў дзяцей выпрацоўваецца стэрэатып, што беларукая мова – замежная. Што называецца, дажыліся!

    Канешне, я не магу пазі­тыў­на успрымаць стан рас­паў­сюджвання беларускай мовы. Але калі казаць пра якас­нае змесціва, то тут ёсць пазі­тыўныя званочкі. Калі ў 60-70-ых гадах мінулага стагоддзя беларуская мова асацыявалася як вясковая спадарожніца гарадской рускай мовы, а гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ўспрымалася як мова апазіцыі, то сёння яна гучыць як элітарны прадукт, як мова людзей адукаваных, творчых. Па-беларуску выдаюцца кніжкі сусветнай філасофіі, замежнай літаратуры – яшчэ ўчора пра гэта і марыць не маглі.

    Хацелася б, каб з вузкай сферы беларускіх астравочкаў гэта пашырылася на ўсю краіну.

    А вось літаратурная сітуацыя мяне па-добраму дзівіць. З’яўляюцца новыя аўтары, якія дакладана ведаюць, што за сваю пісьменніцкую працу не атрымаюць машыну, кватэру ці іншыя дывідэнды, як раней, – але ўсё роўна пішуць, бо не могуць не пісаць. І яны выклікаюць у мяне павагу.

    Але літаратурныя жанры развіваюцца нераўнамерна, і гэтаму ёсць свае прычыны. Лёгка скласці вершык і падзяліцца ім у сеціве. Значна цяжэй напісаць раман-эпапею – і не памерці з голаду ў працэсе яго стварэння, бо літаратура зараз – хутчэй хобі, якое не пракорміць аўтара. Таму верш, кароткае апавяданне, эсэ развіваюцца лепш, чым жанры, якія патрабуюць інстытуцыйнай падтрымкі. Напрыклад, можна напісаць «у стол» санату для скрыпкі – але не вялікую сімфонію з аркестрам: нехта ж павінен пусціць цябе з гэтай сімфоніяй на сцэну, прадаваць білеты і гэтак далей.

    Чым больш будзе ў нас розных літаратурных узнагарод, стыпендый, якіх мноства ў замежных краінах, – тым лепш будзе развіваца літаратура. А пакуль кожную кніжку, асабліва ў прозе, я разглядаю як цуд, які адбываецца не дзякуючы, а насуперак.

    – Сёння беларуская мова пашыраецца і развіваецца найперш у маладзёжным асяроддзі – адбываецца тое, што на Астравеччыне называюць ёмістым словам «навяртанне». Але часта ў гэтым імкненні да беларускасці моладзь спрабуе стварыць новую мову, якую не ведаюць і не разумеюць тыя, хто ўсё жыццё жыў тут і гаварыў па-беларуску. Як вы да гэтага ставіцеся?

    – Гэта нармальны комплекс неафіта – нованавернутага, як вы кажаце, які мусіць прайсці гэты этап.

    Я памятаю, калі мне, выпу­скніку рускага філфака з рускамоўнай сям’і, у 90-ыя гады раптам «стрэліла» ў галаву, што калі я і мае калегі нічога не будзем рабіць, то ўсё, папросту кажучы, «загнецца» – і адчуў, што на мне нібыта ляжыць кавалак персанальнай адказнасці. Тады я з усім жарам неафіцтва рынуўся ў беларускую мову – і мне было мала шасцітомніка пад рэдакцыяй Крапівы: на стале ляжала факсімільнае выданне Ластоўскага, ксера­копія слоўніка Байкова і Некра­шэвіча, самвыдатаўскі «талмуд» Янкі Станкевіча. І я, як і сённяшняя моладзь, чэрпаў адтуль, піў нагбом, не заўсёды крытычна адносячыся да таго, што зачэрпваў.

    Але наша літаратура зна­хо­дзіцца ў стане  недастворанасці. Яна, як неабпаленая гліна, прымае любую форму пад нечыім асцярожным ці не вельмі дотыкам. Можна ўспомніць, як з такім жа неафіцкім запалам Уладзімір Караткевіч кідаў цэлымі жменямі паланізмы, украінізмы ў беларускую мову – і яны, дзякуючы харызме пісьменніка, яго таленту і поспеху раманаў, прыжыліся. Сёння нікому не прыйдзе ў галаву, што «распавядае» – гэта калька з украінскага «росповісці», і слова гэтае, як і дзясяткі іншых, увайшло ў нашу мову дзякуючы Караткевічу. Шмат новых слоў з’явілася спачатку ў літаратуры, а затым і ў мове дзякуючы Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Арлову, Адаму Глобусу, Валянціну Акудовічу, Алесю Разанаву.

    Пераможцаў не судзяць – а няўдалыя неафіцкія спробы адваляцца самі па сабе: не так проста новае слова ўвесці ў мову, ды так, каб яно прыжылося.

    – Вы ўжо ўзгадалі, што вы­раслі ў рускамоўнай сям’і. А як прыйшлі да беларускасці?

