24 Апреля, 2024 Среда

Першадрукар і першы беларускі шпіён?

  • 02 марта 2017 Культура Русский 0

    Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша агучыў нечаканую гіпотэзу дзейнасці знакамітага земляка

    У гэта цяжка паверыць, але яшчэ якіх-небудзь сто гадоў таму пра Скарыну не ведаў амаль ніводзін беларус! Вярнулі нам першадрукара расійскія і чэшскія даследчыкі. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя стала развівацца бібліяграфія, уваходзіць у моду калекцыяніраванне кніг. Сярод першых бібліяграфічных артыкулаў у Расіі — апісанне менавіта кніг нашага друкара. Беларускія ж даследчыкі далучыліся да гэтай тэмы толькі ў пачатку XX стагоддзя. І ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў Скарына стаў сапраўдным брэндам Беларусі ва ўсім свеце. Сімвалам, які аб’ядноўвае людзей з рознымі поглядамі і пазіцыямі, сацыяльнымі статусамі і адукацыяй. Бо сёння ў рэспубліцы не засталося чалавека, які не чуў гэтае імя. Але дагэтуль пра жыццё і дзейнасць Скарыны навукоўцы ведаюць менш, чым хацелася б.

    Пра асобу першадрукара і яго спадчыну карэспандэнт “СГ” пагаварыла з чалавекам, які ведае пра Скарыну, бадай, больш за ўсіх у краіне, а можа, нават і ва ўсім свеце, — з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі  Аляксандрам СУШАМ.

    — Аляксандр Аляксандравіч, няўжо да гэтага часу даследчыкі так і не разгадалі адну з асноўных яго загадак: ці вучыўся Скарына ў Падуі?

    — Сапраўды, дакладна гэта невядома. У апошні час з’явіліся новые гіпотэзы, якія ставяць пад сумненне яго навучанне ў Падуі.

    Справа ў тым, што 1512 год, калі Скарына трапіў у Італію, — гэта перыяд вялікай вайны. І ўніверсітэт на пэўны час спыніў сваю дзейнасць. Працавалі прафесары, многія выкладчыкі, збіраліся вучні, часткова заняткі праходзілі дома. Калі трэба было, збіраліся і вялікія калегіі ў самім універсітэце. Але лічыцца, што фармальна заняткі ў той час не праводзіліся.

    Вялікая верагоднасць таго, што ён усё ж не вучыўся ў Падуі. Найноўшыя даследаванні паказваюць, што Скарына мог трапіць туды па дарозе ў Рым на Пяты Латэранскі сабор. Але сцвярджаць гэта дакладна мы не можам.

    — Аднак тое, што ён абараніў там доктарскую дысертацыю...

    — Гэта дакладна. Існуе шмат сведчанняў таму, дакументаў. Напрыклад, аб праходжанні папярэдняга слухання, дзе было вынесена рашэнне дапусціць яго да экзаменаў. І пратакол першых экзаменаў. Ёсць нават звесткі пра тое, хто ўваходзіў у склад калегіі. Гэта вельмі паважаныя людзі: адзін з кардыналаў, кіраўнік гістарычнага факультэта, вядомыя царкоўныя і свецкія вучоныя таго часу. Так што гэта была вялікая афіцыйная акцыя — толькі заслухоўванне выступлення Скарыны з дыскусіяй працягвалася некалькі дзён.

    Абарона дысертацыі тады адрознівалася ад сучаснай. Гэта быў фактычна дыспут. Скарына адказваў на рознага кшталту пытанні прафесуры, звязаныя з медыцынскай дзейнасцю, і паказваў сваю эрудзіраванасць і дасведчанасць. Фактычна павінен быў ведаць усё тое, што ведала на той час медыцынская навука.

    Па выніках экзаменаў ён быў названы добра адукаваным, надзвычай эрудзіраваным і разумным чалавекам, дасведчаным у пытаннях медыцыны. І аднагалосна абвешчаны доктарам медыцыны і доктарскіх навук.

