25 Апреля, 2024 Четверг

А ў нас Масленіца!

  • 02 марта 2017 Культура Беларуская 0

    Як толькі не клічуць Масленіцу ў народзе: і вясёленькая, і баярыня. Сем дзён, ажно да Даравальнай нядзелі, галоўнай стравай на стале былі бліны – са шкваркамі, са смятанай, з варэннем, маслам.

    У апошнюю нядзелю лютага на цэнтральную плошчу Свіслачы прыйшлі людзі рознага ўзросту, каб развітацца з Зімой. Прыйшлі самыя стойкія, бо Зіма ўпарта не хацела адыходзіць і сустрэла ўсіх халодным надвор’ем. Але пранізлівы вецер не спалохаў тых, хто прысутнічаў на свяце “Як Зіма з Вясной сустракаюцца”.

    Вельмі шматлюдна было на плошчы, дзе размяшчалася «Блінная карчма». Усім, вядома, хацелася паспрабаваць прысмакаў, прыгатаваныя рукамі руплівых гаспадынек. Сваё кухоннае майстэрства прадставілі ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзве свіслацкія школы і гімназія № 1 імя К. Каліноўскага, яслі-сад № 2 і УЗ “Свіслацкая ЦРБ”. 

    Акрамя прысмакаў, вырабленых загадзя, удзельнікам было прапанавана паспаборнічаць за званне “Лепшы блінапёк”. Ну і, канешне, як жа было не вызначыць на свяце Масленіцы “Вялікага любіцеля бліноў”. Па выніках трох конкурсаў журы прысудзіла першае месца гаспадыням са Свіслацкай цэнтральнай раённай бальніцы. На другім – яслі-сад № 2, на трэцім – сярэдняя школа № 3 г. Свіслач. За прыгожую прэзентацыю і афармленне былі адзначаны “блінныя карчмы” ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    На конкурсе лесарубаў спрабавалі свае сілы мужчыны з лясніцтва, Свіслацкага раёна электрычных сетак, РУП ЖКГ, Свіслацкага філіяла “Гроднааблпаліва” і Свіслацкага РАНС. Лепшы вынік паказалі удзельнікі з каманды Свіслацкага РУП ЖКГ.

    Цэнныя ўзнагароды ўручыў удзельнікам свята намеснік старшыні райвыканкама І. І. Варанец. 

    Забаўлялі свіслачан і гасцей горада народны тэатр-студыя гульні “Карагод” і работніцы Ціхавольскага сельскага філіяла-клуба. Весялілі народ, дарылі песні і прыпеўкі артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, творчыя калектывы раёна. Адбыўся конкурс на лепшую масленічную ляльку. Удзел у ім прынялі амаль усе арганізацыі і прадпрыемствы горада. Лепшай журы прызнала ляльку Свіслацкага раёна газазабеспячэння. Другое месца падзялілі Свіслацкая дзіцячая школа мастацтваў і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а трэцяе – яслі-сад № 2 і Свіслацкае ПМС.

    Быў наладжаны гандаль рознымі стравамі і прысмакамі, гарачым чаем, сувенірамі, а для самых актыўных аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падрыхтаваў спартыўныя спаборніцтвы. Найбольш спрытныя спрабавалі сілы на “Свіслацкім слупе”, іншыя правяралі ўдачу каля “Чароўнага калодзежа”.

    Масленіца прайшла весела, шумна, з гульнямі і забавамі. Работнікі культуры падрыхтавалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне, забаўляльныя конкурсы і віктарыны. Напрыканцы свята па традыцыі  было спалена пудзіла Зімы.

    Автор: Ігар БАЯРКІНСвіслацкая газета

Комментарии (0)