    – Першы імпульс быў хутчэй грамадска-палітычны: я лічыў, што Беларусь мусіць мець уласную культуру і я павінен зрабіць для гэтага ўсё, што магу.

     А ўжо калі паспрабаваў, то зразумеў, што дакрануўся да абсалютна іншага свету з паралельнымі і шмат цікавейшымі законамі. Пішучы па-беларуску, я мог сабе дазволіць іншыя інтанацыі, пафас, пісьменніцкія стратэгіі – тое, што прагучала б банальна і зацёрта па-руску, набывала зусім іншую тэмпературу, шмат цяплей гучала па-беларуску. І чым далей, тым меней у гэтым было ідэалогіі і больш – чыстай эстэтыкі.

    Сёння мне больш камфорт­на думаць і размаўляць па-беларуску. Я спрабаваў пару разоў на замову чытаць лекцыі па-руску – і зразумеў, што пачынаю гаварыць беларускімі калькамі. Хоць у маім дыпломе запісана «Філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры».

    – Ёсць думка, што адна з асноўных пагроз цывілізацыі, побач з тэрарызмам  і забру­джваннем навакольнага асяроддзя, – знікненне шматлікіх нацыянальных  культур  і моў, сярод якіх, на жаль, і беларуская. Вы яе падзяляеце?

    – Так, я падзяляю гэтую занепакоенасць. Вядома, што кожны дзень памірае нейкая мова, культура, веравызнанне – і ў маштабе планеты гэта культурна-экалагічная катастрофа і вялікая страта. І, калі нічога не рабіць, то гэтыя страты будуць павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі.

    У развітых краінах развіта і нацыянальная самарэфлексія: ёсць разуменне, што эканоміка павінна працаваць і на захаванне гуманітарных каштоўнасцей, што трэба аддаваць грошы на падтрымку культуры, у тым ліку – суіснавання розных культур, канфесій, моваў. А ігнараванне беларускасці ў Беларусі – гэта хутчэй прыкмета правінцыйнасці, чым далучанасці да глабалістычных працэсаў.

    Чамусьці толькі вайна ў блізкіх суседзяў прымушае нас задумацца аб выхаванні сваёй нацыянальнай самасвя­домасці. І прыемна, што наша ўлада ўсведамляе, што свядомасць нашага грамадзяніна, асабліва ў такім суседстве, патрабуе маральных, культурных і іншых інвестыцый у беларускасць. Трэба выхоўваць грамадзян, якія ў выпадку небяспекі гатовы бараніць сваю краіну.

    – Часта можна пачуць: «Не мая віна, што ў нас такі стан беларускай мовы. Што я, маленькі чалавек, магу зрабіць?» А сапраўды – што?

    – Я выкладаю сваім студэнтам французскага пісьменніка Вальтэра, і адзін з яго твораў – якраз пра гэта. Там адзін філосаф сцвярджае, што ўсё да лепшага ў гэтым найлепшым свеце – і выглядае шчаслівым ідыётам, бо жыццё пярэчыць яго аптымізму. Другі, наадварот, гаворыць, што род чалавечы нікчэмны і ўсё гіне. А галоўны герой прыходзіць да высновы: у любым выпадку трэба апрацоўваць свой сад.

    У кожнага з нас – свой метафарычны сад. Так, мы абмежаваны ў сваіх магчымасцях – але на хвалі раздражнення часам не робім нават таго, што можам.

    А трэба не раздражняцца, не абвінавачваць, не агітаваць, а проста рабіць нешта цікавае людзям, нават рускамоўным, каб іх зачапіла, каб яны слухалі – і разумелі і гаварылі па-беларуску. Інакш, прымусам, адрадзіць мову не атрымаецца, бо гэта вельмі тонкая сфера чалавечага сумлення і свядомасці.

    Канешне, для гэтага патрабуецца смеласць. Трэба памятаць, што мы  жывём на тых землях, дзе шматлікія войны і паўстанні фактычна знішчалі кожнае пакаленне найлепшых мужчын, і цалкам зразумела, чаму ў нашым наро­дзе захаваліся партызанскія замашкі. Беларус не загаворыць па-беларуску, пакуль не ўпэўніцца, што перад ім свой, аднадумца, з якім ён паразумеецца. У выніку атрымліваецца смешная сітуацыя, калі два беларускамоўныя чалавекі на вуліцы размаўляюць па-руску. І да мяне часта па-руску звяртаюцца студэнты – а ўжо потым высвятляецца, што яны беларускамоўныя паэты. Я ўпэўнены, што бела­рускамоўных грамадзян сярод нас нашмат больш, чым чуваць на вуліцы.

    Людзі накшталт мяне – паэты, перакладчыкі, стваральнікі імпрэзаў, песень, артысты – яны робяць, што могуць. І чым больш нас будзе – тым менш будзе размоў аб плачэўным стане беларускай мовы і тым часцей яна стане гучаць.

    Автор: Ніна РыбікАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)