26 Апреля, 2024 Пятница

Талер на шчасце

  • 01 марта 2017 Культура Русский 0

    Напэўна, многія пінчане заўважалі на вуліцах нашага горада своеасаблівы «манетны двор», дзе працуе каваль-рамеснік Аляксей Наздрын. Ён прапаноўвае ўсім жадаючым уласнаручна адчаканіць манеты.

    Зусім нядаўна каваль распрацаваў два новыя віды сувенірных манет. Для першай з іх ён узяў за аснову вобраз меднага соліда, які чаканілі на Брэсцкім манетным двары ў другой палове XVII стагоддзя. У 1664-1666 гадах на такіх манетах размяшчалася выява герба Вялікага княства Літоўскага – «Пагоні». Аляксей таксама выкарыстоўвае гэты герб, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адна назва манеты гэтай эпохі «талер». «Талер на шчасце» – менавіта такі надпіс можна адчаканіць на сувенірнай манеце.

     – Выбар малюнка на адваротным баку талера падказала міфалогія. Гэта сімвал яднання зямлі і сонца. Менавіта гэтыя два складнікі даюць жыццё, цяпло, святло, ураджай, хлеб, багацце і росквіт. Усё, чым славіцца наша Палессе, заключана ў гэтым знаку. І, вядома, дадатковым абярэгам на гэтай манеце з’яўляецца падкова. Да гэтага часу сярод палешукоў існуе вераванне, што падкова аберагае ад нячыстых сіл і абяцае шчасце гаспадарам дома. На мой погляд, уладальніка такой манеты ніколі не пакіне ўдача, але пры гэтым трэба прыкладаць свае ўласныя намаганні, тады поспех і росквіт гарантаваны, – расказаў майстар.

    Яшчэ адзін від сувенірных манет прысвечаны Пінску. На іх можна ўбачыць своеасаблівыя візіт-ныя карткі нашага горада – герб сталіцы Палесся і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Герб горад атрымаў 12 студзеня 1581 года ад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя разам з Магдэбургскім правам. У мінулым годзе з моманту гэтай значнай па-дзеі прайшло ўжо 435 гадоў. А сёлетні год для Пінска юбілейны – у пачатку кастрычніка мы адзначым 920 гадоў з дня першага лета-піснага згадвання. Гэтыя дзве даты і злучыў каваль на сваёй манеце.

    Што тычыцца працэсу вырабу, то рамеснік растлумачыў – першая манета вырабляецца з нарыхтовак дыяметрам 25 мм. У працы выкарыстоўваюцца латунь і медзь. Прычым медзь па сваіх якасцях досыць мяккая, таму «талер на шчасце» могуць адчаканіць нават дзеці. Другая манета, з гербам Пінска, у тэхнічным плане больш складаная, для яе вырабляўся штамп па спецыяльнай тэхналогіі. Ён мае невялікі нюанс, але пакуль майстар трымае яго ў сакрэце. Дыяметр манеты 32,6 мм. Вялікі памер – гэта не галоўная ўнікальнасць, важна тое, што яна прысвечана нашаму гораду і яго багатай гісторыі.

    Першымі новыя манеты змаглі ўбачыць маладыя пары, якія бралі шлюб ў мінулыя выхадныя. Свое-асаблівы «манетны двор» размясціўся каля сцен Пінскага аддзела загс. Месца майстар абраў не выпадкова: дзе, як не тут, можна сустрэць шчаслівых гара-джан. Маладыя і госці ўрачыстых цырымоній з задавальненнем чаканілі манеты на паспяховае і багатае жыццё.

    Аляксей Наздрын плануе займацца гэтым відам рамяства не толькі ў Пінску, а і ў цэлым у рэгіёне. Гэта не толькі цікавая забава, а яшчэ і напамін аб святочнай падзеі, своеасаблівы абярэг ці талісман, арыгінальны сувенір. Майстар таксама спадзяецца, што манеты будуць запатрабаваны ў турыстаў і гасцей горада.

    Автор: Наталья МилевскаяПолесская правда
    Теги: 

Комментарии (0)