27 Апреля, 2024 Суббота

Як у Слуцку вясну зазывалі

  • 02 марта 2017 Культура Беларуская 0

    У парку культуры і адпачынку ў нядзелю 26 лютага прайшло свята «Румяная Масленіца», якое падрыхтавалі і правялі спецыялісты Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры. Тэрыторыю парку ўпрыгожылі зробленымі ў школах фігурамі Масленіцы, вясёлымі выявамі сонейка. Установы культуры і дадатковай адукацыі прапаноўвалі масленічныя лялькі і іншыя сувеніры, у гандлёвых палатках можна было пачаставацца шашлыкамі, блінамі і іншымі прысмакамі. Народу сабралася шмат.

    Каля палаткі Слуцкага цэнтра турызму можна было пагрэцца каля агню, выпіць гарбаты. Тут таксама праводзілі і жартоўныя турыстычныя спаборніцтвы. На сцэне разгарнулася тэатралізаванае прадстаўлене: Алёнка, Любава і Масленіца адправілі волата Івана вызваляць Вясну з палону Змея. Аматарскія калектывы ўстаноў культуры Случчыны не давалі сумаваць, пад іх звонкія песні знайшліся ахвочыя і патанцаваць.  Вясёлыя конкурсы захапілі юных удзельнікаў свята.

    Сёлетняе свята вызначылася адразу некалькімі навінкамі: прайшоў конкурс на хуткаснае выпяканне бліноў, чэмпіянат па паяданні бліноў, фотаконкурс «Вось гэта… блін!». Повары чатырох прадпрыемстваў змагаліся на хуткасць выпякання галоўнай масленічнай стравы. Найбольшую колькасць бліноў за адведзены час – 19 – спяклі Крысціна Драбышэўская (гандлёвы дом «Радуга-свет» ) і Анжаліка Перавалава (ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў»), на другім месцы (17 бліноў) –  Галіна Яновіч (КУП «Слуцк-Усход»), на трэцім (15) – Валянціна Лушчыцкая (ААТ «Слуцкі хлебазавод»). Удзельніцы конкурсу атрымалі дыпломы і падарункі.

    Чэмпіянат па хуткасным паяданні бліноў быў самым, бадай, цікавым і эмацыянальным. Паспрабуйце з’есці 15 штук, хоць і пры гарачай падтрымцы гледачоў! Не так проста гэта аказалася. «Блінны» чэмпіён атрымаў у падарунак скавараду і кубак, па 10 кілаграмаў мукі прэзентавалі іншым фіналістам. Забяспечыла ўдзельнікаў чэмпіянату смачным «рэквізітам» і прызамі ТАА «Гандлёвы дом «Радуга-свет» (дырэктар А.М. Заяц).

    Пераможцаў фотаконкурсу выбіралі галасаваннем у сацыяльных сетках. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі бліны Маргарыты Зыкавай, на другім месцы –  Масленіца з бліноў Кацярыны Барнатовіч, на трэцім – «матылёк» Алёны Козел. Лепшым кулінарам – прызы.

    Цукеркі, сушкі, каўбаса, чай і курыца аказаліся ў прызавых пакетах  смельчакоў, якія здолелі ўзлезці за імі на слуп. Жадаючых, як заўсёды, было дастаткова, ды не ўсім хапіла моцы і спрыту.

    … Урэшце Іван вызваліў Вясну, прыйшоў час спаліць чучала Масленіцы. На чучала случчане прывязвалі саламяныя лялькі, каб тыя згарэлі з Масленіцай, а разам з гэтым пайшлі прэч усе нягоды.

    Сустракаем вясну!

    Автор: Ирина ВЕЧЕРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)