19 Апреля, 2024 Пятница

Пад знакам «Ў» адзначылі Дзень роднай мовы ў Барунах

  • 28 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Родная мова… Гэтыя простыя словы не могуць не кранаць сэрца, бо закладзены ў іх надзвычай глыбокі сэнс. Мілагучная, прыгожая, напеўная…. Такая родная, такая шчырая, такая блізкая… 21 лютага — цудоўны дзень. Дзень, калі мы асаблівым чынам шануем  родную мову, калі ўзгадваем пра яе значнасць у нашым жыцці.

    У Барунскім ВПК ужо склалася свая традыцыя святкавання гэтай падзеі. На працягу цэлага тыдня вучні выконваюць розныя заданні: удзельнічаюць у віктарынах, малююць малюнкі, пішуць вершы, здымаюць невялічкія фільмы. Нягледзячы на вялікі аб’ём працы, усе гэтыя мерапрыемствы прыносяць задавальненне ўдзельнікам. Вучні захапляюцца справай і  творча падыходзяць да любой працы. У гэты момант заданні пачынаюць прыносіць асалоду і задавальненне. Той клас, вучні якога будуць найбольш стараннымі, творчымі і неабыякавымі, атрымлівае галоўны прыз — знак «Ў».

    І вось надышоў той дзень, калі вызначыцца клас-пераможца. Менавіта ў гэты дзень і праходзіць канцэрт, прысвечаны роднай мове. У актавай зале няма вольных месцаў. Вучні з хваляваннем чакаюць пачатку мерапрыемства. І вось пачынаецца святочны канцэрт. Гледачы вітаюць вучняў дзявятага класа, якія падрыхтавалі вясёлы танец. Танец абудзіў запал у кожным, і маленькія гледачы ўжо не могуць сядзець на месцы. Яны падтрымліваюць шчырымі апладысментамі выступоўцаў. Далей пачынаецца конкурсная праграма. На  сцэну выходзяць 7 вучняў, кожны з іх прадстаўляе свой клас. Яны ўпэўнена адказваюць нават на самыя складаныя пытанні, а члены журы пільна сочаць за адказамі. Вучні ўсіх класаў шчыра хвалююцца за сваіх  прадстаўнікоў, імкнуцца маральна падтрымаць удзельнікаў. Напружанне здымаюць творчыя нумары школьнікаў. Вучні дзясятага класа праінсцэніравалі байку Кандрата Крапівы. Яркія касцюмы, неаспрэчны артыстызм, прыгажосць прачытання — усё гэта стварыла станоўчае ўражанне. Бараноўскі Дзмітрый выканаў цудоўную кампазіцыю на баяне, а Мігановіч Валерыя праспявала беларускую песню. Таленты вучняў розныя і шматгранныя, аднак накіраваны яны на дасягненне агульнай мэты — праслаўленне роднай мовы. У такія моманты прыходзіць разуменне, што наша моладзь усім сэрцам любіць родную мову і імкнецца данесці яе прыгажосць да іншых.

    Конкурсная праграма падышла да свайго завяршэння. Прыйшоў час падвесці вынікі. Гэта нялёгкая праца была ўскладзена на журы. Зрабіць выбар сапраўды складана, бо ўсе вучні старанна падышлі да выканання заданняў. І вось надышоў самы хвалюючы момант. Момант падвядзення вынікаў. Для падвядзення вынікаў быў запрошаны старшыня журы Франц Вацлававіч Станулевіч. Ён падзякаваў вучням за грунтоўную падрыхтоўку і аб’явіў пераможцу. А пераможцамі сталі вучні дзясятага класа. Менавіта ім быў уручаны знак «Ў».  Свята скончылася, аднак не скончылася непамерная любоў і павага да роднай мовы, да роднага слова.

    Знак «Ў» будзе упрыгожваць паліцу прадметнага кабінета і чакаць наступнага года, а таксама служыць напамінам для вучняў, што родная мова патрабуе нашай увагі.

    Автор: Кацярына РУДЗІКАшмянскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)