    І сёння яго партрэт вісіць у так званай Зале сарака Падуанскага ўніверсітэта, дзе прадстаўлены партрэты самых вядомых выпускнікоў гэтай навучальнай установы. Партрэт вісіць побач з кафедрай Галілея, за якой той выступаў са сваімі лекцыямі. Ёсць там і шыльда, прысвечаная Скарыну.

    — Але адкрыцці ў сферы вывучэння спадчыны Скарыны ўсё ж здараюцца?

    — На жаль, іх няшмат. Трэба разумець, што яшчэ сто гадоў таму пра Скарыну ў Беларусі амаль нічога не ведалі. Па-другое, недаапрацаванымі дагэтуль застаюцца архівы многіх краін, з якімі быў звязаны лёс першадрукара. Па-трэцяе, мы яшчэ недастаткова ангажыравалі ў гэтую тэму замежных даследчыкаў.

    Але цікавае ўсё ж адбываецца. Самае важнае — гэта тое, што мы паспрабавалі нарэшце ўлічыць усю спадчыну Скарыны, якая ёсць у свеце. Дагэтуль размовы пра колькасць яго выданняў ішлі даволі ўмоўна. А сёння мы гэтую працу, можна сказаць, ужо завяршылі, апрацавалі і ўлічылі дзяржаўныя зборы замежных краін, Беларусі, а таксама часткова прыватныя зборы. У выніку зараз нам вядомыя 520 экзэмпляраў кніг Скарыны.

    Другое з найбольш істотнага — мы актыўна пераводзім у лічбавы фармат яго кнігі. Ужо атрымалі сканы прыкладна 200 лічбавых копій. Іх можа пабачыць кожны даследчык. І кожная з іх цікавая. Не толькі самі кнігі, але і пазнакі на палях. Як чыталі? Што падкрэслівалі? Гэта адкрывае новыя грані для даследаванняў.

    Ёсць шматлікія рукапісныя копіі выданняў Скарыны, якія часам адрозніваюцца ад арыгінала. Напрыклад, рукапісная копія можа дапаўняць страчаныя часткі друкаванага арыгінала. Часам у рукапісных копіях аўтары дадавалі каментарыі, акрамя скарынаўскіх.

    Дарэчы, у рукапісных копіях захавалася некалькі кніг Скарыны, якія ў друкаваным выглядзе да нас не дайшлі. Напрыклад, у Львове ў Ануфрыеўскім манастыры ў свой час знойдзены Біблейскі звод рукапісаў, копіі Бібліі, якія, як аказалася пасля вывучэння, былі зроблены з выданняў Скарыны, у тым ліку некалькіх кніг, невядомых нам дагэтуль па друкаваных выданнях. Была нават спрэчка: ці гэта рукапіс, па якім рыхтавалася скарынаўскае выданне, з якога маглі рабіць набор тэксту ў друкарні, альбо рукапісная копія ўжо надрукаванай кнігі? Акрамя рукапісных спісаў яго пражскіх выданняў, там былі копіі старазапаветных кніг: Параліпаменан, Кніга Ездры, Кніга Товіі і кнігі некаторых прарокаў. Так што могуць існаваць і іншыя кнігі.

    — Ці можа раптам знайсціся іх друкаваны варыянт?

    — Вядома, можа. Час ад часу такое здараецца. Той жа Псалтыр, першая кніга Скарыны, знойдзены даволі позна, у другой палове XIX стагоддзя. Першыя даследчыкі пра яго не ведалі.

    — З’явіліся новыя гіпотэзы, якія дазваляюць прынцыпова інакш паглядзець на асобу Францыска Скарыны.

    — Калі не казаць пра фантазіі, якіх заўжды хапае, можна адзначыць накалькі гіпотэз, заснаваных на дакументах. Яны не даказаныя, але рэалістычныя. Напрыклад, пра магчымы ўдзел Скарыны ў Пятым Латэранскім саборы 1512 года ў статусе каралеўскага сакратара Даніі.

