20 Апреля, 2026 Понедельник

Прыйшла Масленiца, прынесла блiноў i маслiца

  • 21 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на гэтым тыдні пройдуць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя любімаму народнаму абраду — Масленіцы. Калісьці гэтае свята адзначалася вельмі пышна і доўга, мяркуюць, што нават супадала з Новым годам па ўсходнім календары. Але ў сярэдзіне XV стагоддзя свята скарацілася да сямі дзён, якія папярэднічаюць перадвелікоднаму посту. Мо, таму ў палякаў Масленічны тыдзень яшчэ называюць “менсапуст”, або “запуст”.

    — Усе на свята! Масленіцу сустракаем! Зіму праводзім! Вясну заклікаем! — такімі словамі і вясёлай музыкай 19 лютага поўнілася плошча ў гарадскім пасёлку Радунь. Тэатралізаванае прадстаўленне адкрылі сімпатычныя скамарохі, ролі якіх таленавіта выканалі Тэрэса Банцэвіч і Віталь Адаміцкі. Нават Зіма (Анастасія Куджма) ўжо не змагла напалохаць сабраўшыхся людзей. Бо  з-за хмар усё часцей выглядае сонейка, снег імкліва тае, а Вясна (Елізавета Свібовіч) зіме на пяткі наступае:

    Я — Вясна-красна,

    Буджу зямлю ада сну,

    Радасць людзям я нясу.

    Праганяю з рэчак лёд,

    Раблю светлым я ўсход.

    За гэтую доўгачаканую радасць гараджане дзякавалі Вясне шчырымі апладысментамі, а сама Масленіца (Надзя Жэгздрынь) пачаставала яе блінамі з малінавым варэннем. Да густу прыйшліся бліны і ўсім гасцям свята. Дарэчы, бліны са смятанай, мёдам і іншымі прысмакамі былі і на кожным імправізаваным падворку, якія арганізавалі работнікі культуры з Начы, Забалаці, Курчоўцаў і Місявічаў, Больцішкаў, Гіркаў, Жырмунаў…

    Яскравым атрымаўся і святочны канцэрт. У прыгожых народных строях дзяўчаты і хлопцы сваімі песнямі, музыкай і жартамі падарылі шмат цеплыні і добрага настрою. Толькі слухаць іх, на жаль, амаль не было каму. Дзясяткі два і можна было налічыць прысутных на свяце. І то людзі доўга не затрымліваліся на плошчы, а многія праходзілі міма святочнай пляцоўкі.

    Склалася ўражанне, што свята было патрэбна толькі работнікам культуры, якія са сваёй задачай справіліся добра, за што ім вялікі дзякуй. Быў змястоўны сцэнарый, цікавы канцэрт і таленавітыя выканаўцы, але ўсё гэта выглядала, як генеральная рэпетыцыя, бо без людзей свята — гэта не свята.

    Дык што ж мы робім не так, чаму людзі ігнаруюць мерапрыемствы? Гэтае пытанне хочацца адрасаваць, у першую чаргу, намеснікам кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў па ідэалагічнай  рабоце, актывістам шматлікіх грамадскіх арганізацый, установам адукацыі, гандлю, мясцовым уладам, у рэшце рэшт. Хочацца верыць, што запланаванае на 25 лютага такое ж свята ў Воранаве ўжо пройдзе па-іншаму, з размахам.

    Вікенцій ЯКОВІЧ.

    Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

    Автор: Викентий ЯковичВоранаўская газета
    Теги: 

Комментарии (0)