    — Чула, што асабіста вы таксама маеце дачыненне да адной з гіпотэз.

    — Яна заключаецца ў тым, што Скарына, магчыма, быў... шпіёнам, своеасаблівым Джэймсам Бондам свайго часу.

    Па-першае, ён быў дзяржаўным сакратаром у некалькіх краінах свету. Сама па сабе гэтая сітуацыя ўжо неверагодная. Бо, працуючы сакратаром пры першай асобе, чалавек можа ведаць вялікую колькасць дзяржаўных сакрэтаў. Але ён быў сакратаром дацкага караля, пры двары чэшскага караля, сакратаром біскупа Яна, своеасаблівага “шэрага кардынала”, які рэальна кіраваў ВКЛ замест Жыгімонта.

    Акрамя таго, існуюць рэальныя гісторыі, якія патлумачыць можна бадай толькі тым, што ён сапраўды быў шпіёнам. Адна з іх звязана з Кёнігсбергам. У 1530 годзе Францыск Скарына едзе ў Прускае герцагства да вялікага князя Альбрэхта Брандэнбургскага, уладкоўваецца да яго, пэўны час славіцца там сваімі вялікімі дасягненнямі і ведамі, але вельмі хутка з’язджае ў ВКЛ з ахоўнымі дакументамі прускага герцага. У дакументах да кіраўніцтва Вільні Альбрэхт усхваляе веды і эрудыцыю Скарыны, яго здольнасці, звяртаецца з просьбай дапамагчы ў вырашэнні яго праблем і спадзяецца на хуткае вяртанне Скарыны, на якога ён ускладае вялікія надзеі.

    Але ўжо праз два тыдні Альбрэхт піша тым жа адрасатам ужо іншыя лісты. Пра тое, што Скарыну не толькі таемна звёз каралеўскага друкара і каралеўскага лекара. Просіць пакараць яго і вярнуць украдзеных людзей. Але Скарына пры гэтым нікуды не хаваецца, працягвае працаваць і адчувае сябе вельмі нядрэнна.

    Даследчыкі не маглі ніяк растлумачыць гэтую сітуацыю. На мой погляд, гэта была добра спланаваная акцыя па дыверсіі супраць іншай краіны, моцнай і страшнай.

    Прусія таго часу — класічны вораг ВКЛ. Гэта краіна, якая існуе толькі пяць гадоў. Да гэтага быў Тэўтонскі ордэн — самы страшны вораг ВКЛ, узгадаць хаця б Грунвальдскую бітву. І толькі ў 1525 годзе Альбрэхт згадзіўся на прымірэнне, але ўзамен патрабаваў прызнаць Прусію як свецкую дзяржаву. Жыгімонт прызнаў, мір усталяваўся, але экспансію Прусія не спыніла. Яна стварала вялікую эканамічную канкурэнцыю ВКЛ, а таксама праводзіла рэлігійную прапаганду.

    Альбрэхт вызначыў сваю краіну як пратэстанцкую, афіцыйна перавёў усе справы ў ёй на пратэстанцкія рэйкі: запрасіў пратэстанцкіх асветнікаў, перарабіў каталіцкія касцёлы ў пратэстанцкія храмы, пачаў актыўную прапаганду, стварыў універсітэт, заснаваў друкарню. Гэта магло дазволіць яму ўплываць сваімі поглядамі на грамадзян ВКЛ і Польшчы. Гэта пэўна многім не падабалася, асабліва біскупу віленскаму Яну, пазашлюбнаму сыну караля і аднаму з неафіцыйных кіраўнікоў ВКЛ, у якога Скарына служыў сакратаром.

    Чаму Яну не заслаць у Прусію свайго разумнага сакратара? Той уваходзіць у блізкае кола прускага двара, яму пачынаюць давяраць. І ў выніку ён вывозіць каралеўскага друкара, чым аслабляе пратэстанцкую агітацыю, і ў Прусіі на пэўны перыяд кнігадрукаванне сапраўды прыціхае. Таксама ён вывозіць каралеўскага лекара, чым стварае эпідэміялагічную пагрозу, бо ў той час там была страшэнная эпідэмія англійскай гарачкі. Людзі паміралі, у тым ліку і члены каралеўскай сям’і. Альбрэхт некалькі гадоў шукаў спецыяліста, які мог бы спыніць эпідэмію, нарэшце знайшоў, але Скарына яго звозіць, ствараючы эпідэміялагічную пагрозу. Чым не добра спланаваная дыверсія? Можа, у гэтую гіпотэзу цяжка паверыць, але яна даволі жыццядзейная.

    — Але для нашчадкаў Скарына ўсё ж першадрукар і асветнік. І сёлета, калі беларускае кнігадрукаванне адлічыла паўтысячы гадоў, мы неаднойчы звернемся да яго спадчыны.

    — Старт шэрагу мерапрыемстваў у гонар Скарыны і кнігадрукавання дадзены на Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы. Але ў гэтым годзе нас чакае шмат чаго цікавага. Самае вялікае навуковае мерапрыемства — гэта міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, які пройдзе ў верасні, свой удзел у ім ужо пацвердзілі прадстаўнікі больш як 50 краін свету. А самае значнае мерапрыемства — міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха” — адкрыецца 14 верасня і будзе працаваць да канца года ў Нацыянальнай бібліятэцы на плошчы амаль 1,5 тысячы квадратных метраў. Прэзентацыя выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” стартуе ў маі ў Мінску, а пасля распаўсюдзіцца па ўсёй краіне, паколькі факсімільныя выданні будуць перададзены ў кожны яе раён. І яшчэ цэлы шэраг выдавецкіх, культурных, навуковых ініцыятыў.

    Дарэчы, урачыстасці пройдуць не толькі ў Беларусі. Францыск Скарына — асоба сусветнага маштабу. На мінулым тыдні праходзіла Віленская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у межах якой прайшла ўрачыстасць “Свята Францыска Скарыны ў Вільні”. За выставай адбылася другая штогадовая міжнародная канферэнцыя “Беларускія даследаванні ў XXI стагоддзі” ў Лондане, з якой пачаўся цэлы комплекс такіх акцый па ўсёй Еўропе. Далей было вялікае ўрачыстае мерапрыемства ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане, а пасля ў Кембрыджы, дзе, як і ў Брытанскай бібліятэцы, захоўваецца адна з кніг Скарыны. Дарэчы, лічбавую копію свайго скарынаўскага выдання яны таксама перадалі нам.

    Шмат чаго пройдзе ў Расіі: у Санкт-Пецярбургу, дзе захоўваецца адна з найбуйнейшых у свеце калекцый кніг Скарыны, іншых гарадах. Традыцыйныя Румянцаўскія чытанні Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі прысвецяць менавіта Францыску Скарыну. Адна з сесій Сусветнага бібліятэчнага кангрэса, які сёлета пройдзе ва Уроцлаве, таксама. Ва Украіне, Латвіі, Эстоніі, Польшчы — амаль ва ўсіх краінах Еўропы, у штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы, штаб-кватэры ААН у Швейцарыі і нават у ЗША нагадаюць пра Скарыну. Найбуйнейшыя замежныя праекты арганізуюць у гарадах, якія звязаны з дзейнасцю Францыска Скарыны: Празе і Падуі. Дарэчы, у Італіі ўрачыстасці распачаліся загадзя: напрыканцы мінулага года на базе Цэнтральнай нацыянальнай бібліятэкі Рыма і Ватыканскай апостальскай бібліятэкі. І ўсё гэта яшчэ раз даказвае значнасць спадчыны Францыска Скарыны не толькі для беларусаў і славян, але і ўсёй сусветнай супольнасці.

    Автор: Юлия БОЛЬШАКОВАСельская газета

Комментарии (0)